Ядвіга Іосіфаўна Раздзяло́ўская, па нараджэнні Лясе́ўская (польск.: Jadwiga Lesiewska-Rozdziałowska; 1 сакавіка 1902, Бяла Падляска, Польшча — 26 жніўня 1992) — беларуская мастачка. Заслужаная дзяячка культуры Польшчы (1982).
Нарадзілася ў Бяле Падляскай[1]. У дзяцінстве і юнацтве жыла ў Замасці, скончыла мясцовую гімназію (1922)[2].
Навучалася ў Прамыслова-мастацкай школе ў Любліне (1929—1931), яе настаўнікам быў вучань Яна Матэйкі, вядомы мастак-жывапісец, графік і вітражыст Юзаф Мехофер[3].
Скончыла ў 1939 годзе Варшаўскую мастацкую школу[1]. У час 2-й сусветнай вайны знаходзілася на радзіме мужа ў Баранавічах, засталася ў Беларусі[2]. Працавала ў баранавіцкім фотаатэлье рэтушоркай, адначасова займалася жывапісам, у тым ліку і на заказ. Брала ўдзел у выстаўках падчас нямецкай акупацыі ў Баранавічах і Менску ў 1942 годзе, удзельнічала ў працы баранавіцкай мастацкай суполкі «Маладая Беларусь». За гэта пасля вайны выслана ў Казахстан[4].
У 1948 годзе вярнулася ў Беларусь, жыла ў Маладзечне[5].
З 1957 года член Беларускага саюза мастакоў[1]. У 1959—1977 гадах выкладала ў студыі выяўленчага мастацтва ў Маладзечне Мінскай вобласці[1]. Прымала ўдзел у выстаўках у Румыніі і Фінляндыі[2].
Ведала некалькі замежных моў, іграла на фартэпіяна[6].
Пахавана на маладзечанскіх могілках побач мужа[7].
Творчасці ўласцівы гарманічнасць каларыту, дакладнасць мастацкага вобраза, лірычнасць. Аўтарка сюжэтна-тэматычных карцін «Немцы адступаюць» (1946), «У рабства» (1947), «Дом-музей П. І. Чайкоўскага ў Кліне» (1951), «Раніца» (1956), «Адам Міцкевіч і Марыля Верашчака ў Туганавічах» (1965); партрэтаў «Дзяўчынка ў ружовым» (1956), «Маладая балерына» (1960), «Цыганка з дзіцем» (1968), «Мастак Б.Шахназараў» (1981); пейзажаў «Масток» (1956), «Від на аул Кубачы» (1963), «Нясвіж. Вясна ў парку» (1975), «Вясна ў лесе» (1982); нацюрмортаў «Кветкі і фрукты», «Вясновы нацюрморт» (абодва 1963), «Чаромха» (1966), «Белая акацыя», «Нацюрморт з вінаградам», «Мальвы» (усе 1976), «Нацюрморт з рабінаю» (1980), «Вязынка», «Рэквіем», «Родныя кветкі» (усе 1982), «Сказ беларускага лесу» (1984) і інш. Працавала таксама ў графіцы.