wd wp Пошук:

BMW 328

BMW 328BMW 328 на ВікісховішчыАгульныя даныя

Вытворца: Bayerische Motoren Werke AG
Выпуск: 1936—1940
[Дызайн](/Дызайн "Дызайн")
Тып(ы) кузавы: родстар

BMW 328 — двухмясцовы спартыўны родстар BMW.

Адзін з найбольш паспяховых спартыўных аўтамабіляў свайго часу — пераможца мноства спаборніцтваў — кальцавых гонак і ралі. Усяго да пачатку Другой сусветнай вайны аўтамабіль прыняў удзел у 172 міжнародных і нацыянальных чэмпіянатах, заваяваўшы 141 перамогу[1], у тым ліку перамога ў 1000-кіламетровай гонцы Mille Miglia у 1938 і 1940 гадах, брытанскім ралі RAC ў 1939 і першае месца ў класе 24-гадзіннай гонцы ў Ле-Мане(руск.) бел..

Да пачатку вайны вырабілі ўсяго 464 аўтамабіляў BMW 328, большасць з якіх мелі адкрытыя спартыўныя кузавы, але былі і спецыяльныя варыянты, якія вырабляліся па заказах.

Гісторыя

Родстар BMW 328 1938 года, выгляд ззаду

Працы па стварэнні спартыўнага родстара пачаліся ў 1935 годзе. Навінка павінна была замяніць мадэль 319/1.

Дызайн гэтага аўто распрацоўваўся пад кіраўніцтвам Пятра Шыманоўскага. Тэхнічную частку ўзяў на сябе Фрыц Фідлер. Ён увёў у гэтую распрацоўку мноства новых ідэй, якія дазволілі BMW 328 не раз перамагаць у аўтагонках.

Аўтамабіль быў упершыню прадстаўлены на Міжнароднай гонцы Эйфеля на трасе Нюрбургрынг 14 чэрвеня 1936 года.

У 1936 годзе было пабудавана ўсяго тры BMW 328. Гэта былі гоначныя аўтамабілі, яны мелі палегчаны, пазбаўлены дзвярных праёмаў кузаў і суцэльнае ветравое шкло. Цалкам абсталяваныя для паўсядзённай эксплуатацыі аўтамабілі сталі даступныя толькі з пачаткам серыйнай вытворчасці ў лютым 1937 года.

Нягледзячы на досыць высокі па тых часах кошт у 7400 рэйхсмарак, пакупнікі гатовыя былі чакаць свае машыны па некалькі месяцаў.

Пачатак вайны прыводзіць да прыпынення выпуску аўтамабіляў. З красавіка 1936 па верасень 1939 года вырабілі ўсяго 464 аўтамабіля BMW 328, уключаючы шасі, перададзеныя розным кузаўным фірмам. Невялікая колькасць машын была сабрана з захаваных дэталяў ужо ў пасляваенныя гады.

Да 1939 года па ліцэнзіі з германскіх дэталяў аўтамабіль таксама збіраў брытанскі завод Frazer-Nash.

Спецыяльныя варыянты

BMW 328 Touring Coupe

Большасць з пабудаваных аўтамабіляў мела адкрытыя спартыўныя кузавы, але існавалі і спецыяльныя варыянты, якія вырабляліся па заказах. На шасі BMW 328 быў пабудаваны шэраг спецыяльных гоначных машын.

BMW 328 Mille Miglia

У 1940 годзе для гонкі Mille Miglia былі пабудаваныя пяць аўтамабіляў, названыя BMW 328MM.[2] Тры з іх мелі адкрытыя абцякальныя алюмініевыя кузавы на трубчастым каркасе. Дзве іншыя BMW 328 — закрытыя аэрадынамічныя купэ. Адно з іх было пабудавана пад наглядам Фідлера ў Мюнхене, іншае — кузаўным атэлье Touring у Мілане. Кузавы яшчэ двух родстараў былі створаны ў атэлье Carrozzeria Touring.

BMW 328 Bügelfalten

BMW 328 Mille Miglia "Bügelfalten"

У 1939 годзе для гонкі Mille Miglia быў пабудаваны BMW 328 Bügelfalten (нумар шасі 85032)[3]. Ад іншых BMW 328 пабудаваных да Mille Miglia ён адрозніваўся акцэнтаванымі рэбрамі ўздоўж пярэдніх і задніх крылаў, за што і атрымаў імя Bügelfalten (ням.: «стрэлкі на штанах»).

На Mille Miglia 1940 года экіпаж Ханса Венхера і Рудольфа Шольца пад нумарам 71 фінішаваў шостым.

Падчас Другой сусветнай вайны родстэр знаходзіўся ў валоданні Альберта Шпеера. Пасля вайны аўтамабіль трапіў у Савецкі Саюз у якасці трафея. З 1972 па 2001 год быў у валоданні калекцыянера з Рыгі. У маі 2010 года прададзены на аўкцыёне «Sporting Classics of Monaco»[4].

BMW 328 Berlin-Rom Touring Roadster

BMW 328 Berlin-Rom Touring Roadster

Для прабегу Берлін-Рым былі пабудаваныя спецыяльныя родстары — BMW 328 Berlin-Rom Touring Roadster. Працу над імі таксама вяло атэлье Carrozzeria Touring — у 1940 годзе шасі адправіліся ў Мілан. Працу скончылі толькі ў сакавіку 1941 года, але з-за вайны аўтамабіль не прымаў удзел у гонках.

Былі пабудаваны тры аўтамабіля. Пасля ўсе тры машыны лічыліся прапаўшымі без вестак. Адзін нібыта ў 50-х гадах апынуўся ў Злучаных Штатах. Другі сышоў. Трэці быў адноўлены.

BMW 328 Kamm Coupe

BMW 328 Kamm Coupe

Для ўдзелу ў гонцы Берлін-Рым, прызначанай на канец 1938 года, у Мюнхене быў запушчаны праект AM 1007 — купэ на базе BMW 328. Кузаў быў цалкам алюмініевым і мантаваўся на сталёвым трубчастым падрамніку, машына павінна была разганяцца да 230 км / г, але тэсты выявілі дрэнную кіравальнасць на высокай хуткасці і катастрафічную адчувальнасць да бакавога ветра. Праект закрылі, а сама гонка была адкладзеная.

Пасля праекту AM 1007 былі пачата распрацоўка новага аўтамабіля (AM 1008), названага ў гонар нямецкага піянера аэрадынамікі Вунібальда Камма — BMW 328 Kamm Coupe. У аснову было пакладзена ранейшае шасі, але з расцягнутай на 20 см колавай базай. Новы кузаў быў створаны пад кіраўніцтвам шэф-дызайнера BMW Вільгельма Меергубера. На шашы паміж Мюнхенам і Зальцбургам Kamm Coupe упершыню прадэманстраваў свае магчымасці — на тэстах аўтамабіль разганяўся да 230 км/г, але ў гонцы Mille Miglia 1940 BMW 328 Kamm Coupe сышоў з-за тэхнічных праблем.

Пасля вайны BMW 328 Kamm Coupe застаўся ў Германіі, былы дырэктар BMW па гонках Эрнст Леф набыў машыну для асабістага карыстання, але праз некалькі гадоў прадаў яе з-за цяжкага фінансавага становішча. У 1953[5] годзе аўтамабіль быў згублены ў выніку аварыі з удзелам яго новага ўладальніка. У 2010 годзе, да сямідзесяцігоддзя перамогі ў Mille Miglia, была зроблена дакладная копія аўтамабіля[5].

Дарожныя аўтамабілі

кабрыялет са скураным верхам фірмы Ludwig Weinberger, Музей Autostadt Wolfsburg
BMW 328 Wendler Coupe

Акрамя спартыўных варыянтаў, на базе BMW 328 існавалі і спецыяльныя варыянты дарожных аўтамабіляў. Фірмамі Wendler, Ludwig Weinberger і Gläser выпускаліся кабрыялеты са скураным верхам. У 1937—1938 гадах створаны кабрыялет BMW 328, дапрацаваны ў атэлье Vereinigte Werkstatten, — са стацыянарнай рамкай лэбавага шкла і іншым тэнтам. Кампаніяй Vereinigte Werkstatten у якасці опцыі прапаноўваўся здымны цвёрды верх[1].

У 1937 годзе для вядомага нямецкага прамыслоўцы Ганса Клеппера фірмай Wendler(ням.) бел. было пабудавана купэ па праекце дызайнера Райнгарда Кеніг-Фашэнфельда, вучня тагачаснага гуру аэрадынамікі прафесара Вунібальда Камма.

Існавалі BMW 328 з кузавам купэ працы атэлье Muller/Freiburg.

Канструкцыя

Тэхнічную частку аўтамабіля праектаваў таленавіты інжынер Фрыц Фідлер. Распрацоўку дызайну кузава часта прыпісваюць Пятру Шыманоўскаму[2][6].

прасторавая рама адной са спецверсій BMW 328 — BMW 328 Kamm Coupe

За аснову было ўзята шасі родстара BMW 319/1 узору 1935 года са сталёвай A-вобразнай рамай з труб авальнага перасеку пераменнага дыяметра (дыяметр змяншаецца ад цэнтра да краю, максімальны дыяметр трубы рамы — 90 мм). Рама была вырабленай з сплаву магнію і алюмінія. Дзве стальныя трубы сыходзіліся да носа і злучаліся папярочкамі прамавугольнага перасеку. На раму ўсталёўваліся элегантныя металічныя кузаўныя панэлі, якія мацуюцца да драўлянага каркасу[1].

Лёгкі кузаў дазволіў давесці масу аўтамабіля да 830 кілаграмаў, што спрыяльна адбілася на хуткасных характарыстыках машыны — максімальная хуткасць стандартнага родстара BMW 328 складала 150 кіламетраў у гадзіну. Складны тэнт, здымныя бакавыя вокны і багаж размяшчаліся ў задняй частцы кузава. Крышка багажніка адсутнічала, і доступ туды можна было атрымаць, адкінуўшы наперад спінкі сядзенняў.

Галоўнай асаблівасцю мадэлі быў 6-цыліндравы 2-літровы рухавік, вядомы па мадэлях 321 і 326, але для ўсталёўкі на BMW 328 магутнасць матора падвысілі з 50 да 80 к.с., што дало значны прырост хуткасці. Была спраектаваная новая алюмініевая галоўка цыліндраў з паўсферычнымі камерамі згарання са значна пашыранымі впускнымі і выпускнымі каналамі і V-вобразнай устаноўкай верхніх клапанаў (замест звычайнай паралельнай). Усё гэта дало магчымасць абысціся без выдаткаў на распрацоўку новага рухавіка.

Дзякуючы прымяненню трох карбюратараў і паўсферычнай камеры згарання пры ступені сціску 7,5:1 рухавік развіваў крутоўны момант 126 Нм.

Першапачаткова на аўтамабілі была ўжытая чатырохступеністая трансмісія ZF ад BMW 319/1, аднак на пазнейшых мадэлях выкарыстоўвалася скрынка перадач Hurth.

Падвеска пярэдніх колаў складалася з ніжніх папярочных рычагоў і верхняй рысоры, а задні наразрэзны мост з гіпоіднай перадачай падвешваўся на паўэліптычных рысорах. На аўтамабілі стаялі тармазы барабаннага тыпу з гідрапрывадам. Працоўная тармазная сістэма дзейнічала на ўсе чатыры колы. Ручны тормаз быў механічным, на заднія колы — з тросавым прывадам.

Маторны адсек BMW 328
Тэхнічныя характарыстыкі
Рухавік:Шасціцыліндравы, радны
Дыяметр х Ход поршня:66 × 96 мм
Аб'ём:1971 см³
Ступень сціску;7,5 : 1
Карбюратар:тры карбюратары Solex 30 JF
Магутнасць:59 кВ (80 к.с.) пры 5000 аб/хв
Ёмістасць паліўнага бака:50 літраў
Скрынка перадач:чатырохступеністая
Шасі:трубчастая прасторавая рама
Пярэдняя падвеска:Незалежная, на рычагах і папярочных рысорах
Задняя падвеска:З дзвюма падоўжнымі паўэлептычнымі рысорамі
Тормазы:барабанныя тормазы, гідраўлічныя (барабан дыяметрам 280 мм)
Колавая база:2400 мм
Каляіна:1153/1220 мм
Габарытныя памеры:3900 × 1550 × 1400 мм
Шыны:5.25 альбо 5.50-16
Сухая маса (без вадзіцеля):830 кг
Максімальная хуткасць:150 км/г

Спорт

BMW 328 дасягнуў выдатных спартыўных поспехаў у 1939-40 гадах. Ён выйграў гонкі «Mille Miglia», «24 гадзіны Ле-Ман», «Гран-Пры-Брэст», «24 гадзіны Франкошамп».

У 1936 годзе лёгкі двухмясцовы родстар упершыню выйшаў на трасу. 14 чэрвеня ў Нюрбургрынгу сусветны рэкардсмен-матацыкліст Эрнст Хенэ(ням.) бел. вывеў аўтамабіль на трасу. Нягледзячы на дажджлівы дзень, прататып усталяваў новы рэкорд трасы і прыйшоў да фінішу першым.

На рахунку гоначных версій BMW 328 мноства гонак, у тым ліку перамога ў 1000-кіламетровай гонцы Mille Miglia у 1938 і 1940 гадах, брытанскім ралі RAC ў 1939 і пяты вынік у агульным заліку (першы ў сваім класе) на 24-гадзіннай гонцы ў Ле-Мане.

BMW 328 «Mille Miglia», пабудаваны ў 1940 годзе, за рулём — Адольф Брудэс

Абсалютным трыумфам BMW 328 варта прызнаць гонкі «Mille Miglia» 1940 года, калі нямецкая каманда выступіла ў складзе чатырох экіпажаў: Ханштайна(ням.) бел. і Боймера(ням.) бел., Брудэса(ням.) бел. і Розэ(ням.) бел., Брыма і Рыхтэра, Венхера і Шольца, якія занялі адпаведна першае, трэцяе, пятае і шостае месцы. Перамогу на закрытай машыне атрымаў экіпаж Ханштайн/Боймер. Трэцімі былі Брудэс/Розэ на адкрытай версіі. Машына са стартавым нумарам 71 прыйшла да фінішу той гонкі шостай, яшчэ адзін родстар заняў пятае месца. Экіпаж Хашке фон Ханштайна і Вальтэра Боймера ўстанавіў рэкорд максімальнай сярэдняй хуткасці на трасе Mille Miglia, развіўшы 103 мілі ў гадзіну (пыкладна 166 км / г).

Ажно да 1950-х гадоў BMW 328 паспяхова ўдзульнічала ў міжнародных гонках. Пасля вайны BMW 328 Touring Coupe прымала ўдзел у гонках па ўздыме на груд у Ругештайнэ ў 1946 годзе[1]. Таксама, вядомы гоншчык Артур Розэнхаммер стварыў у прыгарадзе Берліна, невялікую фірму па адзінкавым вырабе на базе BMW 328 спартыўных і гоначных аўтамабіляў для гоншчыкаў ГДР[7].

У 1947 годзе Карл Клінг на BMW 328 Kamm Coupe змог дамагчыся перамогі на кальцавых гонках у Хакенхайме(руск.) бел..

Уплыў

Канструкцыя BMW 328 была вельмі паспяховай. Для свайго часу гэты аўтамабіль быў прарывам у аўтамабілебудаванні. Напрыклад, у гэтым аўтамабілі ўпершыню была ўжытая трубчастая рама і паўсферычныя камеры згарання рухавіка[8]. Дызайн BMW 328 азначыў шлях да цалкам абцякальнай формы кузава.

Пасля вайны, адзін з 328 Mille Miglia і тэхнічныя планы аўтамабіля былі выкарыстаны кампаніямі Bristol Aeroplane і Frazer Nash пры стварэнні сваіх аўтамабіляў. Угаварылі прыехаць таксама і інжынера BMW — Фрыца Фідлера(англ.) бел., які спраектуе ўдалую мадэль Bristol 400(англ.) бел. па матывах перадваенных аўтамабіляў BMW. Мадэрнізаваны рухавік BMW 328 выкарыстоўваўся на англійскіх аўтамабілях «Брысталь» (Bristol) і «Фрэзер-Нэш» (Frazer Nash).

Як мяркуюць аўтамабільныя гісторыкі, BMW 328 стаў стылістычным правобразам Jaguar XK120(англ.) бел.[2].

У 1999 годзе BMW 328 быў названы журналістамі ў ліку першых 25-ці ў конкурсе «Аўтамабіль стагоддзя».

Статыстыка

Усяго было выраблена 464 аўтамабіля BMW 328. З іх 403 — мелі стандартны кузаў родстар[9]. Выдаткі на распрацоўку і вытворчасць BMW 328 склалі ў агульнай колькасці 445.000 марак[1][10].

З пабудаваных асобнікаў BMW 328 — каля 200 захаваліся да нашага часу, з якіх каля 120 знаходзяцца ў Германіі[11].

Цікавыя факты

BMW 328 Junior

Французская кампанія Blanc Chateau выпускае паменшаную копію родстара, выкананую ў маштабе 6:10. Даўжыня крыху больш за два метра, а вага мадэлі ўсяго 152 кг.

Машына хоць і дзіцячая, але нягледзячы на паменшаныя памеры, — дзеючая і здольная паскарацца да 25 км / г. На аўтамабільчыку ўсталяваны чатырохтактны бензінавы рухавік Robin Subaru аб’ёмам 169 см³ і магутнасцю 6,5 к.с.

У рамках мерапрыемства Le Mans Classic Race пілоты ва ўзросце ад шасці да трынаццаці гадоў могуць прыняць удзел у гонцы Little Big Mans[12].

BMW 328 Hommage

У 2011 годзе, ў гонар 75-гадовага юбілею мадэлі BMW 328, канцэрн BMW Group пабудаваў канцэпт-кар BMW 328 Hommage[13].

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 Классик // Авторевю : часопіс. — 2008. — № 24. (руск.)
  2. 1 2 3 Хроника: BMW-328 // За рулём(руск.)
  3. “Bügelfalte” wird versteigert // Autobild Klassik (ням.)
  4. Sporting Classics of Monaco 2010 – Lot 297. 1937 BMW 328 Mille Miglia “Bügelfalte” // RM Sotheby’s (англ.)
  5. 1 2 BMW 328 Kamm Coupé: Wiedergeburt eines Mille Miglia-Klassikers // Autobild Klassik (ням.)
  6. http://www.avtomonitor.ru/autoworld/cars_old/27787/ Архівавана 5 сакавіка 2016. (руск.)
  7. http://www.nauka-avto.ru/vb/showthread.php?t=139 (руск.)
  8. http://www.online-bmw.ru/bmw3/328
  9. BMW 328 Roadster: Der Ursprung aller M-Modelle // FOCUS-Online (ням.)
  10. http://www.7-forum.com/news/75-Jahre-BMW-328-3953.html 75 год BMW 328 (ням.)
  11. http://www.cartype.com/pages/5514/bmw_328__1936 (англ.)
  12. http://cars-new.ru/bmw-328-collector.php Архівавана 13 лістапада 2017. (руск.)
  13. http://www.autoconsulting.com.ua/article.php?sid=20207 (руск.)

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Аўтамабілі BMW
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з рускай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Вікіпедыя·Добрыя артыкулы паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Добрыя артыкулы пра транспарт
Катэгорыя·Аўтамабілі паводле алфавіта