У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Кустава.
Вале́рыя Ку́става, вядомая таксама як Валяры́на (нар. 9 кастрычніка 1985[1], Мінск) — беларускі паэт, літаратар, сцэнарыст, тэлевядучая.
Вучылася ў ДМШ № 9, скончыла ДМШ № 19 па класе скрыпкі і фартэпіяна. Вучылася ў Ліцэі з тэатральным ухілам № 136, скончыла беларускамоўны клас тэатральнага ліцэя (былая СШ № 211, 2002). Наведвала Беларускі калегіум — аддзяленне «філасофія/літаратура» (2003), скончыла Польскі Інстытут у Мінску (2003), БДУКіМ (2007, дыплом з адзнакай, спецыяльнасць «Літаратурная работа», спецыялізацыя — кінадраматургія), магістратуру БДАМ (2008, спецыяльнасць «Мастацтвазнаўства», спецыялізацыя — кінатэлемастацтва, — мае ступень магістра мастацтвазнаўства). Працавала рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура» (2008—2009). Скончыла аспірантуру БДАМ (2012, спецыяльнасць «Кіназнаўства», спецыялізацыя — кіна-, тэле- і іншыя віды экранных мастацтваў.
Сама таго не ведаючы, паставіла тры рэкорды ў гісторыі беларускай літаратуры:
Член Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтру.
Удзельніца міжнародных літаратурных фестываляў у Беларусі, Украіне, Польшчы, Літве, Славеніі, Туркменістане, Германіі, Швецыі і інш. Аўтар шэрагу песень, супрацоўнічае з беларускімі кампазітарамі, ансамблямі і выканаўцамі. Асобныя творы перакладзеныя на нямецкую, французскую, шведскую, англійскую, літоўскую, грузінскую, славенскую, украінскую, польскую і рускую мовы. Сама перакладае з беларускай, рускай, украінскай, польскай і інш.; аўтар шматлікіх публікацый у перыёдыцы: «Дзеяслоў», «Новы Час», «Arche», «Полымя», «Культура» і інш.
Вершы Валярыны вельмі розныя: ад філасофска-сур’ёзных да правакацыйна-хуліганскіх[2].
У лютым 2018 года ў Беларускім Доме ў Варшаве на Дзень роднай мовы правяла «Нацыянальную дыктоўку», якой Беларускі Дом распачаў святкаванне 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі[3].
У чэрвені 2021 года Куставай прыйшлося пакінуць Беларусь. 3 чэрвеня невядомыя ламаліся ў яе кватэру. Пасля гэтага сувязь з ёй знікла, пакуль літаратарка не апынулася ў Польшчы. У Беларусі жа распачаўся крымінальны пераслед у адносінах да яе: Куставу абвінавацілі па меншае меры ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак», і нясплаце падаткаў за фінансаванне пратэстаў[4].
Валерыя Кустава на Вікісховішчы |