Зарасай (літ.: Zarasai, традыцыйная беларуская назва — Езяро́сы[1]) — горад у паўночнай Літве, на мяжы з Латвіяй. Знаходзіцца за 49 км ад Уцяны. Горад з’яўляецца адміністрацыйным цэнтрам Зарасайскага раёна. З 1836 да 1918 года горад меў назву Новааляксандраўск. Вакол горада размяшчаюцца некалькі азёр (Зараса, Зарасайта і інш.). Праз Зарасай праходзіць шаша Каўнас — Даўгаўпілс. За 18 км знаходзіцца чыгуначная станцыя Турмонты. Насельніцтва горада налічвае каля 8 тыс. чалавек. Зарасай адносіцца да этнаграфічнага рэгіёна Аўкштота.
Першы пісьмовы ўcпамін пра Езяросы як уладанне Віленскага біскупства датуецца 1522 годам, калі пры тутэйшым касцёле заснавалі алтарыю. У 1530 годзе біскуп віленскі Ян з княжатаў літоўскіх дадаткова надаў плябаніі ў Езяросах зямлю і сялян. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў яны ўвайшлі ў склад Браслаўскага павета Віленскага ваяводства.
У 1610 годзе з фундацыі караля і вялікага князя Жыгімонта Вазы ў Езяросах збудавалі новы драўляны касцёл. На Радзівілаўскай карце 1613 года паселішча значыцца як мястэчка. На 1631 год тут было 22 дымы. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) мястэчка зруйнавалі маскоўскія захопнікі (у 1674 годзе адноўлены касцёл). На 1669 год у Езяросах было 34 дымы, карчма, 5 вуліц. У часы Вялікай Паўночнай вайны мястэчка зноў значна пацярпела.
З пачатку XVIII стагоддзя ў ваколіцах Езяросаў пачалі сяліцца стараверы з Маскоўскай дзяржавы. У другой палове XVIII стагоддзя ў мястэчку адкрылася школа. На 1721 і 1739 гады ў Езяросах было 17 дымоў, на 1772 год — 21 дым, на 1790 год — 47 дымоў[2].
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Езяросы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі. Па адкрыцці ў 1836 годзе шашы Коўна — Дзвінск расійскія ўлады змянілі назву горада на Новааляксандраўск, сюды перанеслі адміністрацыйны цэнтр Браслаўскага павета. У 1842 годзе ўтварыўся асобны Новааляксандраўскі павет у складзе Ковенскай губерні. На 1857 год у горадзе было 8 мураваных і 155 драўляных будынкаў.
У часы Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе Езяросы занялі войскі Германскай імперыі.
1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі Езяросы ўвайшлі ў склад Беларускай ССР[3]. Пасля польска-літоўскіх баёў і падпісання пагаднення паміж міжваеннай Польскай Рэспублікай і Літвой у 1919 годзе яны апынуліся ў складзе Літвы. Новыя ўлады палічылі традыцыйную назву паселішча за паланізм і сканструявалі новую — літ.: Ežerėnai (Эжарэнай; ад літ.: ežeras — возера), якую аднак па працяглых дыскусіях у 1929 годзе змянілі на літ.: Zarasai (Зарасай).
2 жніўня 1946 года Зарасай атрымаў статус горада. У 1996 годзе афіцыйна зацвердзілі гарадскі герб.