wd wp Пошук:

Дзераза булавападобная

Дзераза булавападобная (Lycopodium clavatum) — шырока распаўсюджаны від споравых шматгадовых вечназялёных раслін роду Дзераза (Lycopodium)[1].

Назва

Сцябло дзеразы сцелецца па зямлі, чапляецца, дзярэцца — адсюль, мабыць, і назва. Лацінская назва Lycopodium уведзена ў навуку ў XVI ст. і азначае літаральна «воўчая лапка». Народныя назвы: бабін мур, цякун, вілак.

Батанічнае апісанне

Шматгадовая вечназялёная расліна з паўзучым вілавата-галінастым сцяблом даўжынёй да 2 м. Ад сцябла адыходзяць вертыкальныя густааблісцелыя парасткі вышынёй 20-30 см са стробіламі на канцах[2]. Для ўсіх дзеразовых характэрна дыхатамічнае галінаванне парасткаў.

Анатамічная будова сцябла прымітыўная. Маладыя сцяблінкі маюць пратастэлічную, а дарослыя — плектастэлічную будову. Звонку сцябло пакрыта эпідэрмай. Далей ідзе моцная кара. Клеткі ўнутраных слаёў кары маюць тоўстыя сценкі і ўтвараюць механічнае кальцо. Цэнтральная частка сцябла занята канцэнтрычным праводзячым пучком (стэлай). Ксілема ў пучку размяшчаецца ў выглядзе стужак, якія злучаны паміж сабой. Паміж участкамі ксілемы і вакол яе з перыферыі — флаэма. Асяродка няма, камбія ў пучку няма. За флаэмай ідзе слой перыцыкла, далей — эндадэрма, якая аддзяляе пучок ад кары. У кары сцябла ёсць ліставыя сляды — пучкі праводзячай тканкі, якія ідуць да жылак ліста.

Лісце сядзячае, ланцэтна-лінейнае, суцэльнакрайняе, пераходзіць на канцы ў доўгі белы валасок, размешчана густымі спіралямі, якія ўтвараюць на сцябле некалькі падоўжаных радоў. Лісты звонку адзеты эпідэрмісам з вусцейкамі. Стробілы на доўгіх ножках, па 2-3, радзей па 4-5 або адзіночныя. Мезафіл шматслойны з міжклетнікамі. Карані бакавыя з каранёвымі валаскамі, жывуць 2-5 гадоў.

Распаўсюджанне і экалогія

Расліна-касмапаліт, сустракаецца практычна па ўсім свеце, у тым ліку паўсюдна ў Расіі і Беларусі[1].

Расліна лясоў, пераважна хвойных, з якіх аддае перавагу светлым хвойнікам. Іншы раз утварае курціны накшталт «ведзьміных кольцаў».

Да глебаў абыякава, але часцей сустракаецца на пясках.

Асаблівасці біялогіі

Батанічная ілюстрацыя з кнігі О. В. Тамэ «Flora von Deutschland, Österreich und der Schweiz», 1885

У жыццёвым цыкле дзеразы спарафіт (бясполае пакаленне) пераважае над гаметафітам. Спарафіт — гэта зялёная расліна дзеразы. На ёй утвараюцца спараносныя каласкі, якія па адным, радзей па два-тры ўзнікаюць на верхавінах галінак і складаюцца з выцягнутай восі, на якой размешчаны спецыяльныя спараносныя лісцікі. Яны драбнейшыя за вегетатыўныя лісты, маюць трохвугольна-яйцападобную форму, завостраныя, жоўтага колеру. На іх верхнім баку развіваюцца спарангіі ныркападобнай формы або амаль шарападобныя, дыяметрам 1-2 мм, на кароткай ножцы. Унутры спарангіяў са спарагеннай тканкі шляхам меёзу фарміруюцца ў вялікай колькасці дробныя аднолькавыя споры акругла-тэтраэдрычнай формы, жаўтаватага колеру.

Споры маюць дзве абалонкі — экзаспорый і эндаспорый. Унутранае змесціва споры складаецца з пратаплазмы, ядра, пластыд, да 50 % тлустага алею. Спелы спарангій лопаецца папярочнай трэшчынай. Да гэтага часу вось каласка некалькі разрастаецца, спарафілы рассоўваюцца і споры лёгка высяваюцца на зямлю.

Спаранашэнне ў дзеразы назіраецца ў канцы лета — восенню. Пры выспяванні споры высыпаюцца са спарангія і трапляюць. З паверхні зямлі споры дажджавой вадой заносяцца ў паглыбленні (шчыліны) глебы, дзе на глыбіні ў 6-7 см прарастаюць. З іх фарміруюцца гаметафіты — палавое пакаленне дзеразы.

Гаметафіт у дзеразы двухполы, утвараецца ў выглядзе камячка клетак накшталт цыбулінкі і называецца зарасткам. Ён не мае колеру, пазбаўлены хларафілу. Для нармальнага развіцця зарастка неабходна, каб у яго ўкараніліся гіфы грыба і сфарміраваўся сімбіёз. Толькі пасля гэтага гаметафіт будзе нармальна развівацца далей. Спелы зарастак разрастаецца дыяметрам да 2-3 см і набыве форму сподачка.

Зарасткі існуюць незалежна ад спарафіта. Развіваюцца яны павольна. Праз 6—15 гадоў пасля прарастання споры на верхнім баку зарастка ўтвараюцца антэрыдыі і архегоніі. Яны маюць такую ж будову, як і імхі. Антэрыдыі пагружаны ў тканку зарастка. У іх развіваюцца шматлікія двухжгуцікавыя сперматазоіды. Архегоніі таксама пагружаны ў зарастак брушкам, а шыйка ўзвышаецца над паверхняй зарастка. У брушку архегонія фарміруецца яйцаклетка і брушная канальцавая клетка. У шыйцы — 6-8 канальцавых клетак.

Апладненне адбываецца ў кропельна-вадкім асяроддзі. Для таго каб сперматазоіды змаглі даплысці да яйцаклеткі і апладніць яе, неабходна наяўнасць вады. Пасля апладнення развіваецца зігота.

Аплодненая яйцаклетка дзеліцца і фарміруе зародак, які мае сцяблінку, першасны лісцік і бакавы корань. На першых этапах зародак жывіцца за кошт спажыўных рэчываў зарастка. А пасля таго як у маладой расліны сфарміруюцца зялёныя лісты і карані, яна пераходзіць да самастойнага існавання. Так завяршаецца жыццёвы цыкл дзеразы булавападобнай.

Разнавіднасці

Значэнне і ўжыванне

Споры дзеразы булавападобнай ужываюць з тымі ж мэтамі, што і ў дзеразы гадавой (Lycopodium annotinum).

Трава знаходзіць прымяненне толькі ў народнай медыцыне — здробненай у парашок ёю прысыпаюць раны, а настой з яе п’юць пры захворваннях мачавога пузыра, печані, дыхальных шляхоў, нетрыманні мачы, болях у страўніку, запаленчых працэсах страўнікава-кішачнага тракту. У заходнееўрапейскіх краінах часта выкарыстоўваюць споры дзеразы і траву пры атаніі і камянях мачавога пузыра, захворваннях печані, гемароі, дыспепсіях.

Вялікае значэнне споры дзеразы маюць у металургіі, дзе іх выкарыстоўваюць для абсыпання формаў пры фасонным ліцці.

Хутка унесеныя ў полымя, споры дзеразы згараюць з успышкай, таму часам іх ужываюць у тэатральнай справе, а таксама пры вырабе бенгальскіх агнёў.

Ахова

У штатах Ілінойс, Аёва і Кентукі (ЗША) дзераза булавападобная мае ахоўны статус «у небяспецы» (англ.: Endangered).

Зноскі

  1. 1 2 Плаун булавовидный // Лекарственные растения и их применение. — 5-е, перераб. и. доп.. — Мн.: «Наука и техника», 1974. — С. 64-65. — 592 с. — 120 000 экз.
  2. Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 2. Гатня — Катынь / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ ім. Петруся Броўкі, 1983. — 522 с. — 10 000 экз. С. 175

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (10):
Катэгорыя·Дзераза
Катэгорыя·Расліны, апісаныя ў 1753 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Флора Еўразіі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Лекавыя расліны
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Расліны паводле алфавіта
Катэгорыя·Флора Далёкага Усходу