wd wp Пошук:

Міхаіл Афанасьевіч Дружына

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Дружына. Міхаіл Афанасьевіч Дружы́на (7 мая 1922, в. Курылаўка, Днепрапятроўская вобласць, УССР — 2013, Мінск) — беларускі спявак (бас). Заслужаны артыст Беларускай ССР (1982)[1].

Біяграфія

Украінец. Нарадзіўся 7 мая 1922 года ў сяле Курылаўка Днепрапятроўскай вобласці. Бацька, Афанасій Пятровіч, яшчэ з дарэвалюцыйных часоў працаваў кавалём на металургічным заводзе ў Днепрадзяржынску, маці, Наталля Пракопаўна, з’яўлялася хатняй гаспадыняй. Толькі бабуля была гарачай аматаркай спеваў[2].

Міхаіл вучыўся ў суседнім Днепрадзяржынску, каб патрапіць туды з Курылаўкі трэба было пераправіцца цераз Дняпро на вялікай шырокай лодцы («дубе»). У дзяцінстве марыў, каб у іх сяле працавала свая школа, паступова ў яго ўзнікла жаданне самому вучыць дзяцей. Таму, атрымаўшы ў 1939 годзе сярэдняя адукацыя, ён паступіў у Днепрадзяржынскае педагагічнае вучылішча. Тут адбыўся дэбют будучага спевака, калі ўдзельнічаючы ў самадзейнасці, ён выканаў куплеты Трыке з «Яўгена Анегіна». Вучылішча Дружына скончыў у чэрвені 1941 года, але папрацаваць па спецыяльнасці не паспеў, бо пачалася вайна[2].

У жніўні 1941 года Дружыну прызвалі ў Савецкую Армію. Ваенкамат накіраваў будучага спевака ў флот, бо Міхаіл да вайны падзарабляў выратавальнікам на Дняпры, але сітуацыя рэзка змянілася, армія адчувала недахоп у лётчыках. Юнака накіравалі на вучобу ў авіяцыйнае вучылішча, якое неўзабаве перабазавалася ва ўзбекскі горад Катакурган. У 1943 годзе Міхаіла як аднаго з лепшых пілотаў перавялі ў Бугурусланскае авіяцыйнае вучылішча, дзе Дружына вучыў маладых пілотаў навыкам будучай прафесіі[2].

З вясны 1944 года Дружына ваяваў на Заходнім фронце, удзельнічаў у вызваленні Усходняй Еўропы[3]. Пасля вызвалення Варшавы ў студзені 1945 года вярнуўся да педагагічных заняткаў, да 1948 года працаваў інструктарам лётчыкаў Войска Польскага ў афіцэрскім лётным вучылішчы, размешчаным у горадзе Дэмблін[2]. У 1948 годзе Міхаіл вярнуўся з Польшчы ў Беларусь і працягнуў службу ў савецкай арміі. У ваенныя гады перыядычна выступаў у канцэртах для аднапалчан, пасля перамогі браў удзел у салдацкай самадзейнасці[3]. У 1950 годзе старшага лейтэнанта Дружыну перавялі ў вайсковую часць, якая базавалася ў Сцяпянцы (прыгарадзе Мінска)[2].

У 1951 годзе змог паступіць у Беларускую кансерваторыю. Вучоба ішла паралельна са службай у авіяцыі[3]. Тут пазнаёміўся з Палінай Галачэвай, якая паступіла ў клас да прафесара Віцінга на год раней за Дружыну і да свайго апошняга курсу пагадзілася выйсці за яго замуж. У 1952 годзе Міхаіла Дружыну выклікалі з адпачынку, каб ён выступіў на канцэрце, які быў прадугледжаны пасля правядзення ў БССР вучэнняў войскаў краін Варшаўскага дагавора. У лесе пад Баранавічамі вялікую брызентавую палатку ператварылі ў глядзельную залу, побач размясцілася сцэна, на паляне сабраліся гледачы старэйшых і вышэйных званняў, у тым ліку маршал Георгій Жукаў[2].

Выканаў «Песню варажскага госця» і «Куплеты Мефістофеля» — апладысменты не змаўкаюць, развярнуцца і сысці нязручна, а дырыжор шэпча: «Міша, праспявай для Жукава «Дывлюсь я на неба». Ведаючы пра слабасць маршала да ўкраінскіх песень, я расхрабрыўся і з вялікім пачуццём зацягнуў «…чому я не сокiл». Тут пад абсалютны шквал апладысментаў Жукаў ўстае, за ім, натуральна, уся зала, падыходзіць да мяне, моцна цісне руку і гаворыць: «Малайчына, старшы лейтэнант, вам бы трэба ў оперы спяваць!»

Скончыў кансерваторыю ў 1956 годзе (клас Я. Віцінга)[1]. У выніку па хадайніцтве Міністэрства культуры БССР у кастрычніку 1956 года ён быў звольнены з Савецкай арміі ў запас[2].

З 1956 года саліст Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі[1]. Сышоў са сцэны па стане здароўя толькі ў чэрвені 2011 года[3].

З’яўляўся салістам народнага вакальнага ансамбля ветэранаў вайны і Узброеных Сіл Цэнтральнага Дому афіцэраў «Памяць сэрца»[3].

Член Беларускага саюза тэатральных дзеячаў з 1957 года.

Творчасць

Міхаіл Дружына ў ролі цара Егіпта ў оперы «Аіда». 1963

Валодае голасам шырокага дыяпазону, добрымі сцэнічнымі данымі, свабодна адчувае сябе ў партыях лірыка-драматычных і камедыйнага плана. Сярод партый нацыянальнага рэпертуару: Гадлеўскі («Яснае світанне» А. Туранкова), Прафесар, Ракоўскі («Калючая ружа», «Новая зямля» Ю. Семянякі), Палкоўнік («Надзея Дурава» А. Багатырова), Найміт («Сівая легенда» Дз. Смольскага); найб. значныя партыі з класічных опер — Сусанін («Іван Сусанін» М. Глінкі), Грэмін («Яўген Анегін» П. Чайкоўскага), Млынар («Русалка» А. Даргамыжскага), Дасіфей, Пімен («Хаваншчына[ru]», «Барыс Гадуноў» М. Мусаргскага), Канчак («Князь Ігар» А. Барадзіна), цар Дадон («Залаты пеўнік[ru]» М. Рымскага-Корсакава), Агамемнан («Арэстэя[ru]» С. Танеева), Мефістофель («Фаўст» Ш. Гуно), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж. Расіні), Інквізітар («Дон Карлас» Дж. Вердзі), Стольнік («Галька[pl]» С. Манюшкі)[1].

У старэчым узросце ў спевака заставаліся партыі Шляхціча («Дзікае паляванне караля Стаха»), Сабакіна («Царская нявеста»), Анжэлоці («Тоска»)[3].

Узнагароды

Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі «За баявыя заслугі» і «За перамогу над Германіяй», двума польскімі ордэнамі «Сярэбраны Крыж Заслугі», медалём «За перамогу і свабоду»[3].

За вернасць беларускаму нацыянальнаму тэатру і шматгадовую творчасць узнагароджаны «Крыштальнай Паўлінкай» (2008)[4].

Сям’я

Быў у шлюбе са спявачкай Палінай Дружына, з якой меў сына Аляксандра, які працаваў на тэхнічных пасадах у Тэатры музычнай камедыі[2].

Зноскі

  1. 1 2 3 4 А. Я. Ракава. Дружына Міхаіл Афанасьевіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6), ISBN 985-11-0035-8.
  2. 1 2 3 4 5 6 7 8 ЛЕТАЮЩИЙ ПЕВЕЦ: МИХАИЛУ ДРУЖИНЕ — 90 ЛЕТ
  3. 1 2 3 4 5 6 7 «ПОКА Я ПОМНЮ, Я ЖИВУ»
  4. Крыштальнае прызнанне. 29 сакавіка 2008

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (24):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Нарадзіліся 7 мая
Катэгорыя·Заслужаныя артысты Беларускай ССР
Катэгорыя·Узнагароджаныя медалём «За баявыя заслугі»
Катэгорыя·Оперныя спевакі і спявачкі Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся ва Украіне
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з аўтарам
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1922 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў Мінску
Катэгорыя·Члены Беларускага саюза тэатральных дзеячаў
Катэгорыя·Памерлі ў 2013 годзе
Катэгорыя·Музыканты паводле алфавіта
Катэгорыя·Постаці Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь
Катэгорыя·Узнагароджаныя сярэбраным крыжом Заслугі
Катэгорыя·Выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі
Катэгорыя·Оперныя спевакі і спявачкі XXI стагоддзя
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Днепрапятроўскай вобласці
Катэгорыя·Узнагароджаныя медалём «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Басы
Катэгорыя·Оперныя спевакі і спявачкі XX стагоддзя
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Чырвонай Зоркі