Аддзяленне медыцынскіх навук НАН Беларусі — каардынацыйны цэнтр медыцынскай навукі ў Беларусі. Створана ў 1995 годзе пад назвай Аддзяленне медыка-біялагічных навук АН Беларусі. Сучасную назву мае з 2003 года.
Медыцынскія даследаванні ў Беларускай акадэміі навук вядомы з 1930-х гг.: Інстытут псіханеўралогіі, Інстытут эксперыментальнай фізіялогіі (Інстытут тэарэтычный і клінічнай медыцыны ў 1940—1947 гг., Інстытут тэарэтычнай медыцыны ў 1947—1953 гг.), Медыцынскі навукова-даследчы кабінет. З 1936 г. названыя інстытуты ўвайшлі ў склад Аддзялення матэматычных і прыродазнаўчых навук, а у выніку падзелу апошняга ў 1940 г. — у складзе Аддзялення прыродазнаўчых і сельскагаспадарчых навук АН БССР.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны, у 1947 Аддзяленне прыродазнаўчых і сельскагаспадарчых навук АН БССР было рэарганізавана ў Аддзяленне біялагічных, сельскагаспадарчых і медыцынскіх навук АН БССР. У яго складзе быў адноўлены толькі Інстытут тэарэтычнай медыцыны, дзе і сканцэнтраваліся ўсе медыцынскія даследаванні ў Акадэміі. У 1953 названы Інстытут быў пераўтвораны ў Інстытут фізіялогіі АН БССР. Інстытут імкліва развіваўся, і ў 1962, калі аддзяленне было падзелена на Аддзяленне біялагічных і медыцынскіх навук і Аддзяленне сельскаспадарчых навук, навукоўцы паслалі хадайніцтва у Савет Міністраў БССР з запытам дазволу стварыць Інстытут эксперыментальнай медыцыны. Хадайніцтва не было задаволена. Тым не менш, Пастановай Прэзідыума АН БССР у 1958 годзе быў створаны Сектар геранталогіі АН БССР, а ў 1970 у Гродне быў створаны Аддзел рэгуляцыі абмену рэчываў АН БССР.
З 1963 па 1995 медыцынскія даследаванні ў Акадэміі канцэнтраваліся ў Аддзяленні біялагічных навук. Значная ўвага стала ўдзяляцца пытанням каардынацыі навуковай дзейнасці ўстаноў Рэспублікі па праблемах фундаментальных даследаванняў. Так, у 1991 Аддзяленне біялагічных навук разгледзела пытанне аб перспектывах стварэння ў Акадэміі самастойнага Аддзялення медыка-біялагічных праблем[1].
Намаганні Аддзялення біялагічных навук заўважыў Прэзідыум Акадэміі і ўключыў асобным пытаннем у парадак сесіі 24-25 сакавіка 1992 г. пытанне аб утварэнні Аддзялення праблем медыцыны Акадэміі навук Беларусі[2].
Згодна Пастанове Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 861 ад 23 снежня 1993 года павінна была быць створана Акадэмія медыцынскіх навук Беларусі.
У 1995 годзе была завершана работа па стварэнні ў Акадэміі Аддзялення медыка-біялагічных навук. Устаноўчы сход членаў Аддзялення адбыўся ў сакавіку таго ж года. 23-24 сакавіка адбылася сесія Агульнага сходу Акадэміі навук Беларусі, на якім акадэмік Валерый Мікалаевіч Гурын быў зацверджаны акадэмікам-сакратаром названага аддзялення. У склад Аддзялення ўвайшлі:
У 2003 годзе аддзяленне было пераўтворана ў Аддзяленне медыцынскіх навук НАН Беларусі.