У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Янчук. Мікалай (Мікола) Андрэевіч Янчук (29 лістапада 1859, с. Карніца(польск.) бел., Канстанцінаўскі павет(руск.) бел., Сядлецкая губерня, Расійская імперыя (цяпер у Ласіцкім павеце, Мазавецкае ваяводства, Польшча) — 6 снежня 1921; Псеўданімы: Н. Корніцкій; Białorusin) — навуковец-славіст, празаік , перакладчык, драматург , паэт , этнограф, фалькларыст, літаратуразнавец, антраполаг[2].
Нарадзіўся ў сяле Карніца на Падляшшы. Бацька — Андрэй Янчук — быў старастам уніяцкай цэркві ў вёсцы[3]. Падчас правядзення ўладамі палітыкі ліквідацыі уніі і пераводу вернікаў Холмскай епархіі(руск.) бел. ў праваслаўе (1875) ён быў адным з тых, хто трымаўся старой веры, за што быў падвергнуты ўціску[3][4].
Скончыў рускамоўную школу ў Карніцы (1871), вучыўся ў гімназіях Бельска і Масквы, скончыў гісторыка-філалагічны факультэт(руск.) бел. Маскоўскага ўніверсітэта (1885[5] ці 1884[6]). Працаваў настаўнікам, удзельнічаў у этнаграфічных экспедыцыях, у час якіх збіраў народныя песні. Далучыўся да розных суполак, у т. л.: Таварыства драматычных пісьменнікаў і кампазітараў(руск.) бел. (1887), Этнаграфічнае таварыства (1887), Маскоўскае археалагічнае таварыства(руск.) бел. (1888), Маскоўскае таварыства гісторыі і старажытнасцей Расійскіх(руск.) бел. (1888), Таварыства аматараў рускай славеснасці(руск.) бел. (1896)[7].
З 1892 года памочнік бібліятэкара Румянцаўскага музея(руск.) бел., захавальнік Дашкаўскага этнаграфічнага музея(руск.) бел. ў Маскве. У 1889—1903 сакратар аддзялення этнаграфіі Таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі(руск.) бел. пры Маскоўскім універсітэце, з 1901 стваральнік і кіраўнік Музычна-этнаграфічнай камісіі(руск.) бел. пры ім (да 1920)[2][7]. Адзін з заснавальнікаў часопіса «Этнографическое обозрение(руск.) бел.»[2], дзе друкавалася шмат беларускіх матэрыялаў[6]. Быў рэдактарам да 1915 года[7]. У 1906 годзе стаў адным з заснавальнікаў Народнай кансерваторыі(руск.) бел. ў Маскве[2][7].
Пасля кастрычніцкай рэвалюцыі чытаў курс беларускай і ўкраінскай літаратур у Маскоўскім універсітэце, удзельнічаў у рабоце камісіі па арганізацыі Беларускага ўніверсітэта[2], пасля адкрыцця БДУ ў 1921 прафесар кафедры беларускай літаратуры і этнаграфіі[2]. У 1918—21 член Беларускага навукова-культурнага таварыства ў Маскве, супрацоўнічаў з Беларускім нацыянальным камісарыятам і Беларускім пададдзелам аддзела асветы нацыянальных меншасцей Народнага камісарыята асветы РСФСР(руск.) бел..
Падчас вяртання з Мінска ў Маскву захварэў на тыф і памёр.
Збіраў і апрацоўваў беларускі, літоўскі, польскі, рускі, украінскі музычны фальклор. Асабліва вялікі ўнёсак зрабіў у вывучэнне песеннай культуры сялян Падляшша, Палесся, Беларусі і Украіны. Некаторыя народныя песні прыводзіць у нотным выкананні(руск.) бел.. Аўтар апрацовак народных песень, рэдактар музычна-фальклорных зборнікаў. З’яўляецца аўтарам некалькіх арыгінльных музычных сачыненняў, у тым ліку харавога гімну «Не пагаснуць зоркі ў небе» на словы Я. Купалы[2].
Вывучаў побыт і народную творчасць усходніх славян. Вывучаў гарадзішчы в. Чэрнікаўшчына на Койданаўшчыне (1892). У Расійскім этнаграфічным музеі захоўваецца 18 набытых ім прыкладаў эстонскай і латышскай традыцыйнай культуры.
Адстойваў самастойнасць беларускай і ўкраінскай культур і народаў. Цікавіўся беларускім нацыянальным адраджэннем, падтрымліваў кантакты з рэдакцыяй «Нашай нівы». Першы паставіў на навуковую аснову збіральніцтва і вывучэнне баларускага музычнага фальклору, даў аб’ектыўную эстэтычную адзнаку беларускаму песеннаму меласу, тонка перадаваў у сваіх запісах меладычнаю і рытмічную своеасаблівасць розных фальклорных жанраў[2].
Матэрыялы экспедыцыі ў Мінскую губерню (у 1886) друкаваў у газеце «Минский вестник» (1886—87) і навуковых выданнях. Склаў «Праграму для збірання этнаграфічных звестак» (1887, з М. Харузіным(руск.) бел.[8]). Аўтар музычна-фалькларыстычных прац «Маларускае вяселле ў Корніцкай парафіі Канстанцінаўскага павета Сядлецкай губерні» (1886), «Па Мінскай губерні» (1889), працы па антрапалогіі «Некаторыя дадзеныя да пытання аб антрапалагічным тыпе беларусаў» (1890).
А од мэнэ маім внукам Нэх розстанэ, абы сонце |
Мікалай Янчук. «Янкові Купалі».[9] |
Свае літаратурныя творы пісаў на рускай і палескай мовах[6]. Захаваўся верш Янчука на адной з падляшскіх гаворках прысвечаны «Янку Купалу».
Аўтар п’ес «Піліп Музыка» (1887), «Не дапамогуць чары…» (1891), «Выхаванец» (1899), «Ці заробіш, ці праробіш», «Вядзьмарка», «На чужыне», «Святы вечар». Напісаў паэтычны зборнік «Крымскія вершы».
Удзельнічаў у выданні першай кнігі вершаў Янкі Купалы па-руску (Избранные стихотворения в переводах русских поэтов, Масква, 1919). Пераклаў для яе Купалавы вершы «Нашай ніве», «Ой, чаму на хаты гэтыя?..», «Над сваёй Айчызнай», «Я відзеў душы сільныя»[10].
Ордэны Святога Станіслава III ступені, Святой Ганны III і II ступеняў, святога Уладзіміра IV ступені, памятныя медалі.
Артыкулы
Манаграфіі
Мікалай Андрэевіч Янчук у Вікікрыніцах | |
Мікалай Андрэевіч Янчук на Вікісховішчы |