Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў — пастаянна дзеючы орган, утвораны Вярхоўным Саветам Беларускай ССР 4 снежня 1989 года.
Дзейнасць Цэнтральнай камісіі спачатку вызначалася Законам Беларускай ССР «Аб выбарах народных дэпутатаў Беларускай ССР» ад 27 кастрычніка 1989 года. У адпаведнасці з названым Законам Цэнтральная камісія ўтваралася ў складзе старшыні, двух намеснікаў, сакратара і 15 членаў камісіі. У цяперашні час парадак утварэння Цэнтральнай камісіі вызначаны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Прававы статус Цэнтральнай камісіі ўрэгуляваны ў Выбарчым кодэксе Рэспублікі Беларусь. Парадак працы камісіі вызначаецца яе Рэгламентам.
Цэнтральная камісія дзейнічае на пастаяннай аснове, тэрмін паўнамоцтваў Цэнтральнай камісіі — 5 гадоў. Цэнтральная камісія складаецца з 12 членаў, на прафесійнай аснове працуюць Старшыня і сакратар камісіі. Склад Цэнтральнай камісіі фарміруюць Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь на парытэтнай аснове (па 6 членаў камісіі) з кандыдатур, рэкамендаваных прэзідыумамі абласных, Мінскага гарадскога Саветаў дэпутатаў і адпаведнымі выканаўчымі камітэтамі.
Апарат Цэнтральнай камісіі, які ажыццяўляе прававое, арганізацыйна-метадычнае, дакументацыйнае, інфармацыйна-аналітычнае, матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне дзейнасці Цэнтральнай камісіі, складаецца з 8 супрацоўнікаў.
Цэнтральная камісія супрацоўнічае з усімі цэнтральнымі выбарчымі органамі краін СНД. У 1998 годзе Цэнтральная камісія была прынята ў Асацыяцыю арганізатараў выбараў краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Пачынаючы з 14 кастрычніка 2013 года, Цэнтральная камісія з’яўляецца адным з заснавальнікаў Сусветнай асацыяцыі выбарчых органаў (A-WEB). Старшыня цэнтральнай камісіі — Ігар Васільевіч Карпенка.
10 красавіка 2006 года па выніках прэзідэнцкіх выбараў 2006 года старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына была ўнесена ў Чорны спіс Еўрасаюза і спіс спецыяльна прызначаных грамадзян і заблакіраваных асоб ЗША па падазрэнні ў падтасоўцы вынікаў[7][8][9]. У 2007 годзе ў амерыканскі санкцыйны спіс быў дададзены і член ЦВК Алег Сліжэўскі[10][11].
У лютым 2011 года Ярмошына разам з іншымі членамі ЦВК была зноў унесеная ў Чорны спіс Еўрасаюза па выніках прэзыдэнцкіх выбараў 2010 года за парушэнні міжнародных выбарчых стандартаў[12][13]. Гэтыя еўрапейскія санкцыі былі знятыя 15 лютага 2016 года[14].
2 кастрычніка 2020 года Еўрапейскі саюз увёў санкцыі ў дачыненні да ўсіх 12 членаў камісіі за парушэнні на жнівеньскіх выбарах[15][16]. Восенню 2020 года Вялікабрытанія[17], Канада[18][19] і Швейцарыя[20] таксама ўвялі санкцыі супраць усіх членаў ЦВК. ЗША ўвялі санкцыі супраць намесніка старшыні ЦВК Вадзіма Іпатава(руск.) бел. і сакратаркі ЦВК Алены Дмухайла 2 кастрычніка 2020 года[21], а 21 чэрвеня 2021 года пашырылі іх на астатніх членаў камісіі[22]. Акрамя таго, 23 снежня 2020 года пад санкцыі ЗША трапіла сама Цэнтральная выбарчая камісія як установа, што падрывае дэмакратычныя працэсы або інстытуты ў Беларусі, за кіраўніцтва фальшывымі прэзідэнцкімі выбарамі 9 жніўня, якія ўключалі мноства парушэнняў, у тым ліку нядопуск кандыдатаў ад апазіцыі, адмову ў доступе назіральнікам і засведчанне недакладных вынікаў галасавання[23][24].