wd wp Пошук:

Руская народная добраахвотніцкая армія

Руская народная добраахвотніцкая армія[1] (руск.: Русская народная добровольческая армия) — армія Станіслава Булак-Балаховіча, створаная напярэдадні Палескага паходу. Па заняцці Мазыра армія стала называцца Саюзнай народнай добраахвотніцкай арміяй[1].

Перадумовы

2 кастрычніка 1920 г. у Рызе было падпісанае савецка-польскае перамір’е і папярэднія ўмовы міру, якімі тэрыторыя Беларусі падзялялася на дзве часткі: Заходняя Беларусь і маленькая БССР з шасці паветаў былой Мінскай губерні.

Станіслаў Булак-Балаховіч цвёрда стаяў за далейшую барацьбу з бальшавізмам. Пры падтрымцы начальніка Польскай дзяржавы Ю. Пілсудскага старшыня Рускага палітычнага камітэта ў Польшчы Барыс Савінкаў яшчэ 27 ліпеня заключыў з Булак-Балаховічам пагадненне аб сумесным наступе расійскіх (сфармаваных збольшага з ваеннапалонных) і беларускіх вайсковых часцей у глыбіню Беларусі і Расіі для падняцця масавага сялянскага паўстання супраць бальшавікоў. Каб прыцягнуць да гэтай акцыі і яўрэйскае насельніцтва, быў створаны асобны «яўрэйскі эскадрон» на чале з паручнікам Цэйтліным[1]. Камандоўцам прызначаўся Булак-Балаховіч. 12 кастрычніка 1920 года ён заключыў пагадненне з Паўлам Алексюком зь Беларускага палітычнага камітэта ў Варшаве (які займаў прапольскія пазіцыі), што цывільная ўлада ў Беларусі будзе перададзеная Алексюку і ягонаму камітэту.

Станіслаў Булак-Балаховіч выйшаў у паход з наступнай праграмай:

Палескі паход

Асноўны артыкул: Паход Булак-Балаховіча У раёне МікашэвічаўТурава на пачатку лістапада сабралася армія, падпарадкаваная генералу Булак-Балаховічу. У ёй налічвалася 20 тысяч чалавек[1]. У складзе арміі былі 3 пяхотныя і 1 кавалерыйская дывізіі, сялянская пяхотная брыгада, асобны «туземны» кавалерыйскі полк, полк данскіх казакаў і іншыя[1]. Пры спрошчаным наборы ў армію Балаховіча трапілі і яго ранейшыя жаўнеры, і добраахвотнікі, якія не мелі баявога досведу. Былі і палонныя чырвонаармейцы, і нават разбэшчаныя вайной людзі, і крымінальныя элементы, якія жылі вайной і рабавалі насельніцтва. Выпадкі гвалту і забойстваў змусілі генерала выдаць загад перад паходам ва Усходняе Палессе, што камандзіры, чые жаўнеры займаюцца пагромамі і рабункам, будуць знятыя з камандавання, пастаўленыя перад трыбуналам і асуджаныя «паводле законаў ваеннага часу». «А злоўленых на гарачым учынку як жаўнераў, так і афіцэраў расстрэльваць на месцы. Пагромаў не павінна быць, і яны не будуць мець больш месца».

С.Булак-Балаховіч даў дазвол яўрэйскаму насельніцтву гарадоў і мястэчак ствараць узброеныя атрады самаабароны, каб бараніцца ад пагромаў.

6 лістапада 1920 г. з Турава армія Балаховіча ідзе наступленнем на ўсход па абодвух баках Прыпяці. Галоўны ўдар народнай арміі абрынуўся на 10-ю стралковую дывізію 16-й Савецкай арміі, якая панесла значныя страты і вымушаная была адступаць. 8 лістапада войскі Булак-Балаховіча занялі Петрыкаў, 9 — мястэчка Скрыганаў. Пасля цяжкага бою Пскоўскі полк 1-й дывізіі «смерці» палкоўніка Мацвеева 10 лістапада ў 16 гадзін 40 хвілін заняў Мазыр. Праз дзве гадзіны ў Мазыр уступіла і кавалерыйская дывізія палкоўніка Паўлоўскага. Паўлоўскі сфармаваў з палонных Мазырскі полк. У гэты ж дзень, 10 лістапада, Остраўскі полк 1-й дывізіі Балаховіча заняў Калінкавічы.

Камендант Мазыра генерал-маёр Яраслаўцаў тут жа аддаў загад вывесіць у горадзе на будынках бел-чырвона-белыя беларускія сцягі.

Тэрыторыя Беларусі ў лістападзе 1920 года, цёмна-зялёным колерам пазначаная тэрыторыя «Беларускай дзяржавы», якая кантралявалася арміяй Булак-Балаховіча

14 лістапада Станіслаў Булак-Балаховіч выдаў загад пра фармаванне беларускай арміі з беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі. Ён абвясціў сябе галоўнакамандуючым усімі ўзброенымі сіламі на тэрыторыі Беларусі. Камандаванне Рускай народнай арміяй Булак-Балаховіч перадаў свайму брату Язэпу, надаўшы яму званне генерал-маёра. Кваліфікацыйная камісія пацвердзіла гэтае наданне. Але фактычна С. Булак-Балаховіч па-ранейшаму камандаваў усёй Саюзнай (як яна цяпер называлася) народнай добраахвотніцкай арміяй.

Армія Балаховіча працягвала наступаць. 2-я пяхотная дывізія і група Язэпа Балаховіча, раней намесніка галоўнакамандуючага, наступалі на Рэчыцу, другая частка армій — на Оўруч і Чарнобыль. 16 лістапада атрады Станіслава з трох бакоў падышлі да Рэчыцы і пачалі баі на яе ўскраінах.

Адступленне

Камандаванне Чырвонай Арміі кінула на фронт новыя сілы, якія праз тыдзень ужо мелі колькасную перавагу. З боку Жлобіна контрнаступленне 16-й арміі Заходняга фронту пачалося 16 лістапада. Агульны ж план палягаў на тым, каб акружыць армію Балаховіча і знішчыць яе. Ужо 17 лістапада часці 16-й арміі з баямі занялі Калінкавічы. Пазбягаючы акружэння, С.Булак-Балаховіч спыніў далейшы наступ у глыб Палесся. 19 лістапада пачалося агульнае адступленне. 2-я пяхотная дывізія балахоўцаў упарта абараняла Мазыр, але 20 лістапада і ён быў захоплены бальшавікамі.

Асноўнай групоўцы арміі Балаховіча ўдалося ў раёне КаплічыЯкімавічы (30—40 км на поўнач ад Мазыра) па лясных дарогах, праз рэкі ў балоты прабіцца скрозь заслоны 33-й савецкай Кубанскай казацкай дывізіі і 24 лістапада фарсіраваць раку Пціч. Сам генерал у баях атрымаў рану, але не пакідаў камандавання. 26 лістапада яго войскі выйшлі праз Жыткавічы да чыгуначнай станцыі Сінкевічаў ў раён размяшчэння польскіх войскаў. І хаця план камандавання Чырвонай Арміі — знішчыць вайсковыя сілы Булак-Балаховіча — не ўдаўся, армія гэтая была раззброена польскімі войскамі.

Склад

На пачатку свайго фармавання (лістапад 1920 года) армія мела наступны склад:[2]

Строй

Ужываліся мадыфікаваныя строі былой Рускай імператарскай арміі, Царства Польскага ўзору 1917 года, амерыканскі строй.

Цэшкі: Адамава галава, над ёй белыя зорачкі (у падпаручніка адна, у капітана дзве).

Пятліцы польскія цемна-сінія з блакітным кантам. На пятліцах зорачкі і паскі.

Вайсковыя сцягі

Трыкалор ўзору 1896 года.

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 Анатоль Грыцкевіч. А ЗАГІНУÝ У АНТЫФАШЫСЦКІМ ЗМАГАННІ(бел.)  // Народная воля. — 29.02.2008. — № 31-32.
  2. Григорий Демовидцев. Боевые действия РНДА в ноябре 1920 г.(руск.) .

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Беларуская Народная Рэспубліка
Катэгорыя·З’явіліся ў 1920 годзе
Катэгорыя·Зніклі ў 1921 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Польска-савецкая вайна
Катэгорыя·1920 год у Беларусі
Катэгорыя·Лістапад 1920 года