Гало́ўчын[1] (трансліт.: Haloŭčyn, руск.: Головчин) — аграгарадок у Беларусі, на рацэ Вабіч. Цэнтр сельсавета Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці. Насельніцтва 511 чал. (2010)[2]. Знаходзіцца за 18 км на паўночны ўсход ад Бялынічаў, за 26 км ад чыгуначнай станцыі Магілёў; на шашы Магілёў — Круглае.
Некаторыя даследчыкі атаясамліваюць Галоўчын з старажытным горадам Галацічаск, які згадваецца ў «Аповесці мінулых часоў» пад 1071 г. Аднак гэтая версія не пацвярджаецца археалагічнымі даследаваннямі.
Упершыню Галоўчын згадваецца ў канцы XV ст. 3 1501 г. ім валодала жонка вялікага князя Аляксандра Алена, пазней — князі Галоўчынскія, Патоцкія, Пацы. У 1567 г. Галоўчын — цэнтр маёнтка ў Аршанскім павеце Віцебскага ваяводства. У 1573 годзе тут заснавалі касцёл. Пад 1583 г. паселішча згадваецца ў Баркулабаўскай хроніцы як сяло, з пачатку XVII ст. — мястэчка.
У часы Трынаццацігадовай вайны (1654—1667) у жніўні 1654 г. абаронцы Вялікага Княства Літоўскага на чале з гетманам вялікім Янушам Радзівілам злучыліся ў Галоўчыне з войскам гетмана польнага Вінцэнта Корвін-Гасеўскага. У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) 3 ліпеня 1708 г. каля мястэчка адбыўся бой паміж расійскімі і шведскімі войскамі, які скончыўся ўпэўненай перамогай апошніх. У 1654 і 1708 гг. захопнікі зруйнавалі Галоўчын. Станам на 1728 год у мястэчку было 107 двароў, дзейнічалі млын і сукнавальня.
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Галоўчын апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, у Магілёўскім павеце Магілёўскай губерні. Станам на 1785 год тут было 116 двароў, 2 царквы, млын, сукнавальня. Праз мястэчка праходзіў Віленскі паштовы тракт. На 1848 — 106 двароў, 2 драўляныя і 1 мураваная цэрквы. Працаваў бровар (8 работнікаў). На 1880 — 123 двары. Апрача земляробства, жыхары займаліся кушнерскім, кравецкім, шавецкім, кавальскім, стальмашным, сталярным і бандарным промысламі; рэгулярна праводзіліся 2 кірмашы. У 1883 годзе адкрылася школа. На 1909 — 201 двор; непадалёк існавалі аднайменныя фальварак і сядзіба. У Першую сусветную вайну ў лютым — кастрычніку 1918 г. мястэчка займалі нямецкія войскі.
1 студзеня 1919 г. згодна з пастановай І з’езду КП(б) Беларусі Галоўчын увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У сакавіку 1924 г. Галоўчын вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам сельсавета Бялыніцкага раёна. Статус паселішча панізілі да вёскі. У 1928 годзе дзейнічала сыраробная майстэрня. У 1930-я гг. пачатковую школу пераўтварылі ў 7-гадовую, дзейнічалі фельчарска-акушэрскі пункт, ветэрынарная лячэбніца, пошта, клуб. Станам на 1926 год у вёсцы было 290 двароў, на 1940 — 248. У Другую сусветную вайну з 2 ліпеня 1941 да 27 чэрвеня 1944 г. Галоўчын знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. У чэрвені 1944 г. захопнікі спалілі 178 двароў і загубілі 201 жыхара вёскі. На 1970 — 261 двор, на 1992 — 293.
У Галоўчыне працуюць сярэдняя і музычная школы, дашкольная ўстанова, дом культуры, бібліятэка.