Бібліятэка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, скарочана Бібліятэка БДУІР (англ.: Library of the Belarusian State University of Informatics and Radioelectronics (Library BSUIR), руск.: Библиотека Белорусского государственного университета информатики и радиоэлектроники (библиотека БГУИР)) — бібліятэка вышэйшай навучальнай установы, размешчана ў 4 карпусах БДУІР у Мінску. Мае 8 чытальных залаў і 3 абанементы, 121 камп’ютарызаванае працоўнае месца, бесправадную сетку Wi-Fi, абслугоўвае штогод больш за 12 тысяч чытачоў.
Гісторыя бібліятэкі[1] пачалася адначасова з заснаваннем універсітэта ў 1964 годзе. Пры заснаванні яе фонд налічваў каля 30 тысяч асобнікаў кніг, перададзеных новай вышэйшай навучальнай установе Беларускім політэхнічным інстытутам.
З 1992 года вядзецца электронны каталог бібліятэкі. У 2002 годзе распрацаваны першы сайт бібліятэкі. У гэтым жа годзе бібліятэка набыла сеткавую версію АІБС «MARC-SQL» версія 1.6.
Для самастойнай працы студэнтаў з лістапада 2004 года была адкрыта чытальная зала Электронная бібліятэка — сумесны праект ААТ «Прыорбанк» і БДУІР. Адкрыццё чытальнай залы Электронная бібліятэка было прымеркавана да юбілея — 40-годдзя заснавання БДУІР[2].
У 2007 годзе бібліятэка набыла новую версію АІБС «MARC-SQL» 1.10 і праграмнае забеспячэнне «Internet з ЭДД» (электронная дастаўка дакументаў). З 2008 года ў бібліятэцы функцыянуе служба МБА і ЭДД — выкананне запытаў карыстальнікаў на заказ дакументаў па міжбібліятэчным абанеменце з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі[3], Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі і Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (толькі для прафесарска-выкладчыцкага складу, навуковых работнікаў і аспірантаў універсітэта) або магчымасць заказу электронных копій дакументаў з фонду бібліятэкі на электронную пошту па ЭДД, для ўсіх карыстальнікаў бібліятэкі.
У верасні 2009 года, на базе традыцыйнай студэнцкай чытальнай залы ў 4-м навучальным корпусе БДУІР адкрыўся Інфармацыйна-адукацыйны цэнтр электронных рэсурсаў і паслуг (цяпер чытальная зала № 2), абсталяваны сучаснай тэхнікай. З верасня 2011 года на абанеменце пачатковых курсаў у 4-м навучальным корпусе БДУІР укаранёна аўтаматызаваная кнігавыдача па электронных студэнцкіх білетах. У 2012 годзе адбылася мадэрнізацыя ўсіх чытальных залаў і абанементаў бібліятэкі, якая дазволіла арганізаваць электронную кнігавыдачу літаратуры.
З 30 снежня 2020 года электронны каталог бібліятэкі працуе пад кіраваннем АІБС «МегаПро». АІБС «МегаПро» — web-сістэма новага пакалення, дазваляе комплексна аўтаматызаваць інфармацыйна-бібліятэчныя працэсы, кіраваць інфармацыйнымі рэсурсамі і арганізоўваць доступ да іх. Яна забяспечвае зручную і эфектыўную працу з электроннымі каталогамі бібліяграфічных дадзеных і лічбавым інфармацыйным кантэнтам. Забяспечвае карыстальнікам сэрвісы па доступе да інфармацыі, пошуку, праглядзе, аддаленым заказе патрэбнай літаратуры, магчымасці стварэння асабістага кабінета.
На 2021 год фонд бібліятэкі БДУІР налічвае больш за 1 млн асобнікаў кніг і перыядычных выданняў. Бібліятэка займае плошчу 1.821,14 м² і размешчана ў 4-х вучэбных карпусах па адрасах: 2-і корпус — вул. П. Броўкі, 4; 3-і корпус — вул. П. Броўкі, 10; 4-ы корпус — вул. Гікала, 9; 8-ы корпус — вул. Казлова, 28.
Штогод бібліятэка абслугоўвае больш за 12 тысяч чытачоў. У фондзе бібліятэкі захоўваецца унікальная калекцыя літаратуры па тэхніцы, інфарматыцы, прыродазнаўчых навуках. Асаблівая ўвага надаецца электронным рэсурсам і паслугам бібліятэкі. Для зручнасці студэнтаў ФIБА і ІІТ[4] у верасні 2018 года адкрыта чытальная зала электронных рэсурсаў у новым 8-м навучальным корпусе БДУІР[5][6].
На 2021 год у бібліятэцы створана сучасная кампутарная інфраструктура. Працоўныя месцы супрацоўнікаў бібліятэкі і карыстальнікаў аб’яднаны ў лакальную сетку. На абанеменце і ў чытальных залах для карыстальнікаў абсталявана 121 камп’ютарызаванае працоўнае месца з доступам у Інтэрнэт, у тым ліку поўнае пакрыццё Wi-Fi. Аўтаматызаваны ўсе асноўныя бібліятэчныя працэсы. На сайце бібліятэкі размешчана ўся неабходная для карыстальнікаў інфармацыя пра дзейнасці бібліятэкі. Для прыцягнення новых карыстальнікаў і актыўнага прасоўвання бібліятэчных паслуг у інфармацыйнай прасторы бібліятэка прадстаўлена ў сацыяльных сетках Facebook, Вконтакте, Instagram і TikTok[7].
Штогод бібліятэка БДУІР арганізуе больш за 70 кніжных выстаў, тэматычныя прагляды, праводзіць бібліяграфічныя агляды. Бібліятэка штогод выпісвае каля 40 найменняў перыядычных выданняў Беларусі і Расіі.
У 2014 годзе супрацоўнікамі бібліятэкі быў створаны рэпазітар БДУІР — інфармацыйны рэсурс адкрытага доступу, які змяшчае больш за 30 тыс. Дакументаў, у тым ліку навуковыя публікацыі выкладчыкаў і навуковых супрацоўнікаў БДУІР[8], поўныя тэксты метадычных указанняў і метадычных дапаможнікаў, манаграфій, аўтарэфераты дысертацый, матэрыялы канферэнцый і семінараў, якія праходзілі ў БДУІР і інш. Рэпазітар БДУІР мае ўласны Міжнародны стандартны серыяльны нумар ISSN 2410-4655, то-бок статус паўнавартаснага электроннага выдання, у якім можна публікаваць вынікі даследаванняў як у першакрыніцы, нароўні з друкаванымі перыядычнымі выданнямі.
Электронны рэсурс па вучэбнай дысцыпліне, які ўключае поўныя тэксты электронных вучэбна-метадычных комплексаў дысцыплін, якія вывучаюцца ў універсітэце. Рэсурс даступны толькі ў лакальнай сетцы БДУІР