wd wp Пошук:

Якаў Іванавіч Трашчанок

Якаў Іванавіч Трашчанок (Трашчонак; 15 лістапада 1931, Мінск — 14 жніўня 2011[1], Магілёў) — педагог і гісторык[2], дацэнт (1995—2004). Вучань Л. Абецэдарскага[3].

Біяграфія

Нарадзіўся ў сям’і ваеннаслужачага. У перыяд Вялікай Айчыннай вайны быў эвакуіраваны ў Саратаўскую вобласць. У 1947, па заканчэнні сямігодкі, паступіў у Растоўскае падрыхтоўчае артылерыйскае вучылішча, адкуль у 1949 быў накіраваны ў Калінінградскае гвардзейскай артылерыйскае вучылішча. Скончыўшы яго, праходзіў службу на афіцэрскіх пасадах ва Узброеных Сілах СССР, у тым ліку і за мяжой. У 1956 быў звольнены з арміі.

У 1963 годзе скончыў гістарычна-геаграфічны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута. Паступіў у аспірантуру БДУ (1964). Аднак дысертацыю не абараніў[2]. Рукапіс кандыдацкай дысертацыі (1971) на тэму «Документальные материалы ЦГАОР БССР как источник по истории рабочего класса Белоруссии в период первой пятилетки (1928—1932)» захоўваецца ў НББ, а аўтарэферат — у чытальнай залы бібліятэкі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны.

З 1967 працаваў выкладчыкам кафедры гісторыі СССР Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта імя А. Куляшова, дацэнт кафедры расійскай і савецкай гісторыі (1995—2004), потым на пасадзе старшага навуковага супрацоўніка навукова-даследчага сектара ўніверсітэта.

Выкладаў гісторыю ў А. Лукашэнкі[4].

Заклікаў А. Лукашэнку паводле прыкладу Сталіна ўзяць пад свой кантроль выданне падручнікаў па гісторыі, што апошні зрабіў у 2002 годзе. Пасля гэтага атрымаў ад кіраўніка дзяржавы заказ напісаць падручнік: «Напиши учебник в таком стиле, как ты у нас преподавал историю»[3]. Быў уведзены ў склад дзяржаўнай камісіі па падрыхтоўцы падручнікаў у гуманітарна-грамадазнаўчай сферы.

У 2004 годзе ўказам А. Лукашэнкі ўзнагароджаны ордэнам Пашаны.

Погляды і дзейнасць

Стаяў на крайніх пазіцыях заходнерусізму і праваслаўнага фанатызму[5]. Не прымаў беларусаў як самастойны народ і разглядаў Беларусь як частку Расіі. Аднак у адрозненні ад ідэолага «заходнерусізму» М. Каяловіча не прызнаваў гістарычнай адметнасці беларусаў[6]. Імкнуўся сцвердзіць велізарную праваслаўную імперыю, праваслаўную дзяржаву з панаваннем Расіі[5].

З 2002 па заданню А. Лукашэнкі распрацоўваў новую канцэпцыю гістарычнай адукацыі ў Беларусі, якая неўзабаве была ўхвалена і пачала рэалізоўвацца праз вучэбныя праграмы і дапаможнікі. Аўтараў папярэдняй канцэпцыі называў «нацыянал-радыкаламі», або «нацыяналістамі». Цвердзіў, што Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітая ніякім чынам не могуць звязвацца з нацыянальнай беларускай гісторыяй, таму што «гэта дзяржавы каталіцкія», і яны «праводзілі дыскрымінацыйную палітыку ў адносінах да беларусаў». Шляхта паводле Трашчанка таксама не мае ніякіх адносін да нацыянальнай гісторыі Беларусі, таму што яна «здрадзіла праваслаўю», а хто не здрадзіў праваслаўю, мусіў быў «ісці на Усход да цара маскоўскага прасіць паратунку». Змешваючы ўсё такім чынам, аўтар канцэпцыі заклікаў увесці праваслаўе як факультатыў у школах. Скрайне негатыўна ацэньваў усякія народныя паўстанні, інтэрпрэтаваў іх яшчэ горш, чым было ў савецкія часы.

Лічыў, што гістарычная адукацыя ў Беларусі мусіць будавацца на трох курсах: першы курс — нацыянальная гісторыя, другі — рэгіянальная, трэці — усеагульная. Але парадокс у тым, што галоўнай з’яўляецца менавіта рэгіянальная гісторыя, а нацыянальная — гэта кароценькі курс гісторыі беларускіх праваслаўных земляў. Рэгіянальная — гэта гісторыя, як пісаў Трашчанок, «восточных славян, России и СССР» — ільвіная доля ўсёй нагрузкі на вучняў. Усеагульная — сціслая гісторыя Захаду. Гісторыя ВКЛ і Рэчы Паспалітай мусіць вывучацца, паводле Трашчанка, у курсе ўсеагульнай гісторыі — не проста адмежавана ад Беларусі, але як чужая. Такую схему планаваў прыкласці як для школьнай адукацыі, гэтак і для вышэйшай.

На думку Трашчанка, пры выкладанні гісторыі мусіла дамінаваць руская мова, пры гэтым ён лічыў, што найлепшым варыянтам, увогуле, з’яўляўся пераход на карыстанне расійскімі падручнікамі[7]. Беларускай мовай не валодаў[8].

Асноўныя працы

Пісаў выключна на рускай мове.

Аўтар універсітэцкага вучэбнага дапаможніка «История Беларуси. В 2-х частях» (2003), які выйшаў пад грыфам «Дапушчана Міністэрствам адукацыі» і пачаў узмоцнена насаджацца ва ўсе звёны гістарычнай адукацыі[9]. У ім Трашчанок даў прынцыпова іншую ацэнку вузлавых пытанняў гісторыі Беларусі, чым у выдадзеных у першай палове 1990-х гадоў у 2 частках «Нарысах гісторыі Беларусі», падрыхтаваных групай гісторыкаў пад кіраўніцтвам дырэктара Інстытута гісторыі НАНБ М. П. Касцюка. Гісторыя старажытнай Беларусі выкладзена з пазіцый «усходнееўрапейскай праваслаўнай цывілізацыі», падкрэсліваецца асаблівы характар гістарычных сувязяў Беларусі з Расіяй, існуючых на працягу яе гісторыі.

У 2008 годзе пад яго рэдактурай выйшаў падручнік па гісторыі Беларусі для 10-га класа сярэдняй школы, які змяшчае адмысловы параграф «Гістарыяграфічны міф пра Вікенція (Кастуся) Каліноўскага»[8]. Паказаў кіраўніка паўстання наступным чынам: «Па этнічнай самаідэнтыфікацыі, ён быў, безумоўна, палякам і ніколі не называў сябе беларусам. Ніякіх аб’ектыўных падстаў ператвараць К. Каліноўскага ў „нацыянальнага героя беларускага народа“ не існуе» (руск.) .

Крытыка

Трашчанка абвінавачвалі ў нячыстасці метадаў дзеля ачарнення апанентаў. У прыватнасці, у 1965 годзе ён даслаў у газету «Советская Белоруссия» палітычны данос на беларускага літаратара Міколу Прашковіча, у якім падтасаваў факты і прыпісаў М. Прашковічу тое, што той насамрэч не сцвярджаў[6].

Беларускія гісторыкі паказваюць на тое, што ў падручніках Трашчанка змяшчаецца цэлы шэраг фальсіфікацый і падтасовак[10]. Апроч таго, у іх выказваюцца адкрытыя абразы ў бок апанентаў і, увогуле, прысутнічае распальванне міжнацыянальнай варожасці[6].

Доктар гістарычных навук А. Смалянчук паказвае на тое, што пісаць звычайную навуковую рэцэнзію на падручнікі Я. Трашчанка проста немагчыма[10], а яго канцэпцыі з’яўляецца антынавуковымі[5]. Гісторык Г. Сагановіч характарызуе падручнікі Трашчанка як цынічную насмешку з беларускай гістарычнай навукі[6].

Бібліяграфія

Зноскі

  1. Памёр ідэолаг лукашэнкаўскай гісторыі Беларусі — магілёўскі выкладчык Якаў Трашчанок(нявызн.). Наша Ніва. Праверана 27 жніўня 2011.
  2. 1 2 В центре внимания: Яков Трещенок // «Первый национальный канал», 14.08.2011.
  3. 1 2 Саганович, Г. Советизация, западнорусизм, что дальше? // Деды: дайджест публикаций о белорусской истории. Выпуск 8. — Мн., 2011. С. 112.
  4. Іна Студзінская Лукашэнкіяна ў падручніках(нявызн.). Радыё Свабода. Праверана 15 жніўня 2011.
  5. 1 2 3 Алесь Смалянчук: Не думаю, што імя Якава Трашчанка захаваецца надоўга(нявызн.). Еўрапейскае радыё для Беларусі. Праверана 27 жніўня 2011.</ref
  6. 1 2 3 4 Цынічная насьмешка з гісторыі(нявызн.). Наша Ніва. Праверана 15 жніўня 2011.
  7. Канцэпцыя а ля Мураўёў Архівавана 18 лютага 2005. // «Новы Час» № 2(7), 30.01—12.02.2003.
  8. 1 2 Жыццё і смерць міфаў: Кастусь Каліноўскі // «Радыё Свабода», 30 ліпеня 2009.
  9. Алесь Краўцэвіч: «Каб не Вялікае Княства Літоўскае, не было б і прэзідэнта Лукашэнкі» // Радыё Свабода, 7 снежня 2005.
  10. 1 2 Алесь Смалянчук. Ад Абецадарскага да Трашчанка або эвалюцыя беларускай «дырэктыўнай гістарыяграфіі» (История Беларуси. В 2-х частях. Ч. 2. Под ред. Я. И. Трещенка. Могилев: МГУ, 2005. — 310 с.)(недаступная спасылка) // Pепрессивная политика советской власти в Беларуси (вып. 3)
Тэмы гэтай старонкі (20):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Заходнерусізм
Катэгорыя·Педагогі Беларусі
Катэгорыя·Выпускнікі БДПУ імя Максіма Танка
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1931 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў 2011 годзе
Катэгорыя·Артыкулы пра вучоных без партрэтаў
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Мінску
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Нарадзіліся 15 лістапада
Катэгорыя·Вучоныя паводле алфавіта
Катэгорыя·Памерлі 14 жніўня
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Пашаны (Беларусь)
Катэгорыя·Памерлі ў Магілёве
Катэгорыя·Гісторыкі Беларусі
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Выкладчыкі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аркадзя Куляшова
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»