wd wp Пошук:

Язэп Дакіневіч

Язэ́п Дакіне́віч (1906, в. Галынцы — ?) — беларускі вайсковы і грамадскі дзеяч, які арганізаваў Беларускую народную самапомач і беларускую самаахову на Слонімшчыне. Пазней сфармаваў гэтаксама 48-ы батальён дапаможнай паліцыі.

Біяграфічны нарыс

Да вайны

Служыў у польскай арміі, з’яўляўся афіцэрам. Дасягнуў звання падхарунжага[1].

Падчас Другой сусветнай вайны

З 1941 року загадчык харчэўні і начлежнага дома Самапомачы[2][3].

У 1942 годзе прымае ўдзел на ўстаноўчым з’ездзе Беларускае незалежніцкай партыі ў Менску[4].

У 1942—1943 гадах — камандзір Слонімскага батальёна беларускае самааховы.

48-ы батальён дапаможнай паліцыі

Асноўны артыкул: **48-ы батальён дапаможнай паліцыі**У другой палове 1943 года нямецкія паліцэйскія ўлады пастанавілі арганізаваць яшчэ тры беларускія паліцэйскія адзінкі: 48-ы батальён у Слоніме, 60-ы батальён у Баранавічах і 36-ы полк ва Урэччы Слуцкай акругі. Акруговы камісар Слонімскай акругі супольна з нямецкім акруговым начальнікам паліцыі папрасілі ў жніўні 1943 года да сябе спадара Дакіневіча і слонімскага павятовага старшыню спадара Цітовіча і абвясцілі ім, што нямецкія ўлады дазваляюць арганізаваць беларускае войска і што ў Слоніме мае быць створаны першы батальён, камандзірам якога будзе якраз Дакіневіч[5].

Дакіневіч прымаў ахвотнікаў, выступаў перад імі з гарачымі прамовамі і нястомна заладжваў усе справы па арганізацыі батальёна. Праз некалькі дзён у батальён прыбыло каля 5.000 чалавек[1], у разоў пяць больш, чым было наогул патрэбна. Немцы вельмі дзівіліся такой з’яве, хвалілі Дакіневіча, і пакрысе пачалі самі брацца за людзей.

Калі Дакіневіч арганізаваў батальён, прыбыў сапраўдны камандзір батальёну маёр-немец, а з ім разам і ўся абсада батальёна — таксама немцы. Дакіневіч застаўся пры батальёне ў ролі афіцэра прапаганды. Немцы, праўда, вельмі лічыліся з Дакіневічам, нават называлі яго камандзірам батальёну, бо ведалі, — калі сыдзе з батальёну Дакіневіч, то і ўвесь батальён разляціцца, але гэта справы не змяняла[1].

У кастрычніку 1943 году Францішак Кушаль прыехаў на інспекцыю гэтага батальёна. Батальён прадстаўляўся вельмі добра, быў па-баявому настроены, выпадкі дэзерцірства былі вельмі рэдкія. Адно жаданне, якое мелі жаўнеры — гэта каб кіраўнікі ў іх былі беларусы.

Неўзабаве батальён пачаў змагацца супраць партызанаў. У баявым плане ён таксама паказаў сябе з найлепшага боку. І вось у меру таго, як батальён станавіўся штораз мацнейшым, значэнне Дакіневіча ў батальёне немцамі памяншалася. У сакавіку (па некаторых крыніцах у лютым) 1944 года Дакіневіч быў пакліканы на пасаду акруговага начальніка БКА. Заняты цалкам новаю працаю, ён амаль зусім адышоў ад батальёну.

Акруговы начальнік БКА

Увосень 1943 году з прыездам тэатральнай групы Менскага Тэатра прайшлі арышты з-за даносаў тутэйшага беларускага актыву на сваю апазіцыю. Арышты не былі навіной у горадзе, людзі арыштоўваліся нягледзячы на тое, хто на каго падаваў данос, абы што-небудзь можна было выдумаць. Па гэтых даносах немцы арыштоўвалі беларусаў-нацыяналістаў. Збольшага да арыштаў у Слоніме спрычыніліся Дакіневіч і Данілюк, якія, нават калі нешта проста здавалася, беглі да немцаў, а тыя высылалі сваё СД і арыштоўвалі. Таму Дакіневіч пазней дасягнуў даверу Астроўскага і стаў акруговым начальнікам БКА ў Слонімскай акрузе[6] ў лютым 1944 года[7]. Паводле Алеся Асіповіча-Асіпчыка, Дакіневіч быў таксама прызначаны як намеснік БЦР у Слонімскай акрузе[8], аднак, паводле кнігі «Беларусь учора і сяньня», якую напісалі тагачаснікі, намеснікам БЦР у Слонімскай Акрузе быў А. А. Аўдзей[6]. Праз Дакіневіча ў астрог патрапілі: Стэфа Лыскавец, Сяргей Новік-Пяюн, паэт Міско (Івэрс) і іншыя. Палова з арыштаваных была выпушчаная, а іншая выслана ў Калдычава па разглядзе ўжо Баранавіцкага СД.[8]

Пасля вайны

З 1944 года жыў на эміграцыі. Спачатку ў Баварыі меў уласны рэстаран, падтрымліваў сувязі з беларусамі, дапамагаў ім, потым перасяліўся ў Аргенціну. Але існуе версія, што ў другой палове 1940-х гадоў ён вярнуўся ў Польшчу да сваёй каханай дзяўчыны, з якой пазнаёміўся ў Слоніме. Там яны сустрэліся і ажаніліся. У Польшчы Дакіневіч пражыў свае апошнія гады пад іншым прозвішчам, адышоўшы ад усіх беларускіх спраў.

Зноскі

  1. 1 2 3 Кушаль Ф. Спробы арганізацыі беларускага войска пры нямецкай акупацыі Беларусі (беларуская мова (тарашкевіца)) // Pawet.net. — 1998.
  2. Барыс Данілюк Успамін пра доктара Янку Геніюша (беларуская мова (тарашкевіца)) // Беларус. — кастрычнік, 2008. — № 549. — С. 10.
  3. Сяргей Ёрш Беларуская Народная Самапомач як прыклад самакіраваньня ў Беларусі ў 1941-44 гг. (беларуская мова (тарашкевіца)) // Свой Лад. — кастрычнік 2003. — № 10. — С. 11.
  4. Язэп Найдзюк, Іван Касяк. Беларусь учора і сяньня. — Менск: Навука і тэхніка, 1993. — С. 135. — 416 с. — ISBN 5-343-01458-5.
  5. Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — Москва: «Вече», 2008. — С. 164. — 432 с. — (Военные тайны ХХ века). — ISBN 978-5-9533-1909-6.
  6. 1 2 Язэп Найдзюк, Іван Касяк. Беларусь учора і сяньня. — Менск: Навука і тэхніка, 1993. — С. 142. — 416 с. — ISBN 5-343-01458-5.
  7. Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — Москва: «Вече», 2008. — С. 337. — 432 с. — (Военные тайны ХХ века). — ISBN 978-5-9533-1909-6.
  8. 1 2 Аляксандар Асіпчык Аляксандар Асіпчык з Слонімшчыны // Arche. — 01.04.2010.

Спасылкі

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (13):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Постаці Слоніма
Катэгорыя·Удакладненне арфаграфіі
Катэгорыя·Члены Беларускай незалежніцкай партыі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Беларускі калабарацыянізм
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1906 годзе
Катэгорыя·Грамадскія дзеячы Беларусі
Катэгорыя·Ваенныя Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра ваенных дзеячаў без партрэтаў
Катэгорыя·Члены Беларускай народнай самапомачы
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Члены Беларускай краёвай абароны