wd wp Пошук:

Вялікі гістарычны атлас Беларусі

Вялі́кі гістары́чны а́тлас Белару́сі — шматтомны атлас на беларускай мове, які прысвечаны гісторыі Рэспублікі Беларусь. Атлас складзены і падрыхтаваны Рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам «Белкартаграфія» Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь. Навукова-метадычную дапамогу ў распрацоўцы Атласа аказалі Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Дэпартамент па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

Бібліяграфія

  1. Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 3 т. Т. 1 / [рэд. Л.У. Шклярэвіч]. — Мінск: Белкартаграфія, 2009. — 244, [3] с., іл. ISBN 978-985-508-060-3.
  2. Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 2 / [рэд. Г.П. Ляхава, Ю.М. Несцяроўская, Т.М. Пракаповіч]. — Мінск: Белкартаграфія, 2013. — 347, [4] с., іл. ISBN 978-985-508-245-4.
  3. Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 3 / [рэд. В.Л. Насевіч]. — Мінск: Белкартаграфія, 2016. — 352 с., іл. ISBN 978-985-508-298-0.
  4. Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4 / [рэд. В.Л. Насевіч]. — Мінск: Белкартаграфія, 2018. — 270 с., іл. ISBN 978-985-508-476-2.

Першы том асвятляе перыяд ад з’яўлення чалавека на беларускіх землях і да 1569 года, калі ў выніку Люблінскай уніі беларускія землі ўвайшлі ў склад Рэчы Паспалітай.

У выданні прадстаўлены 67 гістарычных карт, якія адлюстроўваюць гісторыю не толькі Беларусі, але і ўсяго ўсходнееўрапейскага рэгіёна. Нароўні з гэтым прысутнічаюць карты асобных рэгіёнаў, планы гарадоў, схемы ваенных бітваў, буйнамаштабная Генеральная карта «Беларускія землі ў ХVІ стагоддзі», рэпрадукцыі 22 старажытных карт. Утрыманне дапоўнена 7 тлумачальнымі нарысамі, ілюстрацыямі і гісторыка-геаграфічным паказальнікам да Генеральнай карты.

Планавалася, што другі том выйдзе ў 2012 годзе, але адбылося гэта толькі ў 2013 годзе. Ён ахоплівае больш чым два стагоддзі існавання Вялікага Княства Літоўскага ў складзе Рэчы Паспалітай (15691795): ад Люблінскай уніі да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай.

Першапачаткова планаваліся да выдання толькі тры тамы, але падчас працы быў сабраны багаты гістарычны і картаграфічны матэрыял, таму з’явілася неабходнасць падзяліць другі том і адбіць у ім больш падрабязна перыяд да 1795 года. Адпаведна, трэці том гістарычнага атласа, які ўбачыў свет у 2015 годзе, уключае перыяд да 1917-га, чацвёрты (2018) — савецкі перыяд і гісторыю незалежнай Рэспублікі Беларусь[1].

21 лістапада 2018 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі быў прэзентаваны чацвёрты том[2].

Ацэнкі

У 2010 годзе ў часопісе «ARCHE» (№6, с. 298—322) была змешчана рэцэнзія Алега Латышонка і Генадзя Семянчука на першы том атласа[3]. У ёй звяртаецца ўвага на вялікую колькасць дапушчаных гістарычных памылак. Таксама адзначаецца, што ў выданні недастаткова ўвагі надаецца тэрыторыі Падляшша, Смаленшчыны, Браншчыны, Віленшчыны, колішніх Невельскага, Себежскага і Суражскага паветаў. Гэтыя тэрыторыі часткова ці зусім не адлюстраваныя на генеральнай карце «Беларускія землі ў XVI ст.»[4] Пры гэтым галоўны рэдактар атласа Вячаслаў Насевіч прызнае, што аўтары свядома пакінулі па-за ўвагай атласа прылеглыя абшары Беларусі, якія населены этнічнымі беларусамі[5].

У 2013 годзе кандыдат гістарычных навук Яўген Анішчанка напісаў адкрыты ліст «Жульніцтва за картамі». У ім ён падрабязна апісаў працэс стварэння Генеральнай карты «Беларускія землі ў канцы XVIII ст.» да другога тома выдання. З яго слоў атрымліваецца, што Вячаслаў Насевіч у выніку прысвоіў калектыўную працу і тым самым парушыў афіцыйны дагавор наконт аўтарскага права. У сувязі з гэтым у знак пратэсту Анішчанка адмовіўся атрымліваць апошні ганарар[6].

Зноскі

  1. Другі том «Вялікага гістарычнага атласа Беларусі» будзе выдадзены ў 2012 годзе(нявызн.). Грамадства. Беларускае тэлеграфнае агенцтва (21 лютага 2012). Праверана 2 чэрвеня 2012.
  2. «Вялікі гістарычны атлас Беларусі» презентовали в Национальной библиотеке(руск.)  // БелТА
  3. А. Латышонак, Г. Семянчук. Марныя высілкі акадэмічных гісторыкаў
  4. Некалькі разважанняў з нагоды рэцэнзіі Алега Латышонка і Генадзя Семянчука
  5. Некалькі разважанняў з нагоды рэцэнзіі Алега Латышонка і Генадзя Семянчука / Вячаслаў Насевіч
  6. Жульніцтва за картамі / Яўген Анішчанка, 29.11.2013

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Кніжныя серыі
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Атласы
Катэгорыя·Беларускія энцыклапедыі