Луко́мль[1] (трансліт.: Lukomĺ, руск.: Лукомль) — аграгарадок у Чашніцкім раёне Віцебскай вобласці, на рацэ Лукомцы. Уваходзіць у склад Лукомльскага сельсавета.
Лукомль — колішні горад і замак, цэнтр былога ўдзельнага княства. Знаходзіцца за 20 км на поўдзень ад Чашнікаў, за 5 км на поўнач ад Новалукомлю, на аўтамабільнай дарозе Р62.
Лукомль — адно з найстаражытнейшых паселішчаў на тэрыторыі Беларусі. Уяўленні аб жыцці старажытнага Лукомля даюць археалагічныя раскопкі, якія пачалі праводзіцца яшчэ ў XIX ст.
Упершыню Лукомль упамінаецца ў 1078 годзе ў павучанні кіеўскага князя Уладзіміра Манамаха ў сувязі з падзеямі, якія там адбываліся.
У XI—XIII стагоддзях Лукомскі замак служыў умацаваным жыллём буйнога феадала і ўваходзіў у склад Полацкага княства. У другой палове XIII — пачатку XIV ст. Лукомль увайшоў у склад Вялікага Княства Літоўскага. Узрастанне ролі Лукомля фіксуецца з канца XIV ст.
У сувязі з тым, што Лукомскае княства знаходзілася ў прыгранічнай частцы ВКЛ, яно неаднойчы падвяргалася нападам ворагаў. Асаблівыя страты і разбурэнні здараліся ў гады Лівонскай вайны. Так, у 1563 годзе рускія войскі амаль ушчэнт разбурылі Лукомль, зруйнавалі Лукомскі замак і забралі шмат яго жыхароў у палон. Лукомскі замак больш не ўзнаўляўся.
З цягам часу ў выніку складанай гісторыі Лукомскага княства, войнаў і міжусобнай барацьбы яно часта разбуралася, нішчыліся яго здабыткі, і ў выніку былы горад ВКЛ ператварыўся ў мястэчка, пазней — у вёску. У 1812 годзе Лукомль пацярпеў ад французскіх і рускіх войск. 11 лістапада 1812 года ў Лукомлі начаваў граф генерал П. Х. Вітгенштэйн, які праследаваў адступаючых французаў. У 1882 годзе ў Лукомлі пражывалі 591 мужчына і 567 жанчын. У той час Лукомль належаў генералу Храпавіцкаму. Апошнім уладальнікам Лукомля быў памешчык Мілаш.
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Лукомлі было 220 двароў, 750 жыхароў. Тройчы вёска падвяргалася знішчэнню. У Германію адпраўлены 22 чалавекі, 16 вярнуліся дадому. Жудаснай трагедыяй стаў расстрэл 347 жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці.
У кастрычніку 1943 года Сенненская партызанская брыгада разграміла нямецкі гарнізон у Лукомлі.
На цяперашні час аграгарадок Лукомль — цэнтр Лукомскага сельсавета і саўгаса «Лукомскі». На 1 студзеня 2005 года ў ім пастаянна пражывае 471 жыхар. У Лукомлі ёсць сярэдняя школа, дзіцячы садок, клуб, бібліятэка.