Роберт Фрэнсіс Ферчгат або Фурхгат[13] (англ.: Robert Francis Furchgott, 4 чэрвеня 1916, г. Чарлстан, ЗША — 19 мая 2009, г. Сіэтл, ЗША) — амерыканскі вучоны ў галіне фармакалогіі, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіялогіі і медыцыне ў 1998 годзе разам з Л. Дж. Ігнарам і Ф. Мурадам «за адкрыццё ролі аксіду азоту як сігнальнай малекулы ў рэгуляцыі сардэчна-сасудзістай сістэмы».
Ферчгат нарадзіўся ў Чарлстане, штат Паўднёвая Караліна, у сям’і Артура Ферчгата (снежань 1884 - студзень 1971), які быў уладальнікам універмага, і Пены (Sorentrue) Ферчгат.
Скончыў універсітэт Паўночнай Караліны ў Чэпел-Хіле ў 1937 годзе і Паўночна-Заходні ўніверсітэт у Чыкага ў 1940 годзе. З 1940 года ў Медыцынскім каледжы Корнелскага ўніверсітэта, з 1949 года ў Вашынгтонскім універсітэце. У 1956-1988 гадах у Медыцынскім цэнтры Дзяржаўнага ўніверсітэта Нью-Ёрка (г. Бруклін),[14] з 1989 года прафесар Медыцынскай школы ўніверсітэта г. Маямі.
У 1978 годзе Ферчгат адкрыў рэчыва ў эндатэліяльных клетках, якое выклікае рэлаксацыю крывяносных сасудаў, або эндатэліяльны фактар рэлаксацыі. Да 1986 года ён вывучыў прыроду гэтага агента і механізм яго дзеяння. Ён выявіў, што адкрыты ім фактар рэлаксацыі ёсць не што іншае як аксід азоту (NO), важны кампанент фізіялогіі сардэчна-сасудзістай сістэмы. Гэта даследаванне было важным у тлумачэнні дзеяння Віягры і іншых медыцынскіх і звязаных са здароўем праблем.
Аўтар навуковых прац па механізмах уздзеяння аксіду азоту ў кардыяваскулярнай сістэме, метабалізме макраэргічных злучэнняў у гладкіх мышцах.
Распрацаваў тэорыю рэцэптарнага ўзаемадзеяння, склаў класіфікацыю адрэнарэцэптараў.
Ферчгат, які быў яўрэем,[15] пражыў большую частку свайго жыцця ў Вудмеры (англ.: Woodmere), Нью-Ёрк (Лонг-Айлэнд). Ён быў жанаты на Леноры Мандельбаум (люты 1915 - красавік 1983)[16] з 1941 года да яе смерці ва ўзросце 68 гадоў. У іх было тры дачкі: Джэйн, Сьюзэн і Тэры. Яго дачка, Сьюзэн, была плённай мастачкай у контракультуры Сан-Францыска і сузаснавальніцай Kerista Commune. Роберт Ферчгат пазней пабраўся шлюбам з Маргарэт Галахер Рот, якая памерла 14 сакавіка 2006 года.[17]
Ферчгат памёр 19 мая 2009 года[18] ў Сіэтле.
Роберт Ферчгат на Вікісховішчы |