wd wp Пошук:

Кура-аракская культура

Кура-аракская культура — археалагічная культура бронзавага веку на Каўказе. Ахоплівала тэрыторыі большай часткі Закаўказзя, усходу Анатоліі, паўднёвага захаду Ірана, усходу Паўночнага Каўказа. Перыяд існавання: каля 3600 — 2200 гг. да н. э.

Паходжанне

Кура-аракская культура мае шмат адрозненняў ад папярэдняй культуры Шулаверы-шаму, а таму не разглядаецца як яе працяг. Меркаваным папярэднікам можа быць культура Сіоні на тэрыторыі сучаснай усходняй Грузіі[1]. Этнічны і моўны склад носьбітаў дакладна не вызначаны. Археагенетыкі мяркуюць, што яны ў роўнай ступені з’яўляліся нашчадкамі неалітычных земляробаў з Малой Азіі і Іранскага плато[2]. Наяўнасць розных форм пахаванняў можа сведчыць пра рознаэтнічны склад.

Кура-аракская культура звычайна разглядаецца як калыска хурытаў і ўрартаў. Прыхільнікі Армянскай гіпотэзы лічаць, што яна найбольш верагодная прарадзіма індаеўрапейцаў[3].

Арэал

Першасна Кура-аракская культура фарміравалася ў перадгорных далінах. Відавочна, асноўным заняткам яе носьбітаў было земляробства. Аднак каля 3200 г. да н. э. важную ролю стала адыгрываць адгонная жывёлагадоўля, і яны занялі горныя пашы. Найбольш раннія помнікі культуры знаходзяць на тэрыторыі міжрэчча Аракса і Куры[4], а таксама на паўночным захадзе Ірана[5]. Хутка Кура-аракская культура распаўсюдзілася на поўдзень, дзе дасягнула даліны Амук каля сучаснай Антак’і.

Каля 3000 г. да н. э. адбылося рэзкае пашырэнне на захад, раён на поўдзень ад возера Ван, усход Паўночнага Каўказа. На паўднёвым усходзе Кура-аракская культура дасягнула прадмесцяў сучаснага Тэгерана. Знаходкі падчас раскопак помніка Арслан-Тэпэ ва ўсходняй Анатоліі сведчаць пра гвалтоўны захоп мясцовай тэрыторыі[6]. Шырокае распаўсюджанне кура-аракскай керамікі ад Сірыі да Чачні і Дагестана можа быць доказам як экспансіі, так і гандлёвых кантактаў з вонкавым светам. На поўдні носьбіты Кура-аракскай культуры ўзаемадзейнічалі з прадстаўнікамі Урукскай культуры з Месапатаміі.

Асаблівасці

Асноўнымі формамі гаспадаркі з’яўляліся земляробства і жывёлагадоўля. Пшаніцу і ячмень сеялі да вышыні 2500 м над узроўнем мора. У гарах узводзілі складаныя ірыгацыйныя збудаванні, што ўключалі не толькі каналы, але таксама дамбы з сырцовай цэглы. Было вядома тэраснае земляробства. Найбольш распаўсюджаныя культуры: пшаніца, ячмень, проса, лён, чарэшня, абрыкос, вінаград. Для апрацоўкі палёў ужывалі запражныя плугі і сярпы з вострымі ўкладышамі з абсідыяну, крэмнію, бронзы. Трымалі авечак і коз, радзей кароў, прыкладна з 3200 г. да н. э. — коней.

Носьбіты Кура-аракскай культуры былі выдатнымі металургамі. Здабывалі і апрацоўвалі золата, срэбра, медзь, мыш’як. Звычайным матэрыялам для вырабу прылад стала мыш’яковая бронза. З яе рабілі сякеры, чаранковыя нажы і кінжалы, шылы і долаты з чатырохгранным патаўшчэннем-упорам, пляскатыя цеслы-долаты. Археолагі зафіксавалі рэшткі медзеплавільных горнаў, гліняныя соплы, формы для адліваў, тыглі.

Кераміка прадстаўлена збанамі яйкападобнай формы, вялікімі гарлачамі з круглявым тулавам, пасудзінамі біканічнай формы. Для іх характэрны дзяржальні ў форме паўшар’яў. Колер вар’іруецца ад цёмна-шэрага да чорнага. Такі эфект дасягаўся абпалам пасудзіны ў абмазцы з арганікі. Рэльефны арнамент ляпіўся толькі на адным баку ў форме спіраляў або антрапаморфных выяў. Элементы наразнога арнамента: канцэнтрычныя колы, закручаныя спіралі, ромбы, трыкутнікі, часам сустракаюцца схематычныя выявы людзей і жывёл. На тэрыторыі Арменіі вядомыя пасудзіны, у якіх наляпны арнамент у ніжняй частцы спалучаўся з тонка-наразным у верхняй частцы. На позняй стадыі развіцця культуры арнаментацыя поўнасцю знікае.

Паселішчы стваралі ў далінах, перадгор’ях і ў гарах. Жытлы былі круглявымі, хаця на захадзе сустракаліся і чатырохкутныя. Плошча будынкаў — каля 25 — 40 м². У цэнтры жытла ладзіўся агмень. Могілкі размешчаны на тэрыторыі паселішчаў (на закінутых надзелах) або каля паселішчаў. Пахавальныя збудаванні разнастайныя: пляцоўкі, перакрытыя невялікім насыпам, склепы, што імітуюць жытлы, грунтавыя магільні, каменныя скрыні, а ў канцы існавання культуры — вялікія пахавальныя камеры, часам са зрубам усярэдзіне, перакрытыя велізарнымі курганнымі насыпамі.

Даследчыкі мяркуюць, што грамадства Кура-аракскай культуры было сацыяльна распластаваным. Вылучаўся пласт багатых людзей. Аднак дзяржаўныя ўтварэнні яшчэ не існавалі.

Зноскі

  1. The Sioni Cultural Complex - Minerva Access
  2. Wang, CC., Reinhold, S., Kalmykov, A. et al. Ancient human genome-wide data from a 3000-year interval in the Caucasus corresponds with eco-geographic regions. Nat Commun 10, 590 (2019)
  3. Гл.: Гамкрелидзе, Т.М. Индоевропейский язык и индоевропейцы : реконструкция и историко-типологический анализ праязыка и протокультуры. В 2 томах / Гамкрелидзе Т. В., Иванов Вяч. Вс. — Тбилиси: Изд-во Тбилисского университета, 1984
  4. Goderdzi Narimanishvili, Problems of Early Metal Age Archaeology of Caucasus and Anatolia. Proceedings of International Conference
  5. Sepideh Maziar Iran and the Kura-Araxes cultural tradition, so near and yet so far
  6. Frangipane M. (2015). Different types of multiethnic societies and different patterns of development and change in the prehistoric Near East. Proceedings of the National Academy of Sciences of the United States of America, 112(30), 9182–9189

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (12):
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Еўропы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Археалогія ў Іране
Катэгорыя·Азія бронзавага веку
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Азіі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з вікі-разметкай у малюнку карткі
Катэгорыя·Археалогія ў Арменіі
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Расіі
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Азербайджана
Катэгорыя·Археалогія ў Грузіі
Катэгорыя·Гісторыя Каўказа
Катэгорыя·Археалогія ў Турцыі