wd wp Пошук:

Цыміхеты

Цыміхе́ты (малагас.: tsimihety, літаральна «доўгавалосыя») — этнічная група малагасійцаў. Насяляюць паўночную і цэнтральную часткі Мадагаскара. Агульная колькасць (2022 г.) — 2 266 000 чал.[1]

Гісторыя

Цыміхеты пачалі вылучацца як самастойная этнічная група ў XVIIIXIX стст. у выніку бегства з паўднёва-усходняга і паўднёва-заходняга ўзбярэжжаў і далейшага супраціўлення заваёўнікам з груп сакалава, мерына і бецымісарака.

Назва паходзіць ад звычая насіць доўгія валасы. Згодна легендзе, мужчыны-цыміхеты адмовіліся галіцца ў знак непадпарадкавання ці то пасля смерці чарговага ўладара-сакалава, ці то ў выніку нязгоды з рэформамі каралёў-мерына. Але ў XIX ст. былі заваяваны Радамам I (1823 г.) і фармальна ўвайшлі ў склад агульнай малагасійскай дзяржавы. У канцы XIX — пачатку XX ст. аказвалі моцны супраціў французскай каланізацыі.

З цыміхеты паходзіў першы прэзідэнт незалежнага Мадагаскара, Філібер Цыранана (19101978 гг.).

Асаблівасці культуры

Землі, населеныя цыміхеты, лічацца найменш урадлівымі на Мадагаскары, да таго ж вельмі ізаляванымі . Дзякуючы гэтай ізаляванасці цыміхеты да сёй пары мала залучаныя з сацыяльна-эканамічнымі зменамі, якія адбываюцца на востраве, і здолелі найлепш за астатніх малагасійцаў захаваць традыцыйныя культуру і звычаі.

Галоўны эканамічны занятак — земляробства, якое вядзецца ў вузкіх далінах і на ўзбярэжжы рэк. Асабліва важную ролю мае вырошчванне мурожнага рысу. Малыя дзялянкі адводзяцца для атрымання садавіны і гародніны, а таксама некаторых камерцыйных культур (кавы, гваздзіковага дрэва, ванілі). Трымаюць шмат зебу, але мяса ўжываюць рэдка, толькі ў святочныя дні. Дадатковыя эканамічныя заняткі — збіральніцтва і паляванне.

Дамінуюць вясковыя тыпы паселоішчаў з 10 — 12 хацін. Галоўныя будаўнічыя матэрыялы — дрэва, а таксама сумесь рачной гразі з гноем хатняй жывёлы. У мінулым для супраціўлення суседзям будавалі вялікія каменныя ўмацаванні. Распаўсюджаны кавальскае і разьбярскае рамёствы.

У адрозненні ад суседзей, у цыміхеты не мелася дзяржаўных утварэнняў і не склалася замкнёнага пласту сацыяльнай эліты. У аснове традыцыйных грамадскіх адносінаў знаходзяцца патрылінейныя сваяцкія сувязі фукундрай і культ адзіных продкаў-таніндразана, якія пахаваны ў магільнях фасана. Менавіта продкам належыць зямля. Яна не можа перадавацца ў карыстанне або ў маёмасць чужынцам-вахіні. Вылучаюцца сваяцкія абшчыны зафінтані, што складаюцца з нашчадкаў адзіных продкаў і валодаюць правам пераразмеркавання або асваення новых земляў.

У мінулым пераважалі вялікія пашыраныя сем’і, але у выніку каланізацыі новых тэрыторый у канцы XIXXX стст. пачалі актыўна вылучацца малыя нуклеарныя. Згодна традыцыі, жаніх павінен перадаць сваякам нявесты выкуп (галоўным чынам, свойскай жывёлай, да 5 галоў зебу). Але і да гэтай падзеі маладыя могуць жыць разам каля года. Нявеста ўносіць пасаг, які з’яўляецца яе асабістай маёмасцю. Развод лічыцца асабістай справай мужа і жонкі і не суправаджаецца афіцыйнымі цырымоніямі. Фармальна дазволены палігінія і паліандрыя, але практыкуюцца рэдка.

Асновай традыцыйных рэлігійных вераванняў з’яўляецца культ продкаў, з якім звязаныя шматлікія цырымоніі і ахвярапрынашэнні. Праводзяцца шаманскія рытуалы ўвядзення ў транс для больш цесных зносінаў з таніндразана. Распаўсюджваецца хрысціянства.

Зноскі

  1. Tsimihety

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Народы Афрыкі
Катэгорыя·Малагасійцы