Філіпіня́ты[1] (трансліт.: Filipiniaty, руск.: Филипиняты) — вёска ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Гародзькаўскага сельсавета. Знаходзіцца за 15 км на паўночны захад ад Валожына, 8 км ад чыгуначнай станцыі Валожын на лініі Маладзечна—Ліда, 88 км ад Мінска.
Рэльеф раўнінна-ўзгорысты, на захадзе цячэ ручай, злучаны з р. Бярэзіна (правы прыток р. Нёман). Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе праз в. Куцяняты і далей па шашы Валожын—Гародзькі.
Планіровачна складаецца з выгнутай вуліцы мерыдыянальнай арыентацыі з завулкамі, забудаванай двухбакова, шчыльна, пераважна драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу. Грамадскія будынкі ў цэнтры, гаспадарчы сектар — на паўднёва-заходняй ускраіне.
У 1897 годзе вёска ўваходзіла ў склад Забрэзскай воласці Ашмянскага павета Віленскай губерні.
У 1921—1939 гадах знаходзілася пад уладай Польскай Рэспублікі. З лістапада 1939 года ў складзе БССР. З 12 кастрычніка 1940 да 16 ліпеня 1954 года — цэнтр сельсавета ў Валожынскім раёне Баранавіцкай вобласці.
У Вялікую Айчынную вайну з 25 чэрвеня 1941 да 5 ліпеня 1944 года акупіравана нацыстамі. На франтах загінулі 12 вяскоўцаў.
З 20 верасня 1944 года ў Маладзечанскай вобласці. 11 кастрычніка 1949 года арганізаваны калгас «Чырвоная зара», які абслугоўвала Вішнеўская МТС. З 16 ліпеня 1954 да 30 кастрычніка 2009 года ўваходзіла ў склад Забрэзскага сельсавета[2]. З 20 студзеня 1960 года — у Мінскай вобласці, з 25 снежня 1962 года ў Маладзечанскім, з 6 студзеня 1965 года — у Валожынскім раёнах. У 1940—1954 гадах цэнтр Філіпіняцкага сельсавета.
За савецкім часам у вёсцы размяшчаліся вытворчы ўчастак, машынны двор, піларама, млын, 8-гадовая школа (11 настаўнікаў), клуб, бібліятэка з фондам 6,6 тысяч кніг, фельчарска-акушэрскі пункт, крама, аддзяленне сувязі, АТС, сталовая, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання насельніцтва, З спартыўныя пляцоўкі, у 2009 годзе дзейнічалі аддзяленне сувязі і крама.
Помнік на ўшанаванне памяці 29 землякоў, воінаў і партызан, якія загінулі ў Вялікай Айчыннай вайне, устаноўлены ў 1968 г.