У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Ліневіч.
Яраслаў Львовіч Ліневіч (нар. 16 студзеня 1932, вёска Беліца, Навагрудскае ваяводства, Польская Рэспубліка) — савецкі і беларускі архітэктар. Заслужаны архітэктар БССР (1982). Галоўны архітэктар горада Мінска (1989—1994). Сапраўдны член Беларускага акадэмічнага цэнтра Міжнароднай акадэміі архітэктуры. Прафесар Маскоўскага аддзялення Міжнароднай акадэміі архітэктуры.
Яраслаў Ліневіч нарадзіўся 16 студзеня 1932 г. у вёсцы Беліца Навагрудскага ваяводства міжваеннай Польшчы, калі бацькі знаходзіліся ў гасцях у княгіні Трубяцкой. Бацька Леў Ліневіч быў адстаўным палкоўнікам расійскай імператарскай арміі. Маці належала да наваградскай шляхты. Сваё дзяцінства Яраслаў Ліневіч з бацькамі правёў у Шчучыне.
У 1950 г. скончыў Шчучынскую сярэднюю школу, а ў 1958 г. Беларускі палітэхнічны інстытут. У інстытуце пазнаёміўся з будучай жонкай Яўгеній.
З самага пачатку працоўнай дзейнасці займаўся гарадскім планіраваннем. У 1958—1962 гг. працаваў разам з жонкай у Віцебскім абласным філіяле інстытута «Белдзяржпраект», у 1962—1971 гг. у інстытуце «Белдзяржпраект», у 1971—1974 гг. у праектнай арганізацыі «Мінскпраект». Член КПСС з 1974 года.
У 1974—1985 гг. працаваў першым намеснікам начальніка Галоўнага архітэктурна-планавальнай ўпраўлення Мінскага гарвыканкама, у 1985—1988 гг. галоўным архітэктарам БЕЛНДІПгорадабудаўніцтва, у 1988—1989 гг. начальнікам аддзела горадабудаўніцтва і раённай планіроўкі Дзяржбуда БССР (1988—1989).
У 1989 г. стаў начальнікам Глаўмінскархітэктуры — г.зн. галоўным архітэктарам Мінска (1989—1994).
У 1994—1998 гг. працаваў галоўным архітэктарам інстытута «Мінскпраект», у 2004—2007 гг. дырэктарам праекта-даследчага ўнітарнага прадпрыемства «Мінскграда». З 2007 г. з’яўляецца намеснікам галоўнага архітэктара «Мінскграда».
З 1961 г. стаў членам Саюза архітэктараў БССР. У 1975—1977 гг. з’яўляўся старшынёй Саюза архітэктараў БССР, а ў 1977—1990 гг. сакратаром Праўлення Саюза архітэктараў БССР. Адначасова ў 1975—1980 гг. быў сакратаром Праўлення Саюза архітэктараў СССР.
Пасля перайменавання Саюза архітэктараў БССР, стаў і членам Праўлення грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз архітэктараў».
Яраслаў Ліневіч з’яўляецца аўтарам і сааўтарам такіх работ як генеральны план Брэста (1965), праекты планіроўкі водна-зялёнага дыяметра Мінска (1970) і цэнтральнай часткі Мінска (1983).
З’яўляецца аўтарам і сааўтарам праектаў (у розныя часы) планіроўкі і забудовы жылых раёнаў і мікрараёнаў у Наваполацку, 1-й чаргі жылога раёна па Смаленскай шашы ў Віцебску (1958—1962), ПДП жылога раёна Савецкіх пагранічнікаў у Гродне, праекты забудовы мікрараёнаў у Брэсце, Магілёве, Барысаве, Салігорску (1962—1970), ПДП цэнтра, забудовы і добраўпарадкавання водна-зялёнага дыяметра (1971—1974), генплан і праект планіроўкі прыгараднай зоны да 2000 г. Мінска (1976—1982), беларускага квартала раёна Чылінзар у Ташкенце, Кіравакане, праекта «Мінск-Сіці» і інш. У 1961 г. праект забудовы жылых раёнаў і мікрараёнаў у Наваполацку атрымаў бронзавы медаль ВДНГ СССР.
У 1996 г. прымаў непасрэдны ўдзел у распрацоўцы генеральнага плана Мінска і праекта планіроўкі прыгараднай зоны Мінска да 2000 г. і яго карэктуры (з перспектывай да 2010 г.). У 2009 г. прымаў удзел у карэктуры генеральнага плана горада Мінска (з перспектывай да 2030 г.).
З’яўляецца аўтарам і сааўтарам конкурсных праектаў цэнтраў такіх гарадоў як Мінск, Віцебск, Данецк (Украіна), Вільнюс (Літва), Талін (Эстонія) (1962—1974), Астана (Казахстан), жылых раёнаў Мінска (Беларусь) і Вены (Аўстрыя), плошчы Незалежнасці ў Мінску.
З’яўляецца сааўтарам помніка Францыску Скарыну каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў горадзе Мінску (Беларусь).
Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» (1971), Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета Узбекскай ССР (1969), бронзавымі медалямі ВДНГ СССР. Прэмія Савета Міністраў СССР (1985, у аўтарскім калектыве) за генплан Мінска 1982 г.
У шлюбе з архітэктарам Яўгеніяй Ліневіч (нар. 1935).