wd wp Пошук:

Пантэізм

Пантэізм — рэлігійнае і філасофскае вучэнне, якое аб’ядноўвае, часам атаясамлівае, Бога і свет.

Слова «пантэізм» паходзіць ад старажытнагрэчаскага: παν (пан) — «усё, кожны» і θεός (тэос) — «бог, бажаство». У пантэізме знаходзіць увасабленне канцэпцыя, што «Бог» лепш за ўсё бачыцца пры збліжэнні з Сусветам. Пантэісты не вераць у асобаснага, антрапаморфнага Бога ці Бога-творцу. Нягледзячы на розныя плыні ўнутры пантэізму, цэнтральныя ідэі ў большасці формаў пантэізму трывалыя: Сусвет як усёабдымнае адзінства і святасць прыроды. Пантэізм адмаўляе антрапацэнтрызм, прызнаючы фундаментальнае адзінства ўсяго жывога і неабходнасць паважнага стаўлення да прыроды.

Сярод пантэістаў вядуцца спрэчкі пра ўжыванне слова «Бог». Пантэісты не вераць у Бога ў традыцыйным разуменні — у якасці асобы і творцы, з гэтай прычыны адны сучасныя пантэісты імкнуцца не ўжываць слова Бог, бо, паводле іх меркавання, яно ўводзіць у зман. Іншыя мяркуюць, што слова Бог істотна для выражэння моцы іх пачуццяў ад прыроды і Сусвету.

Некаторыя крытыкі сцвярджаюць, што ў пантэізме пад словам «Бог» маецца на ўвазе не што іншае, як «прырода», «Сусвет» ці «рэальнасць». Аднак слова Бог (калі яго ўжываюць) азначае хутчэй выраз пачуццяў пантэіста, чым праяву звышнатуральных сіл у Сусвеце. Апроч гэтага, слова «прырода» лепш адлюстроўвае, сутнасць пантэізму, і сам Бенедыкт Спіноза, падкрэсліваў, што пантэісты — людзі, якія атаясамліваюць слова Бог з прыродай.

Таксама няма адзінага меркавання пра суадносіны пантэізму і атэізму. Атэісты сцвярджаюць, што нетэістычны бог пантэізму не з’яўляецца богам (у традыцыйным разуменні). Разам з тым, трансцэндэнтнасць бажаства не з’яўляецца абавязковым атрыбутам.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (10):
Філасофія Старажытнай Грэцыі
Філасофскія кірункі і школы
Гісторыя хрысціянства
Рэлігіязнаўства
Іслам
Філасофія рэлігіі
Рэлігійная філасофія
Ератычныя плыні ў хрысціянстве
Хрысціянскае багаслоўе
Язычніцтва