У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Станкевіч.
Юрый Станкевіч або Юры Станкевіч, сапраўднае Георгій Васільевіч Харытановіч[1] (нар. 21 студзеня 1945 [2], Барысаў — 22 кастрычніка 2021) — беларускі празаік, драматург, сцэнарыст.
Нарадзіўся ў Барысаве. Бацька пісьменніка ў 1946 годзе быў рэпрэсаваны па 58-м артыкуле ў Карагандзінскі папраўча-працоўны лагер. Юрый рана кінуў школу і пачаў працаваць. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, працаваў у барысаўскай аб’яднанай газеце. Неўзабаве пераехаў у Мінск. Быў літсупрацоўнікам, загадчыкам аддзела часопіса «Маладосць», загадчыкам аддзела часопіса «Крыніца». З 1990 года — член Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Пачаў літаратурную дзейнасць у 1988 годзе. Напісаў некалькі раманаў, шмат аповесцей і апавяданняў, а таксама каля дзясятка п’ес і кінасцэнарыяў.
Памёр 22 кастрычніка 2021 года ў сябе дома. Як паведаміў Леанід Галубовіч, пісьменнік заразіўся COVID-19, яго разам з жонкай забірала хуткая ў бальніцу, але ён адмовіўся ехаць у шпіталь[3].
Важнейшымі кнігамі Ю. Станкевіча з’яўляюцца «Любіць ноч — права пацукоў» (2000), «Апладненне ёлупа» (2005), «Мільярд удараў» (2008), «П’яўка» (2010). Творы перакладзены на некалькі моў.
У большасці сваіх твораў выяўляе апакаліптычную карціну рэчаіснасці, што чакае чалавецтва ў недалёкай будучыні[4]. У сваёй творчасці таксама закранае нацыянальную тэматыку. Літаратурны крытык Ірына Шаўлякова адзначае:
Трагічнае светаадчуванне, уласцівае мастацтву fin de siècle, для беларускага літаратара ўзмацняецца стратаю нацыянальнай самасці. Сітуацыя «нацыянальнага чакання» (знікнення, заняпаду, распаду і г.д.), якая абмяркоўваецца ўжо бяз колішняга імпэту, у значнай ступені спрыяе пашырэнню амаль кафкіянскай мадэлі мастацкага асэнсавання рэчаіснасці. Найбольш поўнае і паслядоўнае ўвасабленне гэтая мадэль набывае ў творчасці Юрыя Станкевіча.
Двойчы намінаваны на літаратурную прэмію «Гліняны Вялес» за раман «Мільярд удараў»[5] (2008) і раман «П’яўка»[6] (2010).
У 2013 годзе раман «Шал» увайшоў у шорт-ліст прэміі імя Гедройца.