Она Шымáйце (літ.: Ona Šimaitė; 6 студзеня 1894, Акмяны, Ковенская губерня, Расійская імперыя ― 17 студзеня 1970, Кармей-ан-Парызі, Францыя) ― літоўская літаратарка, бібліятэкарка, грамадская дзяячка і праведніца народаў свету[4].
Нарадзілася ў Акмянах ў беднай сям’і 6 студзеня 1894 года. У 8 гадоў разам з бацькамі паехала ў Рыгу, дзе скончыла пачатковую і сярэднюю школу. З пачаткам Першай сусветнай вайны сям’я эвакуіравалася ў Расію[5].
У 1914—1919 гадах вывучала педагогіку ў Маскоўскім універсітэце. Слухала лекцыі на юрыдычным факультэце. Працавала выхавальніцай для беспрытульных дзяцей у розных навучальных установах[5].
У маладосці была набожнай каталічкай, але ў выніку рэвалюцыі ў Расіі яна згубіла веру ― надалей вызначалася як атэістка і анархістка[6].
У 1922 вярнулася ў Літву. Жыла ў Каўнасе. У 1922—1924 гадах працавала настаўніцай у яўрэйскай пачатковай школе. У 1924 годзе пачала вывучаць гуманітарныя навукі ў Каўнаскім універсітэце. Сябравала з літаратарамі левых поглядаў, у т.л. з Казісам Борутам[7].
У 1922—1937 гадах з невялікімі перапынкамі працавала перакладчыцай у пасольстве СССР у Каўнасе[7].
У 1940 г. пераехала ў Вільню. Яна займалася каталагізацыяй кніг, была загадніцай аддзела старадрукаў[7].
Была членам Таварыства бібліятэкараў Літвы[7].
Замуж не выйшла і дзяцей не мела. Размаўляла на літоўскай, польскай, рускай, французскай, нямецкай мовах і крыху на ідыш[8].
Пасля вайны тры гады правяла ў Ізраілі, астатні час — у Францыі, дзе працавала бібліятэкаркай. Памерла каля Парыжа ў доме састарэлых, яе магілы няма, бо сваё цела ахвяравала навуцы[9].
З пачаткам нямецкай акупацыі, калі ў Вільні было створана гета, стала дапамагаць яўрэям, пранікаючы ўнутр, каб нібыта забраць у студэнтаў пазычаныя ў бібліятэцы кнігі. Прыгэтым яна праносіла ў гета ежу і малагабарытную зброю, а адтуль падкрадня выносіла і ратавала дзяцей і гістарычныя дакументы. Падпольніца знаходзіла людзей, якія былі гатовыя падрабляць дакументы для тых, хто збіраўся ўцякаць з гета і забяспечвала іх сувязь са знешнім светам як кур’ерка. Свой дом Она таксама выкарыстоўвала як часовы прытулак для яўрэяў[6].
У красавіку 1944 года была арыштавана гестапа. Яе катавалі і збіраліся пакараць смерцю, але пасля выплаты рэктарам універсітэту выкупу яе перавезлі ў Дахаў, адкуль затым перавезлі ў іншы канцлагер на тэрыторыі Францыі. З гэтага лагера Она Шымайце была вызвалена войскамі саюзнікаў[6].
15 сакавіка 1966 года Ізраільскі інстытут Яд ва-Шэм прызнаў Ону Шымайце праведніцай народаў свету і высадзіў у яе гонар дрэва[8].
У 1940–1941 друкавалася ў «Głos Wileński»[8].
Пасля вайны займалася перакладамі кніг, пісала рэцэнзіі, артыкулы, лісты, вяла дзённікі. Пісала ўспаміны пра літоўскіх пісьменнікаў, апісвала ліставанне з жыхарамі Віленскага гета, рыхтавала публікацыі пра літоўцаў і яўрэяў часоў нямецкай акупацыі. Яна дапамагала ў зборы матэрыялаў для зборніка паэзіі Юргіса Балтрушайціса «Poezja». За мяжой яна збірала матэрыялы і адпраўляла іх у Літву для бібліяграфіі Мікалоюса Чурлёніса[10].
Пра Віленскае гета яна пісала ў яўрэйскай прэсе Францыі, Ізраіля, ЗША, Аргенціны і ПАР. У 1953–1969 гадах яна мела шэраг сустрэч з яўрэямі, якія перажылі Халакост, запісвала іх успаміны[6].
У Літоўскай нацыянальнай бібліятэцы М. Мажвідаса, Цэнтральнай бібліятэцы Акадэміі навук, бібліятэцы Віленскага ўніверсітэта, Літоўскім архіве літаратуры і мастацтва і Дзяржаўным яўрэйскім музеі Гаона ў Вільні захоўваюцца яе лісты і дзённікі[10].