У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Шаптыцкі. Станісла́ў Шапты́цкі (польск.: Stanisław Maria Jan Szeptycki[2], 3 лістапада 1867, в. Прылбычы, каля Яварава — 9 кастрычніка 1950, в. Карчына, Падкарпацкае ваяводства) — польскі ваенны, граф, генерал Аўстра-венгерскай арміі, генерал броні Войска Польскага.
Быў сынам графа Яна Канты Шаптыцкага (1836—1912) і Соф’і Шаптыцкай (1837—1904). 7 чэрвеня 1906 ажаніўся з княжной Марыяй Языфінай Сапегай (1884—1917). Другі раз ажаніўся 4 студзеня 1925 са Станіславай Алізар (1899—1977)[3]. У 1885 годзе скончыў з адзнакай Гімназію імя Яна III Сабескага ў Кракаве.
У 1885 годзе пачаў вучыцца ў аддзеле артылерыі Тэхнічнай ваеннай акадэміі ў Мёдлінгу. Скончыў Акадэмію ў 1888 годзе ў званні падпаручніка. Распачаў службу ў 3-й дывізіі палявой артылерыі ў Ярославе. У 1890 годзе быў накіраваны ў Вышэйшую конную школу (Reitlehren institut) у Вене, па заканчэнні якой у 1892 годзе як выкладчык коннай язды быў накіраваны ў 10-ю брыгаду палявой артылерыі ў Пшэмыслі ў званні паручніка. Служыў там да 1894, калі паступіў у Акадэмію Генеральнага штаба. Скончыў яе ў 1896 годзе і стаў ад’ютантам 53-й брыгады пяхоты ў Кошыцах.
У 1897 накіраваны ў 27-ю дывізію пяхоты ў Кошыцах. У 1898 атрымаў званне капітана артылерыі і накіраваны ў 18 полк палявой артылерыі на пасаду камандзіра батарэі. У 1900 годзе атрымаў званне капітана Генеральнага штаба і накіраваны ў 12-ю дывізію пяхоты ў Кракаве. у 1903 годзе пераведзены ў 1-ю дывізію кавалерыі ў Кракаве. У 1904—1905 ваенны аташэ ў расійскім штабе ў Маньчжурыі. На руска-японскай вайне быў 20 месяцаў. Пасля вяртання здаў іспыт на званне маёра генеральнага штаба і прызначаны камандзірам штаба 3-й дывізіі кавалерыі ў Вене. З 1909 камандаваў дывізіёнам у 1-м палку палявой артылерыі ў Кракаве. 1 мая 1911 года стаў падпалкоўнікам генеральнага штаба. У 1911—1914 служыў ваенным аташэ ў Рыме. 1 мая 1914 стаў палкоўнікам генеральнага штаба.
Спачатку служыў у Аперацыйным аддзеле Галоўнага камандавання, а з 24 верасня 1914 да лістапада 1915 на пасадзе шэфа штабу II Корпусу аўстрыйскага на расійскім фронце. Тады сутыкаецца з Польскімі легіёнамі, якія ўваходзілі ў склад II Корпусу. З лістапада 1915 камандаваў XXX Брагадай палявой артылерыі, а ў чэрвені 1916 па ўласнай просьбе пераведзены ў Польскі Легіён. З ліпеня 1916 да кастрычніка 1916 камандуючы III Брагады Польскіх легіянераў, пасля да красавіка 1917 камендант усіх Легіёнаў на чале якіх 1 снежня 1916 года ўвайшоў у Варшаву. Зняты з пасады ў красавіку 1917 года з-за падтрымкі прапольскай пазіцыі, якая была прызнана шкоднай для Цэнтральных дзяржаў. Да лютага 1918 года люблінскі генеральны губернатар (выступіў супраць аддання Холмшчыны Украіне згодна Брэсцкага дагавора). З чэрвеня а кастрычніка 1918, на італьянскім фронце, кіраваў 85 Брыгадай пяхоты ландверу. З кастрычніка 1918 года кіраваў падначаленымі немцам Польскімі ўзброенымі сіламі. 5 лістапада 1918 звольнены з аўстрыйскай арміі.
У Польскае войска ўступіў 1 лістапада 1918 года. 4 лістапада 1918 прызначаны генералам дывізіі і генеральным збройным інспектрам. Таксама яму перадалі камандаванне ўсімі аддзеламі Войска Польскага на абшарах былой Аўстра-Венгрыі, а таксама той часткі Галіччыны, якая знаходзілася пад польскай уладай[4].
16 лістапада 1918 года Юзаф Пілсудскі прызначыў яго кіраўніком Генеральнага штаба. Выконваў гэтыя функцыі да 13 сакавіка 1919 года, калі на яго ўласную просьбу ўзначаліў Літоўска-Беларускую дывізію. 28 красавіка 1919 года стаў камандуючым Літоўска-Беларускага фронту.
Згодна з загадам Пілсудскага ад 7 сакавіка 1920 года збройныя сілы на ўсходзе былі падзелены на пяць армій. Генерал Шаптыцкі перастаў быць камандуючым Літоўска-беларускага фронту, а ўзначаліў 4 армію, якая змагалася на ўчастку Палесся і Бярэзіны.
21 красавіка 1920 года Пілсудскі зацвердзіў яго ў званні генерала броні[5].
Падчас вайны 1920 г. камандаваў 4 Арімяй. з 17 мая 1920 года абавязкі камандуючага арміяй сумяшчаў з функцыяй камандуючага «Фронту ген. Шаптыцкага» ў склад якога ўваходзілі тры арміі (1, 4 і 7). 5 ліпеня 1920 года стаў камандуючым Паўночна-ўсходняга фронту, а абавязкі камандуючага 4 Арміі перадаў генералу Леанарду Скерскаму. На гэтай пасадзе кіраваў баямі да 30 ліпеня 1020 года. 1 жніўня вымушаны быў пакінуць пасаду з-за цяжкай хваробы (крываўка) і непаразумення з Пілсудскім.
Пасля перамір’я атрымаў пасаду Інспектра 4 арміі ў Кракаве. У 1922 годзе Камандываў аддзеламі Войска Польскага, якія займалі частку Сілезіі, што была прызнана за Польшчай.
31 мая 1922 года ў Кракаве дэлегацыя віленскай гарадскога савета на чале з бурмістрам Вітольдам Банкоўскім надаў генералу ганаровае грамадзянства горада Вільні «з прызнання яго заслугаў, падчас вызвалення г. Вільні ад бальшавіцкай навалы»[6].
13 чэрвеня 1923 года прэзідэнт Польшчы Станіслаў Вайцяхоўскі прызначыў яго Міністрам ваенных спраў[7]. 4 жніўня 1923 года загадам № 126 прызначыў Свята польскага жаўнера.
15 снежня 1923 года прэзідэнт Польшчы Станіслаў Вайцехоўскі, «прыслухоўваючыся да паданай яму просьбы аб адстаўцы, звольніў» Шаптыцкага з пасады кіраўніка Міністэрства ваенных спраў і «адначасова паручыў далей выконваць ранейшыя функцыі ажно да часу прызначэння пераемніка». Гэта адбылося 19 снежня 1923 года, калі пасаду міністра заняў генерал броні Казімір Сасноўскі[8]. Пасля звальнення Шаптыцкі вярнаўся на пасаду інспектра 4 Арміі ў Кракаве. З 24 лістапада 1922 быў членам Капітулы ордэну Virtuti Militari. Падчас майскага перавароту названы прэзідэнтам Вайцехоўскім камандуючым войскмі вернымі ўраду па-за сталіцай. 10 чэрвеня 1926 года Прэзідэнт Польшчы Ігнацы Масціцкі, «беручы пад увагу просьбу» генерала, звольніў яго са становішча інспектра 4 Арміі ў Кракаве[9]. Ад 30 чэрвеня 1926 пайшоў у адстаўку[10].
Па заканчэнні другой сусветнай вайны ва ўзросце 78 гадоў быў прыняты на службу ў Войска Польскае, пасля адпраўлены ў адстаўку і прызначаны на пасаду старшыні Галоўнай управы Польскага Чырвонага крыжа. Займаў гэту пасаду ў 1946—1950 гг.
Пахаваны на могілках у вёсцы Карчына каля Кросна, якой быў апошнім уласнікам.
Выдаў працу: Літоўска-беларускі фронт 10.3.1919-30.7.1920 (1925).
Пасля заняцця Менска польскім войскам у 1919 годзе ад імя Шаптыцкага па-беларуску і па-польску была выдадзена адозва на насельніцтва[11].
У 1920 годзе Станіслаў Шаптыцкі выратаваў жыццё беларускаму палітыку Тамашу Грыбу, калі яго хацелі расстраляць па загаду дэфензывы. Шаптыцкі пазваніў Люцыяну Красуцкаму, шэфу дэфензывы II аддзела Галоўнага камандавання, і сказаў, што за галаву Грыба той адказвае сваёй галавой. Красуцкі адказаў, што няхай заўтра расстраляюць яго, але сёння ўночы ён расстраляе Грыба. Пасля чаго быў зняты з пасады загадам Шаптыцкага[12].
Янка Купала ў сваёй паэме «Барысаў» гэдак згадваў польскага генерала:
Генерал Шаптыцкі, Праклятае славы – |
У міжваенны час галоўная вуліца ў Баранавічах была названа ў гонар Шаптыцкага (цяпер Савецкая), які двойчы адбіваў горад ад бальшавікоў. У пінскай флатыліі адзін з караблёў меў назву «Генерал Шаптыцкі»[13]