У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Кантар. Гео́рг Ка́нтар (ням.: Georg Ferdinand Ludwig Philipp Cantor; 3 сакавіка 1845, Санкт-Пецярбург — 6 студзеня 1918, Гале (Заале)) — нямецкі матэматык. Ён найбольш вядомы як стваральнік тэорыі мностваў, якая стала краевугольным каменем у матэматыцы. Кантар увёў паняцце ўзаемна-адназначнай адпаведнасці паміж элементамі мностваў, даў вызначэнне бясконцага і цалкам-упарадкаванага мностваў і даказаў, што рэчаісных лікаў «больш», чым натуральных. Тэарэма Кантара, фактычна, сцвярджае існаванне «бясконцасці бясконцасцей». Ён вызначыў паняцці кардынальных і парадкавых колькасцей і іх арыфметыку. Яго праца ўяўляе вялікую філасофскую цікавасць, пра што і сам Кантар добра ведаў.[9]
Тэорыя Кантара пра трансфінітныя колькасці першапачаткова была ўспрынята настолькі нелагічнай, парадаксальнай і нават шакавальнай, што натыкнулася на рэзкую крытыку з боку матэматыкаў-сучаснікаў, у прыватнасці, Леапольда Кронекера і Анры Пуанкарэ[10]; пазней — Германа Вейля і Лёйтзена Браўэра, а Людвіг Вітгенштэйн выказаў пярэчанні філасофскага плана (гл. Спрэчкі аб тэорыі Кантара). Некаторыя хрысціянскія багасловы (асабліва прадстаўнікі неатамізму) убачылі ў працы Кантара выклік унікальнасці абсалютнай бясконцасці прыроды Бога[11], прыраўнаваўшы аднойчы тэорыю трансфінітных колькасцей і пантэізм.[12] Крытыка яго прац была часам вельмі агрэсіўная: так, Пуанкарэ зваў яго ідэі «цяжкай хваробай», якая паражае матэматычную навуку[13]; а ў публічных заявах і асабістых выбрыках Кронекера ў адрас Кантара мільгалі часам такія эпітэты, як «навуковы шарлатан», «адрачэнец» і «разбэшчвальнік моладзі»[14]. Праз дзесяцігоддзі пасля смерці Кантара, Вітгенштэйн з гаркатой адзначаў, што матэматыка «стаптана ўздоўж і папярок разбуральнымі ідыёмамі тэорыі мностваў», якое ён адхіляе як «блазнерства», «смяхотнае» і «памылковае».[15] Прыступы дэпрэсіі, якія перыядычна паўтараліся з 1884 года і давеку Кантара, некаторы час ставілі ў віну яго сучаснікам, якія занялі залішне агрэсіўную пазіцыю,[16] але цяпер лічыцца, што гэтыя прыступы, магчыма, былі праявай біпалярнага разладу.[17]
Рэзкай крытыцы супрацьстаялі сусветная вядомасць і ўхваленне. У 1904 годзе Лонданскае каралеўскае таварыства ўзнагародзіла Кантара Медалём Сільвестра, вышэйшай узнагародай, якую яно магло дараваць.[18] Сам Кантар верыў у тое, што тэорыя трансфінітных колькасцей была паведамлена яму звыш.[19] У свой час, абараняючы яе ад крытыкі, Давід Гільберт адважна заявіў: «Ніхто не выганіць нас з раю, які заснаваў Кантар»[20].