Уша́чы[2] (афіц. транс.: Ušačy), мясцовае: Вуша́ча — гарадскі пасёлак у Віцебскай вобласці Беларусі, цэнтр Ушацкага раёна, на р. Ушача. За 150 км на захад ад Віцебска і 36 км ад чыгуначнай станцыі Лепель. Вузел аўтамабільных дарог на Мінск, Віцебск, Полацк, Лепель, Глыбокае, Докшыцы. На заходняй ускраіне пасёлка возера Чаравечае. Насельніцтва 5 948 чал. (2017)[3].
У 2011 годзе ў склад пасёлка ўвайшлі вёскі Гарадок і Пралетарый[4].
Вядомыя з 16 ст. Належылі полацкаму стольніку Ю. Кляноўскаму, з 1672 года — Д. Радзімінскаму-Францкевічу, Шчытам, затым Плятэрам. У 1716 годзе падваявода полацкі В. Жаба заснаваў касцёл і дамініканскі кляштар з шпіталем і школай. З 1772 года галоўны горад часткі Полацкага ваяводства, якая засталася за ВКЛ пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай. У 1758 атрымалі магдэбургскае права.
Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772 г.) Ушачы сталі цэнтрам той часткі Полацкага ваяводства, што засталася ў Рэчы Паспалітай. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. як заштатны горад, мястэчка, цэнтр Лепельскага павета Ушачы ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі.
3 1805 г. яны — цэнтр воласці ў Віцебскай губерні. У 1846 г. у мястэчку 95 жыхароў, 22 двары. Тут быў вадзяны млын, стаялі 2 карчмы. У 1880 г. дзейнічалі вінакурны завод, млын, былі 2 царквы, касцёл, 18 крам, 3 яўрэйскія малітоўныя школы, з 1890 года працавала царкоўнапрыходская школа. Паводле перапісу 1897 г., у мястэчку 1268 жыхароў, 170 двароў, былі гарбарны і паташны заводы, млын, лячэбніца, аптэка, 16 крам, 8 шынкоў, заезныя дамы.
У 1919 годзе Ушачы знаходзіліся ў складзе РСФСР, у 1924 годзе ўвайшлі ў БССР і сталі цэнтрам Ушацкага раёна Полацкай, у 1935—38 гг. Лепельскай акруг. У 1938 годзе Ушачам нададзены статус гарадскога пасёлка Віцебскай вобласці. У 1941 годзе ў пасёлку было 2,7 тыс. жыхароў, 600 двароў.
У Вялікую Айчынную вайну 7 ліпеня 1941 года Ушачы акупіравалі нацысцкія захопнікі. Яны загубілі тут 735 чалавек. Ва Ушачах і раёне дзейнічала патрыятычнае падполле. У канцы верасня 1942 года партызаны разграмілі мясцовы варожы гарнізон і вызвалілі Ушацкі і суседнія з ім раёны ад гітлераўскіх захопнікаў. Была створана Полацка-Лепельская партызанская зона. У снежні 1943 г. — красавіку 1944 г. ва Ушачах дыслацыраваліся штабы Полацка-Лепельскай аператыўнай групы ЦК КП(б)Б і Беларускага штаба партызанскага руху, партызанскай брыгады імя В.Чапаева. Тут размяшчалася падпольная друкарня, дзейнічалі партызанскі тэлефонны вузел, электрастанцыя, лесазавод. 30 красавіка 1944 г. Ушачы былі захоплены гітлераўцамі. Вызвалены войскамі 1-га Прыбалтыйскага фронту 29 чэрвеня 1944 г.
3 1944 года Ушачы былі ў складзе Полацкай, з 1954 года — Віцебскай абласцей. У 1962—66 гг. уваходзілі ў Лепельскі раён.
У 1969 г. быў распрацаваны праект забудовы цэнтральнай часткі гарадскога пасёлка. У 1977 г. створаны генеральны план Ушачаў. З 1924 цэнтр раёна, з 27.9.1938 гарадскі пасёлак. У 1962—1966 у Лепельскім раёне.
Цэнтр пасёлка захаваў гістарычную планіроўку. Рака Ушача падзяляе пасёлак на 2 часткі. Левы бераг забудаваны пераважна індывідуальнымі дамамі сядзібнага тыпу. На правым беразе знаходзіцца адміністрацыйна-грамадскі цэнтр і асноўная жылая забудова. У цэнтры, які захаваў гістарычную планіроўку, пастаўлены 2—5-павярховыя дамы.
Прадпрыемствы лясной і дрэваапрацоўчай, лёгкай, харчовай прамысловасці. Вытворчая зона размешчана на паўднёвы ўсход ад пасёлка. Тут працуюць камунальнае унітарнае прадпрыемства «Ушацкі камбінат прамысловых тавараў», адкрытае акцыянернае таварыства «Ушацкі льнозавод», унітарнае вытворчае прадпрыемства «Ушацкі агароднінасушыльны завод» і інш.
Ёсць сярэдняя, дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, Цэнтр пазашкольнай работы з дзецьмі. Дзейнічаюць Дом культуры, 2 бібліятэкі, Дом рамёстваў, дзіцячая школа мастацтваў. Працуюць 9 калектываў аматарскай мастацкай творчасці, 2 народныя: клубы «Ветэран» і народных майстроў, 1 узорны — дзіцячы хор школы мастацтваў. Створаны Ушацкі музей народнай славы ім. В. Е. Лабанка.
Ва Ушачах пахаваны Народны паэт Беларусі Рыгор Іванавіч Барадулін (1935—2014).