Бялыніцкі касцёл і кляштар кармелітаў — колішні рымска-каталіцкі сакральны комплекс у г.п. Бялынічы, Магілёўская вобласць. Адзін з найбагацейшых у Вялікім Княстве Літоўскім. У кляштары знаходзіўся цудатворны абраз Божай Маці, шанаваны хрысціянамі розных канфесій. Праз шматлікія працэсіі і паломніцтвы да яго Бялынічы зваліся «Беларускай Чэнстаховай»[1].
Заснаваны ў 1624 годзе канцлерам вялікім літоўскім Львом Сапегам. Пазней апекунамі кляштара былі ўладальнікі Бялынічаў Агінскія. У 1634 годзе невядомы мастак намаляваў тут абраз Маці Божай, які знік у Магілёве ў Вялікую Айчынную вайну. У сярэдзіне XVIII ст. першапачатковыя драўляныя будынкі заменены мураванымі. Касцёл y стылі позняга барока пабудаваны ў 1742—1763 гг[2].
Улады Расійскай імперыі закрылі кляштар у 1832 годзе, статус касцёла быў паніжаны да парафіяльнага[2]. У 1877 годзе у будынках былога кармеліцкага кляштара быў размешчаны Бялыніцкі манастыр Раства Багародзіцы, які існаваў да 1918 года. Колькасць манахаў дасягала 40 чалавек (на пачатку XX ст). Да Бялыніцкага манастыра быў прыпісаны і пазаштатны Мсціслаўскі Тупічэўскі манастыр. У храме захоўваўся цудатворны абраз Маці Божай, які застаўся ад кармелітаў[3].
У 1930-я гады ператвораны ў клуб, пры гэтым разбураны купал і фасад. Пасля вайны выкарыстоўваўся як кінатэатр, потым — склад. Касцёл узарваны ў 1960-я гады[2]. У корпусе кляштара некаторы час была школа, узарваны ў 1970-я гады, каб пабудаваць на яго месцы гандлёвы цэнтр.
У комплекс уваходзілі Успенскі касцёл, Т-падобны ў плане корпус кляштара (размаляваны фрэскамі), мураваная агароджа з уваходнай брамай, званіца, вежа з гадзіннікамі[2].
Касцёл уяўляў сабой трохнефаную крыжова-купальную базіліку з трансептам, даўжынёй 43 м, шырынёй 22, вышыня да скляпення 18 м[2]. Багата дэкарыраваны ордарнымі элементамі і скульптурамі галоўны фасад падзяляўся па гарызанталі на тры ярусы, раскрапаваныя антаблементамі, па вертыкалі — на пяць частак вязкамі пілястраў. Сярэдняя частка завяршалася фігурным франтонам, бакавыя — масіўнымі валютамі, прамежкавыя — вежамі, накрытымі гранёнымі купалкамі. Над уваходам з вялікім арачным парталам быў балкон з балюстрадай і акно ў ляпным абрамленні[2].
Інтэр’ер касцёла быў багата аздоблены драўлянай і стукавай скульптурай, а таксама сюжэтнымі размалёўкамі[2].