wd wp Пошук:

Тадэвуш Матушэвіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Матушэвіч. Тадэвуш Фадзей Віктарын Матушэвіч (1765, Расна Берасцейскі павет, Рэч Паспалітая — 31 кастрычніка 1819, Балоння, Італія) — вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч, публіцыст, паэт, перакладчык, тэатральны крытык.

Біяграфія

Прадстаўнік шляхецкага роду Матушэвічаў герба «Лебедзь». Сын кашталяна берасцейскага Марціна Матушэвіча (1714—1773) і Ганны Неміровіч-Шчыт (каля 1730—1786). Вучыўся ў калегіуме Станіслава Канарскага ў Варшаве.

Рана пачаў палітычную дзейнасць як прыхільнік партыі Чартарыйскіх. У 1784 годзе Тадэвуш Матушэвіч абраны паслом Берасцейскага павета на Гарадзенскі сойм. У 1786 годзе быў дэпутатам Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага. З 1788 па 1792 год абраны паслом ад Берасцейскага павета на Чатырохгадовы сойм. Абіраўся членам дэпутацыі замежных спраў (20 снежня 1788 года). У ходзе дыскусіі аб месцах у 1789 годзе выступаў за правядзенне рэформаў і наданне ім вялікіх правоў.

Браў удзел у апошняй фазе падрыхтоўкі новай Канстытуцыі, прынятай 3 мая 1791 года. На пасяджэнні сойма 3 мая ад імя Дэпутацыі замежных спраў прадставіў даклад аб міжнароднай абстаноўцы, дзе заявіў пра небяспеку для Рэчы Паспалітай з боку суседніх дзяржаў. Быў адным з рэдактараў «Газеты Нацыянальнай і Замежнай» («Gazeta Narodowa i Obca»), членам Таварыства Сяброў Канстытуцыі 3 мая.

У 1794 годзе Тадэвуш Матушэвіч удзельнічаў у паўстанні пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. Уваходзіў у склад Вышэйшага Нацыянальнага Савета, быў кіраўніком аддзела патрэб арміі. Пасля падаўлення паўстання некаторы час пражываў у Беларусі, затым перабраўся ў Польшчу. Займаўся літаратурнай дзейнасцю. Як сябар Чартарыйскіх дапамагаў у справах апякунства ардыната нясвіжскага Дамініка Радзівіла.

Тадэвуш Матушэвіч быў членам Таварыства Сяброў Навук. У 1809 годзе уваходзіў у склад Цэнтральнай Рады Галіцыі. 30 верасня 1810 года Тадэвуш Матушэвіч прызначаны міністрам фінансаў Герцагства Варшаўскага.

У час вайны 1812 года паміж Французскай і Расійскай імперыямі Тадэвуш Матушэвіч быў адным з ініцыятараў стварэння Генеральнай канфедэрацыі Каралеўства Польскага. У 1815 годзе удзельнічаў у падрыхтоўцы канстытуцыі Каралеўства Польскага.

Быў жанаты на Марыяне Феліцыі Пжабяндоўскай (1765—1799), яны мелі трох дзяцей: Сафію, Адама, Севярына. Яго сын, Адам Фадзеевіч Матушэвіч (1795—1842), — расійскі дзяржаўны дзеяч, дыпламат, камергер і тайны саветнік (1829), граф (1824).

Тадэвуш Матушэвіч памёр 31 кастрычніка 1819 годзе ў Балонні (Італія). Пахаваны на могілках картэзіянскага манастыра Чэртоза. На яго надмагільным помніку надпіс: «Fidem constatiamque patriae pereunti probavit suam» (бел.: «Выказаў вернасць і пастаянства паміраючай радзіме…»).

Узнагароды

Рыцар Мальтыйскага ордэна (1804), кавалер ордэна Ганаровага Легіёна (1809). У 1812 годзе быў узнагароджаны ордэнам Святога Станіслава і ордэнам Белага Арла.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (18):
Катэгорыя·Род Матушэвічаў
Катэгорыя·Удзельнікі Вялікага Сойма 1788—1792
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Камянецкім раёне
Катэгорыя·Мальтыйскія рыцары
Катэгорыя·Памерлі ў 1819 годзе
Катэгорыя·Выпускнікі Варшаўскага піярскага Collegium Nobilium
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Святога Станіслава (Польшча)
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1765 годзе
Катэгорыя·Члены Згуртавання прыяцеляў Уставы аб кіраванні 3 мая
Катэгорыя·Памерлі ў Балонні
Катэгорыя·Пахаваныя на могілках Чэртоза
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на энцыклапедыю «Вялікае Княства Літоўскае» без аўтара
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Белага арла (Польшча)
Катэгорыя·Дэпутаты Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Берасцейскім павеце
Катэгорыя·Удзельнікі паўстання 1794 года
Катэгорыя·Памерлі 31 кастрычніка