Гаро́шак плотавы[3] (Vicia sepium) — від кветкавых раслін роду Гарошак (Vicia) сямейства Бабовыя (Fabaceae).
Шматгадовая травяністая карэнішчавая расліна, зрэдку пакрытая рэдкімі валаскамі. Сцяблы даўжынёй 30—100[3] сантыметраў, адзінкавыя, простыя, прамыя, учэпістыя. Лісце чаргаванае і складаецца з 5—7[3] (4—8[4]) пар лісткоў з травяністымі прылісткамі. На канцы ліста маецца вусік. Лісткі бледна-зялёныя, маюць даўжыню 20—30[4] міліметраў, падоўжана-эліптычную форму, голыя. Кветкі паніклыя, чырванавата-фіялетавага або фіялетава-ліловага колеру, у пазушных суквеццях. Плод — голы, лінейны, бліскучы струк даўжынёй 30—40[4] мм і 6—8[4] мм у шырыню. Насенне бурага або чорнага колеру[4].
Від распаўсюджаны на тэрыторыі Еўропы і ўмераных абласцей Азіі. Святлолюбівая расліна[5]. Пераносіць цень[5]. Мезафіт і мезатроф[5]. Расце ў лясах, на ўзлесках і палянах, камяністых россыпах, па берагах вадаёмаў, на пашах, агародах, аблогах і пустках, у парках і садах, каля дарог, часам як пустазелле. У горных раёнах распаўсюджваецца да вышыні 2550 м над узроўнем мора[4]. Цвіце ў чэрвені—ліпені[4]. Плады паспяваюць у ліпені—жніўні[4].
Гарошак плотавы лічыцца перспектыўнай раслінай у мэтах стварэння і паляпшэння сенакосаў і пашаў у лясной зоне з дастатковым увільгатненнем і непатрабавальны да ўрадлівасці глебы[4].