У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Духінскі. Франці́шак Ге́нрык Духі́нскі (польск.: Franciszek Henryk Duchiński, 1816, Кіеўская губерня, Расійская імперыя — 13 ліпеня 1893) — польскі этнограф і гісторык, віцэ-прэзідэнт парыжскага этнаграфічнага таварыства[5], член Société d’anthropologie de Paris і Société de géographie[6], адзін з заснавальнікаў[7] і сакратар[5] Società per l’alleanza Italo-Slava (Турын, 1849)[7][8].
Нарадзіўся ў Правабярэжнай Украіне ва ўкраінска-польскай сям’і. Наведваў кармеліцкую школу ў Бярдычаве[9], ад 1834 навучаўся ў Кіеўскім універсітэце.
З гэтай пары заняўся даследаваннем расавай ідэнтычнасці рускіх. Першыя працы на польскай і рускай мовах адносіліся да пытання пра першапачатковыя стасункі між Расіяй і Польшчай.
Вышукваны паліцыяй, у 1846 годзе Духінскі эміграваў у Парыж, дзе зблізіўся з князем Адамам Чартарыйскім і атрымаў магчымасць публікавацца ў яго лістку «Trzeci Maj». Быў прафесарам польскай школы ў Парыжы, выкладаў у Гістарычна-літаратурным таварыстве.
Падчас Вясны народаў у Італіі ў 1848 годзе далучыўся да Італьянскага легіёна генерала Уладзіслава Замойскага, дзе разгарнуў антырасійскую прапагандысцкую дзейнасць. У 1849 годзе ў Турыне заснаваў «Società per l’Allianza Italo-Slava».
Разам з генералам Замойскім выехаў у Турцыю, дзе працягнуў сваю прапагандысцкую дзейнасць, спадзеючыся на непазбежны выбух расійска-турэцкай вайны. Падчас Крымскай вайны быў дакладчыкам у аліянцкіх лагерох на Крыме. Прачытаў для французскіх, брытанскіх і турэцкіх салдат серыю лекцый пра шматвекавую барацьбу цывілізацый Польшчы і Русі з Маскоўскай дзяржавай.
Пасля дзейнічаў у Лондане, дзе выдаў сваю працу «Палякі ў Турцыі». У 1860—1864 гадах ізноў у Парыжы, разгарнуў актыўную публіцыстычную дзейнасць па падрыве расійскага панславізму. Стаў віцэ-старшынёй Французскага этнаграфічнага таварыства, абраны сябрам некалькіх іншых навуковых таварыстваў (антрапалагічнага, геаграфічнага і азіятычнага). Дзякуючы свайму ўплыву дабіўся выключэння з французскай школьнай праграмы гісторыі Русі як часткі гісторыі Вялікага княства Маскоўскага. Выкладаў гісторыю ў польскай школе на Манпарнасе.
У 1871 годзе ў выніку збліжэння Францыі і Расіі быў вымушаны пераехаць у швейцарскі Ааргау. Рэдагаваў там Révue historique, éthnographique et statistique, адно з найіістотнейшых выданняў сусветнай этналогіі. У 1872 годзе стаў захавальнікам Нацыянальнага польскага музея ў Раперсвілі. У 1875 годзе падчас прыезду ў Каралеўства Галіцыі і Ладамерыі заснаваў у Кракаве «Przegląd Etnograficzny».
Пахаваны ў Манмарансі (Валь-д’Уаз, Францыя).
Жонка[7] — Севярына Духінская (1815—1905), польская пісьменніца[10], сяброўка Société d’anthropologie de Paris і Société de géographie[11].
Быў стваральнікам спрэчнай тэорыі пра неславянскае і нават не арыйскае, а гэтак званае туранскае (мангольскае) паходжанне рускіх, якіх паводле прынятай тады звычкі называў маскалямі. Саманазва рускія, прысабечаная маскалямі, на яго думку, па праве належыць толькі маларосам і беларусам, блізкім да палякаў паводле паходжання.
Мова, якой у цяперашні час размаўляюць маскалі, ёсць штучна запазычаная і перакручаная імі царкоўнаславянская, якая замяніла нейкую народную туранскую мову. У доказ «туранства» маскалёў Духінскі прыводзіць аўтакратычную форму ўраду («парат»), нібыта неўласцівую арыйскім плямёнам; існаванне «камунізму» (у той час як арыйцаў вылучае індывідуальная ўласнасць); схільнасць да вандраванняў, нібыта ўласцівую для ўсіх туранцаў; нарэшце, слабое развіццё між маскальскага племені гарадоў і гарадскага жыцця.
Натуральная, паводле Духінскага, мяжа туранскага племені — Дняпро, Дзвіна і «рэчкі Фінляндыі». Прагнуў заключэння польска-літоўскай уніі як прыхільнік адбудовы Кіеўскай Русі.
Цікавасць арыйскай Еўропы патрабуе аднаўлення славянскай польскай дзяржавы, якая б ахапіла роднасныя плямёны маларусаў і беларусаў і паслужыла б для Заходняй Еўропы апірышчам ад туранскае моцы маскалёў.
Вучэнне Духінскага, якое адпавядала ўкаранёнай тады сярод палякаў ідэі пра «абранасць» польскага народа, было ўспрынятае большасцю польскай інтэлігенцыі з захапленнем. Прыхільнікі тэорыі ўхвалялі яго вялізны ўнёсак у пачатак навуковай дыскусіі пра адрознасць гісторыі Кіеўскай Русі і Маскоўскай дзяржавы[12], а людзі, якія болей свядома ставіліся да праблемы, не заўжды мелі мажлівасць выказаць уласную думку.
Несумненна, публіцыстычная дзейнасць Духінскага стала прычынай неахвотнага ўспрыняцця на Захадзе прасоўванай Расійскай імперыяй ідэі панславізму. У Францыі, да яе збліжэння з Расійскай імперыяй у 1890 годзе, французскі гісторык Анры Мартэн пад яе уплывам склаў адзін з найзначнейшых сваіх твораў «La Russie et l’Europe», дзе багата цытаваў прыведзеныя ў працах Духінскага крыніцы па гісторыі Расіі. Працягнуў развіццё ідэі Францішка Духінскага іншы польскі навуковец Фелікс Канечны.
Пра тэзы Духінскага ў адным з лістоў ухвальна выказаўся Карл Маркс; пазней ён заўжды называў думку Духінскага памылковай[13]. Насамрэч, аднак, тэорыя Духінскага ўяўляла сабою адно імкненне ўвасобіць у форме навуковай сістэмы палітычныя мроі і пачуцці польскай эміграцыі.
Паступова аўтарытэт тэорыі спадаў, і ў польскім грамадстве гучнелі галасы крытыкаў. У 1886 годзе прафесар Дэрпцкага ўніверсітэта Ян Бадуэн де Куртэнэ выдаў у Кракаве брашуру «Z роwodu jubileuszu profesora Duchińskiego», у якой адмаўляў за тэорыяй Духінскага якое-небудзь навуковае значэнне і прызнаваў «святкаванне юбілею з нараджэння пана Духінскага юбілеем хранічнай патрыятычнай аблуды».