У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Вішнеўскі. Уладзі́мір Мікала́евіч Вішне́ўскі (17 лютага 1955, Балотчыцы, Слуцкі раён) — беларускі мастак-графік, кніжны ілюстратар, жывапісец, скульптар, педагог.
Мастацтвазнавец Ігар Ціткоўскі так характэрызуе творчасць мастака:
Адна з галоўных тэм, што прасочваецца ў творчасці Уладзіміра Вішнеўскага — барацьба дабра і зла. Менавіта раскрыццё гэтай тэмы надае яго кампазіцыям пачуццё дынамікі, унутранай напружанасці і драматызму.
Сюжэты іх звычайна патрабуюць філасофскага, неадназначнага прачытання. Мастак карыстаецца мовай сімвалаў і алегорый, спалучае рэалістычную манеру з гратэскам. Кампазіцыі будуюцца на кантрастных супрацьпастаўленнях светлага і цёмнага, блізкага і дальняга планаў, ракурсаў. Абраная мастаком тэма звычайна раскрываецца ў серыях графічных лістоў. Сярод іх — серыі «Птушкаловы» (каляровы афорт, 1983), «Кірмаш спадзяванняў», «Пабудова чалавека» (1987), «Туга страчанага сусвету» (тэмпера, 1983)[1].
Уладзімір Вішнеўскі з’яўляецца аўтарам ілюстрацый да кніг Уладзіміра Ягоўдзіка «Янка і ружа» (1992) і «Цi вернецца князь Кук?» (1993).
Аформіў кніжныя выданні Якуба Коласа, Кандрата Крапівы, Алеся Разанава, Максіма Лужаніна, Фёдара Дастаеўскага, Алаізы Пашкевіч (Цёткі).
За ілюстрацыі кніг «Вянок беларускіх народных песень» (Мн. 1988) і «Палата кнігапісная» Міколы Нікалаева (Мн. 1993) атрымаў дыпломы беларускіх рэспубліканскіх конкурсаў «Мастацтва кнігі».
Творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, у прыватных зборах Беларусі і замежжа.