wd wp Пошук:

Жан-Батыст Дэбрэ

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Дэбрэ.

Жан-Батыст Дэбрэ (фр.: Jean-Baptiste Debret, 18 красавіка 1768, Парыж — 28 чэрвеня 1848, Парыж) — французскі мастак. Найбольшую вядомасць атрымаў як стваральнік літаграфічных выяў жыцця насельніцтва Бразіліі ў XIX стагоддзі. Дэбрэ атрымаў другую прэмію на Салоне прыгожых мастацтваў у 1798 годзе.[8]

Біяграфія

Як мастак сфармаваўся ў Францыі, калі ў мастацтве пераважаў неакласіцызм. Навучаўся ў Акадэміі прыгожых мастацтваў, вучань Жака-Луі Давіда (1748—1825), які быў яго стрыечным братам. У 1780-х гадах суправаджаў Давіда ў паездцы ў Рым. У 1798 годзе дэбютаваў у Парыжскім салоне прыгожых мастацтваў, дзе атрымаў другі прыз.[8]

Уручэнне Ордэна Ганаровага Легіёна 15 ліпеня 1804 года ў Доме інвалідаў (1812)

У сакавіку 1816 года адправіўся ў падарожжа ў Бразілію ў складзе Французскай мастацкай місіі(англ.) бел. — групы банапартысцкіх(англ.) бел. мастакоў і дзеячаў мастацтва, якім было даручана стварыць у Рыа-дэ-Жанейра Ліцэй мастацтваў і рамёстваў пад заступніцтвам партугальскага караля Жуана VI і графа да Барка. Пазней, у гады кіравання імператара Педру I, ліцэй ператварыўся ў Імперскую акадэмію прыгожых мастацтваў(англ.) бел..

Доўгі час карыстаўся добразычлівасцю спачатку партугальскага каралеўскага двара, які знаходзіўся ў выгнанні ў Бразіліі, затым бразільскага імператара(англ.) бел. ў Рыа-дэ-Жанейра. Дэбрэ часта атрымліваў замовы на партрэты членаў каралеўскай сям’і. У снежні 1822 года Дэбрэ заснаваў атэлье пры Імператарскай акадэміі, а ў 1826 годзе стварыў уласную мастацкую школу ў Бразіліі. У 1829 годзе арганізаваў першую мастацкую выставу ў Бразіліі, дзе таксама прадставіў уласныя працы і творы вучняў. Падобна Давіду пры Напалеоне, Дэбрэ нярэдка атрымліваў замовы на афармленне афіцыйных і публічных цырымоній і свят, і нават спраектаваў некаторыя ўзоры прыдворных гарнітураў. Партрэт Жуана VI (1817) нагадвае партрэты Напалеона ваеннай і імперскай сімволікай.

Знаходзячыся ў Бразіліі, часта перапісваўся са сваім братам, які застаўся ў Парыжы. Заўважыўшы яго цікавасць да бразільскай штодзённасці, Дэбрэ з 1816 па 1831 год пасылаў яму малюнкі вулічных сцэн, мясцовых звычаяў і розных падзей. Асаблівую цікавасць выклікалі становішча чорных рабоў(руск.) бел. і жыццё мясцовых індзейцаў(руск.) бел.. Нараўне з працамі нямецкага мастака Ёгана Морыца Ругендаса(руск.) бел. (ням.: Johann Moritz Rugendas), працы Дэбрэ — адна з найважнейшых дакументальных крыніц пра жыццё Бразіліі ў першай палове XIX стагоддзя.

Звяржэнне Бурбонаў паслужыла штуршком да таго, што Дэбрэ ў 1831 годзе вярнуўся ў Францыю. У Францыі быў абраны членам Акадэміі прыгожых мастацтваў. У перыяд 1834—1839 гадах Дэбрэ апублікаваў у 3-х тамах серыю гравюр пад назвай «Маляўнічае і гістарычнае падарожжа ў Бразілію, або Жыццё французскага мастака ў Бразіліі» (фр.: Voyage Pittoresque et Historique Brésil). У іх дэталёва паказана вонкавае аблічча, адзенне і паўсядзённы побыт бразільцаў, як белых, так і чорных, а таксама прадстаўнікоў карэнных плямёнаў, у тым ліку пазней зніклых (напрыклад, камаканы і батакуды(руск.) бел.). Некаторыя яго гарадскія замалёўкі не толькі адлюстроўваюць паўсядзённае жыццё афрабразільцаў, але і ўтрымліваюць элементы сатыры і гумару.

На жаль, праца не мела камерцыйнага поспеху. Каб зарабіць на жыццё, Дэбрэ рабіў літаграфічныя выявы свайго далёкага сваяка Давіда, аднак іх тыраж і, адпаведна, прыбытковасць былі невялікія.

Памёр 28 чэрвеня 1848 года ў Парыжы ў галечы.

Галерэя

Зноскі

  1. Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  2. Jean Baptiste Debret
  3. Jean-Baptiste Debret // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
  4. Jean-Baptiste Debret // SNAC — 2010. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  5. http://www.acrilex.com.br/cultura_grandesmestres_debretI.htm
  6. RKDartists Праверана 7 чэрвеня 2020.
  7. http://enciclopedia.itaucultural.org.br/pessoa23167/francisco-pedro-do-amaral
  8. 1 2 Araujo, Ana Lucia (2015). Brazil Through French Eyes: A Nineteenth-Century Artist in the Tropics. UNM Press. pp. 45. ISBN 978-0826337467.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (17):
Катэгорыя·Выпускнікі Нацыянальнай вышэйшай школы прыгожых мастацтваў
Катэгорыя·Выпускнікі ліцэя Людовіка Вялікага
Катэгорыя·Мастакі Францыі
Катэгорыя·Памерлі ў 1848 годзе
Катэгорыя·Пахаваныя на могілках Манмартр
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1768 годзе
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся 18 красавіка
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Парыжы
Катэгорыя·Мастакі паводле алфавіта
Катэгорыя·Памерлі 28 чэрвеня
Катэгорыя·Памерлі ў Парыжы
Катэгорыя·Мастакі Бразіліі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з рускай
Катэгорыя·Артыкулы пра мастакоў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Артыкулы пра мастакоў без партрэтаў