wd wp Пошук:

Калінкавіцка-Мазырская аперацыя

Калінкавіцка-Мазырская наступальная аперацыя (8 — 30 студзеня 1944) — наступальная аперацыя савецкіх войскаў Беларускага фронту ў Вялікай Айчыннай вайне.

План аперацыі

У зімовай кампаніі 19431944 гадоў савецкае камандаванне ставіла мэты разграміць нямецкія войскі ва ўсходніх абласцях Беларускай ССР і вызваліць Мінск. Бітвы ў лістападзе-снежні 1943 года (Гомельска-Рэчыцкая аперацыя, Віцебская аперацыя 1943 года) паказалі, што без рашучага ўзмацнення групоўкі савецкіх войскаў на гэтым напрамку гэтыя задачы вырашаны быць не могуць. Таму новыя планы былі прыведзены да больш рэальных мэт. У прыватнасці, перад Беларускім фронтам (камандуючы генерал арміі К. К. Ракасоўскі) 2 студзеня 1944 года Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандавання паставіла задачу: разбіць групоўку праціўніка ў раёне Мазыра, стварыць плацдарм для наступлення ў напрамку БабруйскМінск, часткай сіл рушыць наперад уздоўж ракі Прыпяць на Лунінец[2], дамагчыся максімальна магчымага прасоўвання для ахопу бабруйскай групоўкі праціўніка.

У аперацыі былі задзейнічаны 61-я армія (камандуючы генерал-лейтэнант П. А. Бялоў), 65-я армія (камандуючы генерал-лейтэнант П. І. Батаў), значная частка сіл 16-й паветранай арміі (камандуючы генерал-палкоўнік С. І. Рудэнка). Для аперацыі Ракасоўскі рашуча ўзмацніў часткі абедзвюх армій за кошт іншых войскаў фронту — у 65-й арміі налічвалася 10 стралковых дывізій і 1-ы гвардзейскі танкавы корпус (126 танкаў і САУ), у 65-й арміі — 6 стралковых дывізій і танкавая брыгада. У аператыўнае падпарадкаванне камандуючаму 61-й арміі былі перададзеныя 2-і гвардзейскі кавалерыйскі корпус і 7-ы гвардзейскі кавалерыйскі корпус. Таксама там была сканцэнтравана амаль уся ўдарная артылерыя фронту — артылерыйскі корпус прарыву, дзве артылерыйскія дывізіі прарыву і адна мінамётная дывізія, дзве асобныя артылерыйскія брыгады. Колькасць савецкіх войскаў складала 232 600 чалавек. Да ўдзелу ў аперацыі прыцягваліся таксама партызаны Гомельскага, Палескага і Мінскага партызанскіх злучэнняў.

Савецкім войскам супрацьстаяла 2-я нямецкая армія (камандуючы генерал пяхоты Вальтэр Вайс) са складу групы армій «Цэнтр» (камандуючы генерал-фельдмаршал Эрнст Буш). Пасля паразы ў Смаленскай аперацыі нямецкія войскі з кастрычніка месяца 1943 года стваралі абарону з выкарыстаннем шматлікіх рэк і балот. На гэтым кірунку займалі абарону 9 пяхотных і 2 танкавыя дывізіі, 3 дывізіёны штурмавых гармат, кавалерыйскі полк. У тыле знаходзіліся некалькі венгерскіх дывізій, якія выкарыстоўваліся для барацьбы з партызанамі, якія таксама былі кінутыя ў бой у ходзе бітвы.

Ход аперацыі

8 студзеня 1944 года савецкія войскі пачалі наступ. На першапачатковым этапе баі прынялі упарты характар і ў першыя дні аперацыі савецкія войскі з цяжкасцю працісківалі нямецкую абарону. Увод у бой танкавага корпуса не даў жаданага выніку. Аднак пасля прарыву перадавой абарончай паласы Ракасоўскі ўвёў у бой на поўдзень ад Мазыра адразу два кавалерыйскіх корпуса2-і і 7-ы гвардзейскія кавалерыйскія карпусы. Беларускія партызаны ляснымі дарогамі правялі іх з раёна Ельска ў тыл мазырскай і калінкавіцкай групоўкам праціўніка. Кавалерысты паралізавалі нямецкія тылы, перарэзалі дарогу Мазыр — Петрыкаў, пазбавілі забеспячэння нямецкія часткі, якія абараняліся. Нямецкае камандаванне было вымушана пачаць адвод сваіх войскаў.

Пачаўшы ў гэты момант рашучую атаку, абедзве савецкія арміі, якія наступалі, дамагліся значнага поспеху. 61-я армія перарэзала чыгунку і шашэйную дарогі КалінкавічыЖлобін, вызваліла Даманавічы і абыйшла варожую групоўку з поўначы. 65-я армія, якая наступала на поўдні таксама хутка прасунулася наперад. 11 студзеня Ракасоўскі змяніў напрамкі удараў кавалерыйскіх і танкавага карпусоў з мэтай дэзарыентаваць праціўніка. Шмат у чым гэта яму ўдалося. Днём 14 студзеня былі ўзятыя штурмам пры садзейнічанні партызан галоўныя апорныя пункты варожай абароны і транспартныя вузлы — гарады Калінкавічы і Мазыр. Працягваючы наступ, войскі 65-й арміі 20 студзеня вызвалілі вёску Азарычы, а 61-я армія і партызаны 23 студзеня — гарадскі пасёлак Лельчыцы.

З выхадам савецкіх войскаў да рэк Іпа, Прыпяць і Пціч савецкае наступленне было спынена. Да таго часу праціўнік перакінуў у раён наступу да 2 пяхотных дывізій, 3 дывізіёны штурмавых гармат, 7 ахоўных батальёнаў. У выніку Калінкавіцка-Мазырскай аперацыі савецкія войскі прасунуліся па лясной і балоцістай мясцовасці ў цэлым на 30 — 40 кіламетраў, на асобных напрамках — да 60 кіламетраў. Была ахоплена з поўдня бабруйская групоўка праціўніка, што пазней палегчыла яе разгром у ходзе Беларускай стратэгічнай аперацыі. Па словах нямецкага генерала К. Ціпельскірха, у сярэдзіне студзеня 1944 года 2-я нямецкая армія была пад пагрозай поўнага акружэння і толькі цаной велізарных намаганняў нямецкаму камандаванню ўдалося вывесці яе з-пад удару. Нямецкія часткі панеслі вялікія страты (напрыклад, па савецкіх ацэнак толькі ў баях за Мазыр іх страты забітымі склалі да 1500 чалавек, а воіны 65-й арміі ў ходзе аперацыі знішчылі да 10 тысяч нямецкіх салдат і афіцэраў). Страты савецкіх войскаў склалі 12 350 чалавек беззваротнымі і 43 808 чалавек санітарнымі[3].

Дзеянні войскаў Беларускага фронту выгадна адрозніваліся ад дзеянняў суседніх Заходняга і 2-га Прыбалтыйскага франтоў, якія ў гэтую зіму з вялікімі стратамі нязначна прасунуліся наперад каля Віцебска. Вялікую ролю ў поспеху наступлення адыграла цесная сувязь камандавання фронту з партызанскімі атрадамі і іх умелае выкарыстанне. Дваццаць адна воінская часць атрымала ганаровыя званні Калінкавіцкіх, яшчэ 18 — Мазырскіх.

Зноскі

  1. Human Losses in World War II Heeresarzt 10-Day Casualty Reports per Army/Army Group, 1944 (BA/MA RW 6/559) Архівавана 29 кастрычніка 2012 года.
  2. Рускі Архіў. Вялікая Айчынная. Зборнік дакументаў. Том 5(4). М.: ТЭРА, 1999. — Дакумент 1.
  3. Вялікая Айчынная без грыфа сакрэтнасці. Кніга страт. — Масква., 2009

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Канфлікты 1944 года
Катэгорыя·Беларусь падчас Вялікай Айчыннай вайны
Катэгорыя·Бітвы паводле алфавіта
Катэгорыя·Бітвы Германіі
Катэгорыя·Студзень 1944 года
Катэгорыя·Гісторыя Гомельскай вобласці
Катэгорыя·Аперацыі ў Вялікай Айчыннай вайне