wd wp Пошук:

Дональд Трамп

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Трамп. Дональд Джон Трамп (англ.: Donald John Trump; нар. 14 чэрвеня 1946, Куінс, Нью-Ёрк, ЗША) — амерыканскі бізнесмен, медыямагнат, пісьменнік, палітык і 45-ы прэзідэнт ЗША з 20 студзеня 2017 па 20 студзеня 2021 года. Прэзідэнт «The Trump Organization», якая з’яўляецца асноўнай холдынгавай кампаніяй для яго нерухомасці і іншых бізнес-праектаў.

Біяграфія

Нарадзіўся і вырас у Нью-Ёрку, а ў 1968 годзе атрымаў ступень бакалаўра па эканоміцы ва Уортанскай школе бізнесу Пенсільванскага ўніверсітэта. Падчас вучобы ў каледжы працаваў на фірме свайго бацькі Фрэда Трампа, якая займалася нерухомасцю і будаўніцтвам. У 1971 годзе атрымаў кантроль над бізнесам і пазней перайменаваў яго на «The Trump Organization». Падчас сваёй кар’еры пабудаваў вялікую колькасць хмарачосаў, гасцініц, казіно, палёў для гольфа, а таксама іншых аб’ектаў у Паўночнай і Паўднёвай Амерыках, Еўропе і Азіі, многія з якіх названы ў яго гонар, напрыклад жылы комплекс «Trump Place» на Манхэтэне. Намагаўся стаць кандыдатам у прэзідэнты ад Партыі рэформаў на выбарах 2000 года, але зняўся да пачатку галасавання. Унесены ў спіс 500 самых заможных мільярдэраў свету часопіса «Форбс», ён, а таксама яго бізнес, асабістае жыццё і палітычныя погляды на працягу дзесяцігоддзяў шырока асвятляліся ў сродках масавай інфармацыі. З 2004 да 2015 года быў выканаўчым прадзюсарам і вядучым рэаліці-шоў «Вучань» (англ.: «The Apprentice») на тэлеканале NBC, за што атрымаў зорку на Галівудскай алеі славы. Меў некалькі камеа ў фільмах і тэлесерыялах, а таксама з’яўляўся на конкурсах прыгажосці «Міс ЗША», якім ён валодаў з 1996 да 2015 года.

Сааўтар кніг па пытаннях бізнэсу, стваральнік «Універсітэта Дональда Трампа». Асобныя яго творы ў перакладзе выдаваліся ў Мінску[7].

У чэрвені 2015 года абвясціў аб уступленні ў барацьбу за пасаду прэзідэнта ЗША ад Рэспубліканскай партыі і хутка стаў фаварытам на вылучэнне ў кандыдаты. У маі 2016 года яго апаненты па партыі прыпынілі свае перадвыбарныя кампаніі, а ў ліпені 2016 года ён быў афіцыйна вылучаны кандыдатам у прэзідэнты на Рэспубліканскай Нацыянальнай канвенцыі.

Прэзідэнцкая кампанія Трампа атрымала шырокае асвятленне ў СМІ і міжнародную ўвагу. Многія з яго заяў у інтэрв’ю, у твітэры і на мітынгах былі супярэчлівымі альбо непраўдзівымі. Некалькі яго мітынгаў суправаджаліся пратэстамі і беспарадкамі. Пазіцыі Трампа ўключаюць у сябе зніжэнне падаткаў, перагляд амерыкана-кітайскіх гандлёвых здзелак, супрацьдзеянне асобным гандлёвым пагадненням, такім як Трансціхаакіянскае партнёрства і НАФТА, узмацненне выканання законаў аб іміграцыі, у тым ліку будаўніцтва сцяны ўздоўж амерыкана-мексіканскай мяжы, рэформу апекі над ветэранамі, замену Закона аб ахове здароўя і абароне пацыентаў. Падчас праймерыз заклікаў да часовай забароны мусульманскай іміграцыі ў ЗША, але пасля таго, як афіцыйна стаў кандыдатам, змякчыў сваю пазіцыю, заявіўшы, што забарона будзе засяроджана на краінах з праверанай гісторыяй тэрарызму.

8 лістапада 2016 года пасля шэрагу скандалаў і жорсткіх дэбатаў з кандыдатам ад Дэмакратычнай партыі Хілары Клінтан перамог на прэзідэнцкіх выбарах, хаця фактычна атрымаў меншасць галасоў выбаршчыкаў[8].

Прэзідэнцтва

Заступіў на пасаду Прэзідэнта ЗША 20 студзеня 2017. Ужо 27 студзеня выдаў указ «Абарона нацыі ад уезду замежных тэрарыстаў у Злучаныя Штаты», якім абмежаваў уезд у ЗША для пэўных катэгорый асоб.

У маі 2018 года 18 кангрэсменаў-рэспубліканцаў падпісалі зварот у Нобелеўскі камітэт, у якім прапанавалі прысудзіць Трампу Нобелеўскую прэмію міру за намаганні, накіраваныя на вырашэнне карэйскага пытання. У снежні 2019 года Трамп стаў трэцім прэзідэнтам у гісторыі ЗША, якія падвергся імпічменту. Рашэнне было прынята з-за сур’ёзных абвінавачванняў у злоўжыванні ўладай і перашкодзе правасуддзю (так званы “Украінгейт”). Быў апраўданы Сенатам па абодвух абвінавачваннях.

Падчас сваёй адміністрацыі прызначыў трох суддзяў у Вярхоўны Суд: Ніла Горсача, Брэта Кавана, Эмі Коні Барэт.

На прэзідэнцкіх выбарах 2020 года саступіў дэмакрату Джо Байдэну. Не згадзіўся з паражэннем. Прыхільнікі Дональда Трампа ў ходзе пратэстаў з патрабаваннем прызнаць яго перамогу часова захапілі будынак Капітолію 6 студзеня 2021 года. Шматлікія дзяржаўныя дзеячы ЗША абвінавацілі яго ў падбухторванні да гвалту. Адзіны прэзідэнт у гісторыі ЗША, якому Палата прадстаўнікоў Кангрэса аб’яўляла імпічмент двойчы. 20 студзеня Дональд Трамп пакінуў Белы дом, яго прэзідэнцтва скончылася.

Зноскі

  1. Person Profile // Internet Movie Database — 1990. Праверана 15 кастрычніка 2015.
  2. 1 2 3 The Jamaica Hospital Certificate of Birth
  3. 1 2 3 4 Certificate of Birth Registration Праверана 26 лістапада 2016.
  4. Trump’s own Christian denomination defies him on immigration policyThe Guardian, 2016. Праверана 6 сакавіка 2016.
  5. https://www.sagaftra.org/sag-aftra-statement-donald-j-trump%E2%80%99s-resignation-union
  6. 1 2 (unspecified title) Праверана 4 сакавіка 2021.
  7. http://belisrael.info/?p=8403
  8. http://nashaniva.by/?c=ar&i=180233

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (17):
Катэгорыя·Мільярдэры ЗША
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Артыкулы са спасылкамі на Вікіцытатнік
Катэгорыя·Лаўрэаты прэміі «Залатая маліна»
Катэгорыя·Кандыдаты ў прэзідэнты ЗША (2020)
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Куінсе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1946 годзе
Катэгорыя·Чалавек года па версіі часопіса «Time»
Катэгорыя·Прэзідэнты ЗША
Катэгорыя·Кандыдаты ў прэзідэнты ЗША (2016)
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Прадпрымальнікі ЗША
Катэгорыя·Нарадзіліся 14 чэрвеня
Катэгорыя·Выпускнікі Пенсільванскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Чалавек года па версіі часопіса «Time»