.mw-parser-output .t-geoinfobox td,.mw-parser-output .t-geoinfobox th{min-width:120px}.mw-parser-output .t-geoinfobox td:only-child,.mw-parser-output .t-geoinfobox th:only-child{text-align:center}.mw-parser-output .t-geoinfobox-name{font-size:110%;padding:2px}.mw-parser-output .t-geoinfobox-nickname{font-style:italic}.mw-parser-output .t-geoinfobox-cave th:only-child,.mw-parser-output .t-geoinfobox-mount th:only-child{background:#e7dcc3}.mw-parser-output .t-geoinfobox-surface th:only-child{background:#ffe4c4}.mw-parser-output .t-geoinfobox-blue th:only-child,.mw-parser-output .t-geoinfobox-water th:only-child{background:#c0daff}.mw-parser-output .t-geoinfobox-underwater th:only-child{background:#b0e0e6}.mw-parser-output .t-geoinfobox-green th:only-child{background:#d0f0c0}.mw-parser-output .t-geoinfobox-tomb th:only-child{background:#bbbbbb}.mw-parser-output .t-geoinfobox-yellow th:only-child{background:#fdeaa8}.mw-parser-output .t-geoinfobox-ny th:only-child{background:#cbd5c4;border:1px solid #aaaaaa}.mw-parser-output .t-geoinfobox-ny th:first-child:not(:only-child){background:#cbd5c4;text-align:right;padding:0 0.5em}.mw-parser-output .t-geoinfobox-grey th:only-child{background:#eaecf0}
Роты (індан.: Rote) — востраў у групе Малых Зондскіх астравоў. Уваходзіць у склад Інданезіі. Плошча — 978,54 км². Насельніцтва — 119 711 чал. (2010).
Востраў Роты знаходзіцца за 11,25 км на паўднёвы захад ад большага па плошчы вострава Тымор, за 1880 км на паўднёвы ўсход ад Джакарты, сталіцы Інданезіі. Выцягнуты з паўднёвага захаду на паўночны ўсход на 82 км. Найбольшая шырыня — 22 км.
Востраў з’явіўся ў зоне субдукцыі літасферных пліт (гл. Тэктоніка пліт) у Юрскі перыяд. Доўгі час ён уяўляў сабою падводны хрыбет, дзе на плыткаводдзі развіваліся каралы, адбываўся працэс адкладання асадкавых парод. Падняцце над вадою прывяло да ўтварэння паверхні, складзенай пераважна вапнякамі і даламітамі. Сучасныя ландшафты сфарміраваліся ў немалой ступені дзякуючы працэсу выветрывання.
Для берагоў характэрны пясчаныя пляжы і скальныя ўздымы. Частка берагавой лініі, асабліва на поўначы, парэзана глыбокімі залівамі. Вылучаецца некалькі невялікіх па плошчы, але глыбокіх азёр — рэштак старажытных лагун. Возера Усіпока на паўночным усходзе мае глыбіню 245 м. Вада ў ім вельмі салёная. У цэнтральнай частцы вылучаюцца пагоркі да 444 м у вышыню.
Клімат трапічны, блізкі да экватарыяльнага. Сярэднія тэмпературы на працягу года вагаюцца ад +26 °C да +29 °C. Найбольш вільготны месяц — студзень, калі выпадае да 361 мм ападкаў.
Паверхня вострава Роты пакрыта лугамі, саваннамі і лясамі. Агульная плошча лясоў дасягае 17 019,84 га. З іх 1 899,17 га займаюць мангры. На Роты сустракаюцца пальміравая пальма, тыкавае дрэва, фікусы, акацыі і г. д. Фаўна славіцца шматлікімі птушкамі і эндэмічнымі чарапахамі.
Роты быў населены ў першай палове 1 тысячагоддзя н. э. аўстранезійцамі з вострава Серам. Згодна паданням астравіцян, іх продкі перасяляліся невялікімі групамі праз суседні Тымор. Да кантактаў з еўрапейцамі яны стварылі 18 дзяржаўных утварэнняў нусак на чале спадчынных арыстакратаў з тытуламі раджаў. Нусак належылі да усходняга або заходняга саюзаў. Жыхары Роты падтрымлівалі сувязі з аддаленымі краінамі. Доказам гэтага з’яўляецца знаходка на востраве старажытнага кітайскага фарфору.
Першымі еўрапейцамі, якія дасягнулі вострава, былі партугальцы ў XVI ст. На іх картах упершыню з’яўляецца назва Ротэс. Яе паходжанне да канца не вызначана. Былі вядомы і іншыя назвы. Канчаткова яна замацавалася ў XVII — XVIII стст. дзякуючы галандцам. У 1662 г. Галандская Ост-Індская кампанія заключыла дамову з 12 нусак. Яна атрымала манаполію ў знешнім гандлі, а таксама права адміністравання. У XVIII ст. большасць арыстакратаў прыняла хрысціянства. Дзякуючы гэтаму на Роты была пабудавана сетка царкоўных школ, дзе астравіцяне маглі атрымліваць адукацыю на блізкай малайскай мове. Многія з іх пераязджалі на Тымор, займалі пасады ў каланіяльнай адміністрацыі. Пазней выхадцы з Роты ўдзельнічалі ў барацьбе за незалежнасць Інданезіі.
Пасля далучэння да незалежнай Інданезіі ў 1949 г. раджы нусак фактычна страцілі ўладу. Востраў увайшоў у склад Усходняй Нуса-Тэнгара. У 2002 г. была створана асобная акруга Ротэ—Ндаа. На востраве развіваецца турызм.