wd wp Пошук:

Павел Мікалаевіч Спірын

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Спірын.

Павел Мікалаевіч Спірын (нар. 20 мая 1984) — беларускі блогер і грамадскі актывіст, палітычны зняволены, абвінавачаны і асуджаны падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе.

Біяграфія

Юрыст па адукацыі (скончыў тэхнікум па спецыяльнасці «крымінальнае права»), удзельнік Руху «За свабоду», Павел працаваў майстрам у адным з ЖЭС Мінска. Сам Павел сцвярджаў, што пайшоў працаваць ў ЖЭС наўмысна, бо хацеў пераканацца, што сістэма працуе няправільна: «Уладкаваўся на гэтую пасаду спецыяльна. І ўбачыў, што сапраўды людзі маюць падставы, калі кажуць, што гэта сістэма карумпаваная»[1].

У 2012 быў ініцыатарам праверкі, якая павінна была вывучыць законнасць вылучэння былога кіраўніка гарсавету Міхаіла Савановіча ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, якога нібыта вылучылі работнікі ЖЭС-48 Фрунзенскага раёна Мінска. Самі ж работнікі ЖЭС заявілі, што Савановіча ў дэпутаты не вылучалі. У выніку, Савановіч стаў дэпутатам, а праверка скончылася безвынікова[2][3]. Сам Спірын таксама спрабаваў самастойна балатавацца ў парламент, ён быў зарэгістраваны, але далей справа не працягнулася.

Паралельна з працай у ЖЭС і спробамі грамадскай актыўнасці, Спірын стаў пісаць сатырычныя творы пра чыноўнікаў. Адзін са сваіх твораў, сатырычную аповесць пра тагачаснага кіраўніка Мінгарвыканкама Мікалая Ладуцьку, Спірын напрыканцы 2014 году разаслаў на больш чым 1500 электроных адрасоў супрацоўнікаў розных арганізацый, падначаленных Мінгарвыканкаму. У выніку была распачата праверка з мэтай прыцягнення аўтара да крымінальнай адказнасці за «хлусню і абразу асобы»[4]. 1 кастрычніка Спірына затрымалі, ён быў асуджаны на 15 сутак арышту за хуліганства, якія адбываў на Акрэсціна[5]. Пасля гэтага Спірына звольнілі з ЖЭС, ён стаў працаваць рознарабочым у фірмах сяброў і на будоўлях.

З 2016 году Спірын стаў займацца ўласным каналам на youtube, на якім спачатку выкладаў відэа з дэкламацыямі сваіх одаў чыноўнікам — Лукашэнку, Ярмошынай, суддзям і МУС. У снежні 2017 Спірын скончыў рабіць і выклаў у вольны доступ свой дакументальны фільм пра Лукашэнку «Айчым». Акрамя гэтага ён даслаў спасылку на фільм у розныя дзяржаўныя ўстановы, а рэпост фільму зрабіў канал NEXTA, што адразу прыцягнула вялікую ўвагу да гэтага відэа (на момант пачатку праверкі ўжо было больш за 400 тысяч праглядаў, на момант чэрвеня 2022 — больш за 1 млн праглядаў). Сваю матывацыю да стварэння Спірын патлумачыў павагай да фільма Юрыя Хашчавацкага «Звычайны прэзідэнт» і жаданнем таксама зняць такі фільм, а таксама абурэннем наконт падзей у краіне: «Паглядзеў калісьці фільм „Жоўты пясочак“. Я аповесьць Быкава не чытаў. А фільм я распаўсюджваў праз сваіх сяброў. Яны мне сказалі: „Ня трэба маўчаць, бо яны хутка пачнуць нас страляць“. Напэўна таму. Яны пакуль нас толькі катуюць, садзяць у турму, штрафамі спрабуюць… Я змагаюся, як магу, як умею». На падставе абразы Лукашэнкі, якая нібыта змяшчалася ў фільме, была напісана заява (пры гэтым у заяве за аўтарствам Яўгеніі Грыб быў пазначаны адрас заяўніка, па якім не фактычна не існуе ні дому, ні кватэры)[6], пасля чаго была прызначана даследчая праверка, Спірын быў дапытаны, але справа скончылася без прыцягнення яго да крымінальнай адказнасці[7][8].

У сакавіку 2019 Спірын зняў і выклаў у сеціва ролік, прысвечаны працы камісій «па дармаедам»: «Яго сутнасць у тым, каб высмеяць працу гэтых камісій. Бо яны працуюць не на падставе закона, а на падставе антыканстытуцыйных дэкрэтаў і ўказаў». На гэты ролік і каментары пад ім тагачасны намеснік кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна г. Мінска Сяргей Павачка напісаў заяву ў РУУС, дзе паведаміў, што «ён пакутуе, страціў сон і апетыт. І ў далейшым ён не можа ажыццяўляць кіруючую дзейнасць, пакуль не знойдуць чалавека, які пакінуў дадзены каментар». У выніку Спірын быў дапытаны, пасля агляду яго кватэры быў канфіскаваны жорсткі дыск яго кампутара[9].

У верасні 2019 Спірын падтрымаў блогера Мікалая Маслоўскага, калі той спрабаваў не даць былой «Міс Беларусь-2018» Марыі Васілевіч стаць дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Дзеля гэтага Маслоўскі з дапамогай іншых беларускіх блогераў — Сяргея Ціханоўскага, Паўла Спірына, Аляксандра Кабанава, Сяргея Пятрухіна, Арцёма Шапарава — спрабаваў вылучыцца ў дэпутаты па тым жа раёне, дзе вылучалася Васілевіч[10]. Вылучэнне Васілевіч у парламент тады таксама раскрытыкавала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, што выклікала адказ Лукашэнкі, і ў выніку Васілевіч была абрана (яна набрала найменшую колькасць галасоў сярод усіх 110 акруг — 28,94%)[11].

Наступным фільмам Спірына, які выклікаў вялікі рэзананс, а да яго самога зноў прыцягнуў увагу следчых, стаў фільм «Грань-2019». У гэтым фільме Спірын паказаў, як у працэсе барацьбы дзяржаўных службаў з распаўсюдам наркотыкаў у краіне ламаюцца лёсы падлеткаў і іх бацькоў. Мэту гэтага фільма Спірын апісаў наступным чынам: «дзеці нарэшце перастануць гніць у турмах і ў іх нарэшце з’явіцца шанец на добрае жыццё». У лістападзе 2019 фільм трапіў у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў (што прадугледжвае адказнасць за яго распаўсюд)[12], на самога Спірына была заведзена крымінальная справа, якая да падзей 2020 году не мела рэальных наступстваў для яго[13].

На прэзідэнцкіх выбарах 2020 спачатку паспрабаваў удзельнічаць як кандыдат[14]. Але ён не прайшоў рэгістрацыю ў Цэнтрвыбаркаме праз нібыта несапраўдныя звесткі пра чальцоў сваёй ініцыатыўнай групы, а таксама праз памылкі ў афармленні. Разгляд сваёй кандыдатуры ў ЦВК Павел трансляваў у прамым эфіры[15]. Тады Спірын далучыўся да Аб’яднанага штабу Святланы Ціханоўскай, стаў яе даверанай асобай[16].

Пасля жорсткіх падзей вакол выбараў Спірын 22 жніўня выклаў фільм «Жудасная тайна генпракурора Беларусі: карт-бланш на садызм», які на момант яго затрымання, якое адбылося 4 верасня, меў больш за 600 тысяч праглядаў.

Сям’я

Жонка Ірына, сын Арцём.

Палітычны пераслед 2020—2022

Павел Спірын быў затрыманы 4 верасня ў Мінску, у яго кватэры быў праведзены ператрус, а яго самога змясцілі на Акрэсціна. Дзеля яго затрымання міліцыянты нават адключалі электрычнасць у яго кватэры[17]. Справу распачалі нібыта на падставе яго фільма «Грань», які з 2019 знаходзіўся ў рэестры экстрэмісцкіх матэрыялаў, была заведзена крымінальная справа па арт.130 Крымінальнага кодэкса (Распальванне варожасці ці варажнечы)[18]. Праз тры дні Павел быў вызвалены (у яго забралі пашпарт, узялі падпіску аб нявыездзе і павезьлі на псыхіятрычную экспэртызу, якая прызнала яго здаровым, пасля чаго яго вызвалілі), на што ён адрэагаваў новым ролікам на сваім канале, які выклаў 8 верасня. На наступны дзень, 9 верасня, Павел быў затрыманы зноў, пазней быў змешчаны ў СІЗА-1 на Валадарскага ў Мінску, да яго абвінавачвання далучылі таксама яго апошні вялікі фільм «Жудасная тайна генпракурора Беларусі: карт-бланш на садызм». Частку часу да суда ўтрымліваўся ў СІЗА ў Жодзіна.

Праз чатыры з паловай месяцы пасля затрымання, 25 студзеня 2021, у Мінскім гарадскім судзе распачаўся судовы разгляд справы Спірына. Справу вяла суддзя Дзіна Кучук[19], дзяржаўным абвінаваўцам быў пракурор Антон Цюменцаў. Падтрымаць Спірына прыйшла каля сотні чалавек, больш за 70 не трапілі ў залю паседжанняў праз недахоп месцаў. Спірын адмовіўся ад адваката, абараняў сябе сам, сваю віну не прызнаў. Спіріна вінавацілі ў фарміраванні нянавісці да шэрагу чыноўнікаў, а таксама, што ён нібыта заклікаў да гвалтоўных дзеянняў супраць іх[20].

1 лютага адбыліся спрэчкі бакоў, разгледжаны вынікі экспертыз, якія ацэнівалі выказванні і меркаванні Спірына ў яго роліках (эксперты з боку абвінавачвання паказалі, што заклікі да гвалту ёсць, эксперт з боку Спірына — што заклікі адсутнічаюць), таксама Спірын выступіў са сваім апошнім словам, у якім звярнуў увагу на выбарачны характар крымінальнага пераследу за выказванне меркаванняў:«Мае відэа — гэта проста крытыка. Жорсткая, але крытыка. Напрыклад, газета адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі 300-тысячным накладам распаўсюджвае яшчэ большую крытыку, чым я. Заклікаючы адбіраць з сем’яў пратэстоўцаў іх дзяцей. Параўноўваючы пратэстоўцаў з фашыстамі. І ніхто гэтых журналістаў і рэдактараў у распальванні сацыяльнай варожасці не абвінавачвае». Пракурор Цюменцаў запрасіў пакаранне ў выглядзе чатырох з паловай гадоў ва ўмовах калоніі агульнага рэжыму[21].

5 лютага суддзя Кучук вынесла менавіта такі прысуд, як раней запрасіў пракурор: чатыры гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму, што на паўгады менш за максімальны тэрмін па арт.130[22].

8 лютага 2021 шэрагам беларускіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтр і Беларуская асацыяцыя журналістаў Павел Спірын быў прызнаны палітычным зняволенным, праваабаронцы заклікалі да неадкладнага вызвалення Спірына: «прысуд Паўлу Спірыну з’яўляецца недапушчальным абмежаваннем свабоды выказвання меркавання, які стварае новыя небяспечныя формы пераследу грамадзян за публічную крытыку дзейнасці дзяржаўных органаў і прадстаўнікоў улады»[23][24].

9 чэрвеня 2021 сімвалічным «хросным» Паўла Спірына стаў дэпутат шведскага Рыксдага Давід Ёзэфсан(англ.) бел.[25][26].

Адбываць прызначаны тэрмін Спірын быў пераведзены ў папраўчую калонію № 2 у Бабруйску. У калоніі працуе на кухні, дзе ачышчае талеркі ад ежы, таксама пачаў пісаць кнігу, у якой збіраўся вывучыць прыроду ўлады, пачатак кнігі ён перадаў у лістах на волю[27].

Зноскі

  1. «Праўдаруб» з ЖЭСу паспрабаваў знішчыць карумпаваную сістэму. Цяпер працуе на будове (бел.)
  2. Дэпутат Савановіч адмовіўся ад сустрэчы з былымі канкурэнтамі (бел.)
  3. Ярмошына: ЖЭС ня мае ніякага значэньня (бел.)
  4. Ладутько поручил милиции наказать автора повести о «мэре» Минска (руск.)
  5. ​Меркаваны аўтар аповесьці пра мэра Ладуцьку на Акрэсьціна (бел.)
  6. Ці пасадзяць блогера за фільм пра Лукашэнку? (бел.)
  7. «Так ня хочацца ў турму». Яшчэ аднаго блогера могуць прыцягнуць да адказнасьці за «абразу прэзыдэнта» (бел.)
  8. Белорусским видеоблогерам грозят реальные тюремные сроки (руск.)
  9. Зняў пасяджэнне камісіі «па дармаедах» — атрымаў праверку па крыміналцы (бел.)
  10. «Спакойна, Маша, я — Маслоўскі. І ты не будзеш дэпутатам»: блогеры кінулі выклік «Міс Беларусь» (бел.)
  11. Как из-за выдвижения Василевич Лукашенко поругался с Ермошиной (руск.)
  12. Фильм беларуского блогера внесли в «экстремистский список» (руск.)
  13. Крымінальная справа за фільм на Youtube — пераслед за праўду? (бел.)
  14. Блогер Павел Спірын мае намер балатавацца ў прэзідэнты (бел.)
  15. ЦВК зарэгістравала групы Бабарыкі, Цапкалы і яшчэ 13 патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты, 40 прэтэндэнтам адмовілі (бел.)
  16. Статкевіч, Кавалькова, Хашчавацкі, АГП і БХД. Хто падтрымлівае Сьвятлану Ціханоўскую (бел.)
  17. «Пошла проверить счетчик, ворвались люди в балаклавах». Жена белорусского блогера Павла Спирина — о 4,5 года колонии за ролики (руск.)
  18. У межах крымінальнай справы затрыманы блогер Павел Спірын (бел.)
  19. Кучук Дина Валентиновна (руск.)
  20. «Чаму вы так абражаеце АМАП?» — працяг суда над Паўлам Спірыным, на які не трапіла каля 70 чалавек (бел.)
  21. Крытыка — гэта экстрэмізм? Справа блогера Паўла Спірына: судовае следства і апошняе слова (бел.)
  22. Чатыры з паловай гады за два фільмы — вынесены прысуд блогеру Паўлу Спірыну (бел.)
  23. Заява аб прызнанні блогера Паўла Спірына палітычным зняволеным (бел.)
  24. Результаты наблюдения за судебным процессом в отношении блогера Павла Спирина (руск.)
  25. Members of Parliament from the UK, Sweden and Denmark take over godparenthoods of Mikita Yemialiyanau, Pavel Spiryn and Anatol Khinevich (англ.)
  26. У Леаніда Судаленкі, Дзяніса Івашына, Дзяніса Урада і яшчэ 6 палітвязняў з’явіліся «хросныя» (бел.)
  27. Жонка Паўла Спірына хоча выдаць ягоную кнігу (бел.)

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (12):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Палітвязні Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1984 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Нарадзіліся 20 мая
Катэгорыя·Асобы, прызнаныя вязнямі сумлення праваабарончым цэнтрам «Вясна»
Катэгорыя·Блогеры Беларусі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Відэаблогеры