У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Дэбрэ.
Жан-Батыст Дэбрэ (фр.: Jean-Baptiste Debret, 18 красавіка 1768, Парыж — 28 чэрвеня 1848, Парыж) — французскі мастак. Найбольшую вядомасць атрымаў як стваральнік літаграфічных выяў жыцця насельніцтва Бразіліі ў XIX стагоддзі. Дэбрэ атрымаў другую прэмію на Салоне прыгожых мастацтваў у 1798 годзе.[8]
Як мастак сфармаваўся ў Францыі, калі ў мастацтве пераважаў неакласіцызм. Навучаўся ў Акадэміі прыгожых мастацтваў, вучань Жака-Луі Давіда (1748—1825), які быў яго стрыечным братам. У 1780-х гадах суправаджаў Давіда ў паездцы ў Рым. У 1798 годзе дэбютаваў у Парыжскім салоне прыгожых мастацтваў, дзе атрымаў другі прыз.[8]
У сакавіку 1816 года адправіўся ў падарожжа ў Бразілію ў складзе Французскай мастацкай місіі(англ.) бел. — групы банапартысцкіх(англ.) бел. мастакоў і дзеячаў мастацтва, якім было даручана стварыць у Рыа-дэ-Жанейра Ліцэй мастацтваў і рамёстваў пад заступніцтвам партугальскага караля Жуана VI і графа да Барка. Пазней, у гады кіравання імператара Педру I, ліцэй ператварыўся ў Імперскую акадэмію прыгожых мастацтваў(англ.) бел..
Доўгі час карыстаўся добразычлівасцю спачатку партугальскага каралеўскага двара, які знаходзіўся ў выгнанні ў Бразіліі, затым бразільскага імператара(англ.) бел. ў Рыа-дэ-Жанейра. Дэбрэ часта атрымліваў замовы на партрэты членаў каралеўскай сям’і. У снежні 1822 года Дэбрэ заснаваў атэлье пры Імператарскай акадэміі, а ў 1826 годзе стварыў уласную мастацкую школу ў Бразіліі. У 1829 годзе арганізаваў першую мастацкую выставу ў Бразіліі, дзе таксама прадставіў уласныя працы і творы вучняў. Падобна Давіду пры Напалеоне, Дэбрэ нярэдка атрымліваў замовы на афармленне афіцыйных і публічных цырымоній і свят, і нават спраектаваў некаторыя ўзоры прыдворных гарнітураў. Партрэт Жуана VI (1817) нагадвае партрэты Напалеона ваеннай і імперскай сімволікай.
Знаходзячыся ў Бразіліі, часта перапісваўся са сваім братам, які застаўся ў Парыжы. Заўважыўшы яго цікавасць да бразільскай штодзённасці, Дэбрэ з 1816 па 1831 год пасылаў яму малюнкі вулічных сцэн, мясцовых звычаяў і розных падзей. Асаблівую цікавасць выклікалі становішча чорных рабоў(руск.) бел. і жыццё мясцовых індзейцаў(руск.) бел.. Нараўне з працамі нямецкага мастака Ёгана Морыца Ругендаса(руск.) бел. (ням.: Johann Moritz Rugendas), працы Дэбрэ — адна з найважнейшых дакументальных крыніц пра жыццё Бразіліі ў першай палове XIX стагоддзя.
Звяржэнне Бурбонаў паслужыла штуршком да таго, што Дэбрэ ў 1831 годзе вярнуўся ў Францыю. У Францыі быў абраны членам Акадэміі прыгожых мастацтваў. У перыяд 1834—1839 гадах Дэбрэ апублікаваў у 3-х тамах серыю гравюр пад назвай «Маляўнічае і гістарычнае падарожжа ў Бразілію, або Жыццё французскага мастака ў Бразіліі» (фр.: Voyage Pittoresque et Historique Brésil). У іх дэталёва паказана вонкавае аблічча, адзенне і паўсядзённы побыт бразільцаў, як белых, так і чорных, а таксама прадстаўнікоў карэнных плямёнаў, у тым ліку пазней зніклых (напрыклад, камаканы і батакуды(руск.) бел.). Некаторыя яго гарадскія замалёўкі не толькі адлюстроўваюць паўсядзённае жыццё афрабразільцаў, але і ўтрымліваюць элементы сатыры і гумару.
На жаль, праца не мела камерцыйнага поспеху. Каб зарабіць на жыццё, Дэбрэ рабіў літаграфічныя выявы свайго далёкага сваяка Давіда, аднак іх тыраж і, адпаведна, прыбытковасць былі невялікія.
Памёр 28 чэрвеня 1848 года ў Парыжы ў галечы.