wd wp Пошук:

Генрых Ламаш

Генрых Ламаш (ням.: Heinrich Lammasch; 21 мая 1853 — 6 студзеня 1920) — аўстра-венгерскі і аўстрыйскі дзяржаўны і грамадскі дзеяч, апошні міністр-прэзідэнт Цыслейтаніі. Выдатны юрыст, спецыяліст па крымінальнаму, дзяржаўнаму і міжнароднаму праву. Быў вядомы як перакананы пацыфіст і прыхільнік нейтралітэту Аўстрыі.

Кар’ера да Першай сусветнай вайны

Нарадзіўся ў Зайтэнштэтэне, у сям’і натарыуса Генрыха (18231865) і Ганны Ламаш, народжанай Шаўенштэйн (18291891). Неўзабаве пасля нараджэння сына сям’я перасялілася ў Вінер-Нойштадт, а затым у Вену. Вывучаў юрыспрудэнцыю ў Венскім універсітэце. У 1876 годзе атрымаў ступень кандыдата юрыдычных навук. Некалькі месяцаў правёў у Германіі, Францыі і Вялікабрытаніі. З 1879 года — дацэнт юрыдычнага факультэта Венскага ўніверсітэта, спецыяліст па крымінальнаму праву. З 1882 года — прафесар. У 1885 годзе запрошаны загадчыкам кафедры крымінальнага права, філасофіі права і міжнароднага права Інсбрукскага ўніверсітэта. У 1889 годзе вярнуўся на працу ў Венскі ўніверсітэт. Сфера асноўных навуковых інтарэсаў Ламаша — дагматыка крымінальнага права, права выдачы і права прытулку.

У 1899 і 1907 гадах кансультант аўстра-венгерскай дэлегацыі на Гаагскіх мірных канферэнцыях. З 1899 года член Пастаяннай палаты трацейскага суда ў Гаазе, удзельнічаў у вырашэнні міжнародных спрэчак. Тройчы абіраўся старшынёй Палаты. З’яўляўся юрыдычным кансультантам эрцгерцага Франца-Фердынанда. У 1899 годзе запрошаны імператарам Францам-Іосіфам у Палату спадароў (Heerenhaus) парламента Цыслейтаніі. У 19061912 гадах працаваў над праектам новага аўстрыйскага крымінальнага права (які, аднак, не быў зацверджаны). Праявіў сябе як умераны кансерватар, выступаў супраць усеагульнага выбарчага права, уведзенага ў Цыслейтаніі ў 1907 годзе.

Вайна

Перад вайной выступаў за разрыў саюза з Германіяй і збліжэнне з Антантай. Распачатую вайну спачатку разглядаў як абарончую, адкідваючы захопніцкія дамаганні аўстра-венгерскай манархіі. Затым быў членам руху ў абарону міру; генеральны штаб патрабаваў яго арышту. Лічыў, што пасля заканчэння вайны злачынствы аўстра-венгерскай арміі супраць мірнага насельніцтва павінны стаць прадметам міжнароднага пераследу.

У ліпені 1917 года разглядаўся ў якасці кандыдата на пасаду міністр-прэзідэнта. Паставіў умовай уступлення на пасаду саступку Германіяй Францыі Эльзас-Латарынгіі і заключэнне сепаратнага міру з праціўнікам. Пад ціскам міністра замежных спраў Атакара фон Чэрніна і Германіі яго кандыдатура была адхіленая.

У кастрычніку 1917 — лютым 1918 года ў аўстра-венгерскай эліце актыўна абмяркоўвалася магчымасць заключэння мірнага пагаднення з Антантай, Ламаш выступаў у якасці аднаго з лідараў «партыі міру». Узаемадзейнічаў з пацыфісцкай групай, якая сфарміравалася вакол прадпрымальніка Юліуса Майнля. У апублікаваным у 1917 годзе мемарандуме, прысвечаным міжнароднаму праву пасля вайны, патрабаваў стварэння міжнароднай арганізацыі, шмат у чым пераклікаючыся з ідэямі прэзідэнта ЗША Вудра Вільсана аб стварэнні Лігі Нацый. Рабіў спробы ўсталяваць кантакты з Вільсанам праз швейцарскага святара-пацыфіста Георга Герона, аднак пацярпеў няўдачу.

«Міністэрства ліквідацыі»

27 кастрычніка 1918 года Ламаш прызначаны імператарам Карлам I міністр-прэзідэнтам Цыслейтаніі замест барона Макса Гусарэка фон Гейнлейна. Прызначэннем вядомага пацыфіста кіраўніком урада Аўстрыя імкнулася падаць знешняму свету сігнал аб гатоўнасці завяршыць вайну. Венская газета Neue Freie Presse неадкладна назвала новага міністр-прэзідэнта «ліквідатарам старой Аўстрыі» («Liquidator des alten Österreich»). З 30 кастрычніка аўстрыйскай дзяржавай фактычна пачаў кіраваць іншы ўрад — сфарміраваны Часовым нацыянальным сходам Германскай Аўстрыі кабінет Карла Рэнера; у іншых частках імперыі пачалі фарміравацца ўласныя нацыянальныя органы ўлады.

9 лістапада адрокся ад прастола германскі імператар Вільгельм II. У гэты ж дзень урад Ламаша правёў два пасяджэнні, прысвечаныя абмеркаванню будучага дзяржаўнага ладу Аўстрыі, у якіх у якасці прадстаўнікоў Германскай Аўстрыі прымалі ўдзел Карл Рэнер і Карл Зейц. Меркавалася абвяшчэнне імператара новай дзяржавы. Аднак на наступны дзень, 10 лістапада, Рэнер унёс у Часовы нацыянальны сход прапанову аб абвяшчэнні рэспублікі. Ламаш уступіў у перамовы з імператарам і імператрыцай Цытай.

11 лістапада абвешчана заява імператара аб тым, што ён «адхіляецца ад кіравання дзяржавай» (пазней Карл сцвярджаў, што зрабіў заяву пад ціскам і ні ў якім выпадку не адмовіўся б на доўгі тэрмін ад правоў суверэна). 12 лістапада ў Аўстрыі абвешчаная рэспубліка.

Аўстрыйская рэспубліка

Пасля заканчэння вайны Ламаш прымаў удзел у выпрацоўцы Статута Лігі Нацый. У якасці эксперта прымаў удзел у працы аўстрыйскай дэлегацыі па выпрацоўцы Сен-Жэрменскага міра. Выступаў за стварэнне незалежнай «Усходне-альпійскай рэспублікі» ў Паўднёвым Ціролі, на які прад’явіла прэтэнзіі Італія. У процівагу руху да аб’яднання з Германіяй выступаў за захаванне Аўстрыі ў якасці нейтральнай дзяржавы.

У 1920 годзе памёр у Зальцбургу ад апаплексічнага ўдару. Адным з нямногіх сведак пахавання стаў Стэфан Цвэйг, які апісаў іх як «бедныя і сумныя» («ärmlich und traurig»). У 1957 годзе астанкі Ламаша перанесены ў фамільны склеп у Бад-Ішле.

Сачыненні

Зноскі

  1. 1 2 Heinrich Lammasch // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. 1 2 Heinrich Lammasch // SNAC — 2010. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. Deutsche Nationalbibliothek, Staatsbibliothek zu Berlin, Bayerische Staatsbibliothek et al. Record #118726110 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 11 снежня 2014.
  4. Deutsche Nationalbibliothek, Staatsbibliothek zu Berlin, Bayerische Staatsbibliothek et al. Record #118726110 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 30 снежня 2014.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (16):
Катэгорыя·Выкладчыкі Венскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1853 годзе
Катэгорыя·Юрысты XIX стагоддзя
Катэгорыя·Выпускнікі Венскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Юрысты Аўстрыі
Катэгорыя·Пахаваныя ў Аўстрыі
Катэгорыя·Памерлі ў Зальцбургу
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Юрысты паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Ніжняй Аўстрыі
Катэгорыя·Памерлі 6 студзеня
Катэгорыя·Нарадзіліся 21 мая
Катэгорыя·Юрысты XX стагоддзя
Катэгорыя·Памерлі ў 1920 годзе