wd wp Пошук:

Нгоні

Нгоні (саманазва: angoni) — усходнеафрыканскі народ. Жывуць пераважна на тэрыторыі дзяржаў Замбія, Танзанія, Малаві і Мазамбік. Агульная колькасць (2016 г.) - каля 1 187 000 тыс. чал.[1]

Гісторыя

Непасрэднымі продкамі нгоні з’яўляюцца паўночныя групы банту-нгуні. Яны перасяліліся ў сярэднявеччы з Цэнтральнай або Усходняй Афрыкі ў Паўднёвую Афрыку, дзе займаліся пастаральнай жывёлагадоўляй[2][3]. У першай трэці XIX ст. частка нгоні аб’ядналася на чале правадыра Чакі і стварыла дзяржаву зулусаў. Заваяванні Чакі на поўдні Афрыкі выклікалі міграцыі яго праціўнікаў на поўнач. Найбольшае перасяленне ва Усходнюю Афрыку адбылося пасля 1819 г., калі зулусы перамаглі альянс нгуні-ндвандвэ. Каля 1825 г. буйная група перасяленцаў на чале правадыра Звангендабы пераправілася праз Замбезі, дзе нанесла паражэнне шона. Да яе далучаліся меньшыя групы нгуні.

Дзяржава Звангендабы стала першасным месцам фарміравання нгоні Усходняй Афрыкі. Звангендаба і яго паплечнікі вялі актыўную ваенную палітыку, ўрываліся ў раёны Вялікіх Афрыканскіх азёр, на ўсходзе даходзілі да Індыйскага акіяна. Нгоні не мелі поўнага адзінства. Іх суіснаванне суправаджалася ўзаемнымі сутычкамі, захопам суседніх тэрыторый для пашырэння пашаў. Пасля смерці Звангендабы ў 1848 г. дзяржава нгоні канчаткова распалася.

У другой палове XIX ст. на ўсходзе Афрыкі існаваў шэраг дзяржаўных аб’яднанняў нгоні, якія рэдка межавалі адно з іншым. У некаторых дзяржавах нгоні ператварыліся ў высакародны пласт ваенных, да якога далучаліся прадстаўнікі іншых народаў. Такія нгоні захоўвалі сваю назву і гістарычную тоеснасць, аднак хутка гублялі сваю родную мову і пастаральную культуру. Да пачатку XX ст. дзяржавы нгоні трапілі ў склад каланіяльных валоданняў еўрапейскіх дзяржаў, а ў другой палове XX ст. — незалежных дзяржаў Афрыкі.

Культура

Нгоні ў ваенным аблачэнні, 1911 г.

Да вымушанай міграцыі на ўсход Афрыкі нгоні займаліся пераважна жывёлагадоўляй. Асноўнай жывёлай для выпасу была доўгарогая зебу[4], прыстасаванная для жыцця ў саванне. Пры перасяленні пашавая жывёлагадоўля дазваляла захоўваць мабільнаць і патэнцыйна прытрымлівацца больш высокіх стандартаў жыцця, чым земляробы[5], паколькі каровы служылі агульнапрынятым сродкам абмену і разліку. Клопат пра зебу лічыўся абавязкам мужчын. У некаторых выпадках групы перасяленцаў захоўвалі лад жыцця жывёлагадоўцаў. У Танзаніі качэўнікі-нгоні вандравалі па ўсяму поўдню краіны і вялі сезонны абмен каля ўзбярэжжа Індыйскага акіяна. На тэрыторыі Малаві яны былі вымушаны стаць земляробамі. Земляробства было вядома ужо падчас жыцця ў Паўднёвай Афрыцы, жанчыны-нгоні вырошчвалі проса. Але пасля перасялення нгоні запазычвалі земляробчыя традыцыі мясцовых народаў[6].

Традыцыйны від паселішча — крааль[7], які ўяўляе сабою замкнёнае кола з круглявых хацін, крытых саломай. Нгоні ладзяць плот з калючага хмызняку, каб абараніць жытлы ад дзікіх драпежнікаў. Шырокі двор выкарыстоўваецца як часовы загон для жывёлы.

Нягледзячы на значныя змены ў матэрыяльнай культуры, якія адбыліся пасля міграцыі XIX ст., нгоні захоўваюць традыцыйную грамадскую арганізацыю. Яе асновай з’яўляюцца пашыраныя сем’і, што аб’ядноўваюцца ў роды. На чале сям’і стаіць старэйшы мужчына. Пашырана палігінія. Роды нгоні маюць розны сацыяльны статус[8]. У прыватнасці, вылучаюцца высакародныя сямейныя саюзы, у тым ліку манархічныя. Падчас заваявання новых тэрыторый нгоні вымушалі палонных воінаў далучацца да свайго войска, астатніх жыхароў забівалі. Нашчадкі палонных складаюць ніжэйшы пласт родаў, аднак разглядаюцца вышэй за суседнія народы.

У XIX ст. галоўнай справай нгоні з’яўлялася ваенная. Перавага атрадаў нгоні над мясцовым насельніцтвам выяўлялася ў наяўнасці страявой пабудовы арміі і выкарыстанні шчытоў і цяжкіх ручных дзід, у той час як іх супернікі аддавалі перавагу лёгкім кідальным дзідам. Ваенныя групы нгоні на полі боя замыкаліся ў паўкола для магчымасці ўзяць атрад ворагаў у аблогу. Яны імітавалі напад, кідаючы лёгкія дзіды, і такім чынам вымушалі кідаць дзіды ў адказ. Потым нгоні ішлі ў наступ на разброенных праціўнікаў і атрымоўвалі перамогу. У пазнейшыя часы, калі нгоні сутыкнуліся з агнястрэльнай зброяй, яны паспяхова выкарыстоўвалі засады ў перасечанай мясцовасці.

Нгоні знакаміты сваім фальклорамказкамі, легендамі, гістарычнымі паданнямі, песнямі і танцамі. У лютым арганізуецца найбольш яркае свята нквала[9]. Яно бярэ пачатак у XIX ст. ад рытуальных узнясенняў продкам рода вярхоўнага правадыра і месячнаму зацьменню. У нашы дні прысвячаецца збору ўраджаю, суправаджаецца песнямі, танцамі, забоем рагатай жывёлы.

Мова

Кінгоні (або чынгоні) — родная мова народа нгоні. Яна належыць да групы нгуні моўнай сям’і банту. Доўгі час заставалася непісьменнай. У выніку дысперсіі розных груп нгоні склалася мноства дыялектаў, якія папаўняліся лексікай суседніх народаў. У тых мясцовасцях, дзе нгоні фарміравалі толькі вышэйшы пласт насельніцтва або жылі ў асяроддзі іншых этнічных груп, іх асабістая мова хутка гублялася. У іншых выпадках яна выціскалася ў выніку школьнай адукацыі, калі дзеці нгоні вывучалі пісьмовыя мовы, а потым былі вымушаны імі карыстацца ў паўседзённым жыцці. Аднак у нашы дні робяцца захады для адраджэння і ўкаранення адзінай літаратурнай формы кінгоні.

Рэлігія

Традыцыйная рэлігія нгоні заснавана ў веры ў шматлікіх духаў, магію. Важную ролю ў ёй адыгрывае культ продкаў, якія разглядаюцца як заступнікі перад адзіным богам. У XIX - пачатку XX стст. распаўсюдзіліся розныя плыні хрысціянства.

Зноскі

  1. Ngoni
  2. Nguni
  3. Thomas N. Huffman, The archaeology of the Nguni past
  4. Angoni cattle Архівавана 12 мая 2017.
  5. The Ngoni and Their Cattle
  6. Tumbuka
  7. The Ngoni Migrations And Settlement In East Africa
  8. CLANS OF THE NGONI
  9. The Ncwala Traditional Ceremony of the Ngoni People of Eastern Province Архівавана 13 сакавіка 2016.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Народы Афрыкі
Катэгорыя·Народы Танзаніі
Катэгорыя·Народы банту
Катэгорыя·Народы Замбіі
Катэгорыя·Народы Малаві
Катэгорыя·Народы Мазамбіка