Астро́жскія — княжацкі род уласнага герба, прадстаўнікі якога займалі высокія дзяржаўныя пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай, мелі вялізныя зямельныя ўладанні на тэрыторыі сучасных Беларусі і Украіны.
Паходжанне не высветленае з дакладнасцю, і пытанне пра іх пачынальнікаў вырашаецца па-рознаму. М. Стрыйкоўскі выводзіў Астрожскіх з роду князёў Друцкіх (нашчадкі полацкіх князёў)[1], некаторыя даследчыкі — з галіцка-валынскіх Рурыкавічаў або Гедзімінавічаў, аднак найбольш імавернай[2] з’яўляецца версія ўкраінскага гісторыка М. Максімовіча пра іх паходжанне ад Турава-Пінскіх князёў[3] (паводле памінальніка Астрожскіх, дзе яны значацца як «Благоверніи князи Туровскіи»).
Першым гістарычна вядомым князем Астрожскім быў Даніла, уладальнік горада Астрог на Валыні ў сяр. XIV ст. (адсюль прозвішча)[4].
Галіна Астрожскіх — Заслаўскія, да якіх пасля згасання ў XVII ст. роду перайшлі асноўныя маёнткі.
У 2014 годзе вуліца ў мікрараёне Міхалова-2 ў Мінску атрымала назву «вуліца Астрожскіх»[5].