wd wp Пошук:

Габустан

Карта запаведніка.

Габуста́н (азер. Qobustan) — мясцовасць на ўсходзе Азербайджана. На яе тэрыторыі размешчаны Габустанскі дзяржаўны гісторыка-мастацкі запаведнік, уключаны ў 2007 годзе ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Агульная плошча — 3 096 га. Запаведная зона — 537 га.

Прырода і геаграфія

Габустан уяўляе сабою частку шырокай узгорыстай тэрыторыі, якая цягнецца ад паўднёвага ўсходу Вялікага Каўказа да паўднёва-заходняга ўзбярэжжа Каспійскага мора, пакрытую бяссцёкавымі ярамі габу. Гэта пустынная або паўпустынная мясцовасць, моцна парэзаная часовымі вадацёкамі. Пераважаюць невысокія астанцы з асадкавых парод і долы з западзінамі і вапняковымі адкладаннямі. Сустракаюцца саланчакі і гразевыя вулканы.

Клімат субтрапічны засушлівы. Раслінны і жывёльны свет характэрны для пустынь і паўпустынь. Флора прадстаўлена ясноткавым разнатраўем, рознымі відамі хмызнякоў і малых дрэў, у тым ліку дзікім вінаградам, карлікавым яварам, ядлоўцам і інш. Рэдкія сёння прадстаўнікі фаўны — лісы, змеі, яшчаркі, курапаткі, трусы і г. д.

Частка Габустана і суседніх земляў выкарыстоўваецца ў гаспадарчых мэтах для адгоннай жывёлагадоўлі і здабычы нафты.

Спадчына

У 1930-ых гг. на тэрыторыі Габустана былі знойдзены шматлікія пятрогліфы, найбольш старажытныя з якіх адносяцца да эпохі мезаліту, а таксама пячорныя і адкрытыя стаянкі і пахаванні людзей той пары. Частка малюнкаў высякалася на камянях, калі клімат быў бліжэй да трапічнага, і мясцовая прырода нагадвала саванну з багатай флорай і фаўнай. Пятрогліфы, пакінутыя 10 тыс. гадоў таму, адлюстроўваюць жывёльны свет - джэйранаў, дзікіх коз, коняў, львоў, розных птушак, яшчарак, змей і г. д.

Акрамя таго, вядомы сілуэтныя малюнкі людзей. Некаторыя выкананы амаль у натуральную велічыню. У 7 - 4 тыс. да н. э. высякаліся дынамічныя сцэнкі палявання на быкоў. Мужчыны на петрагліфічных партрэтах апранутыя ў насцегнавыя павязкі, узброеныя лукамі і стрэламі. На целах жанчын бачна татуіроўка. Каспійскае мора перыядычна падыходзіла да мясцовых узгоркаў, таму прысутнічаюць малюнкі грабцоў на лодках. Разам з імі сустракаюцца выявы сонца, што можа сведчыць пра сакральны характар пятрогліфаў, якія сімвалізіравалі “плаванне” сонца па небе.

Малюнкі і надпісы на камянях наносіліся аж да сярэднявечча. З эпохі бронзы яны выконваліся металічнымі прыладамі. Прычым, познія пятрогліфы ўсё больш схематычныя, малыя ў памерах. Надпіс на лаціне адносяць да позняй антычнасці, калі ў гэтай мясцовасці прысутнічалі рымскія легіянеры. Надпісы на персідскай і арабскай мовах - да больш позняга часу.

Акрамя таго, Габустан уражвае сваёй незвычайнай прыродай - камянямі і скаламі дзіўнай формы, ярамі, гразевымі вулканамі.

Габустан двойчы наведваў Тур Хеердал.

Галерэя

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Сусветная спадчына паводле алфавіта
Катэгорыя·Бронзавы век
Катэгорыя·Жалезны век
Катэгорыя·Сусветная спадчына ў Азербайджане
Катэгорыя·Археалагічныя аб’екты ў Азербайджане
Катэгорыя·Археалагічныя аб’екты
Катэгорыя·Дагістарычны Азербайджан
Катэгорыя·Мезаліт