Антайсака (малагас. Antaisaka, літаральна «людзі даліны») — этнічная група малагасійцаў. Насяляюць частку ўсходу Мадагаскара. Агульная колькасць — 1 802 000 чал.[1]
Як этнічная група, антайсака склаліся ў сярэднявеччы ў выніку кантактаў малагасійцаў усходняга ўзбярэжжа Мадагаскара з вонкавым светам. Яны першымі авалодалі майстэрствам апрацоўкі жалеза і дзякуючы выкарыстанню дзідаў з жалезнымі навершамі заваявалі значную частку вострава. Іх нашчадкамі лічацца заходнія сакалава, антаймуру, сіханака і інш.
Ужо да прыходу еўрапейцаў адзіная дзяржава антайсака распалася. У XIX ст. яны лічыліся грознымі ваярамі. Але ў выніку ваенных параз былі далучаны да Каралеўства Мадагаскар.
Галоўныя заняткі антайсака — сельская гаспадарка і рамяство. Паколькі мужчыны прытрымліваюцца забароны фады на працу на рысавых палетках, гэтую культуру вырошчваюць жанчыны. Мужчыны апрацоўваюць насаджэнні садавіны і кавы. Рамяство пераважна звязана са здабычай і апрацоўкай жалеза.
Жытлы драўляныя, каркаснага тыпу будуюцца на палях. Хаціны маюць дзве дзверы. Адна з’яўляецца звычайным уваходам. Другую на ўсходнім баку ладзяць для вымання нябожчыкаў. Вядомы таксама сямейныя драўляныя пабудовы-магільні кібуры. У іх хаваюць загадзя высушаныя целы (пахаванні адразу пасля смерці забаронены).
Для антайсака характэрныя замкнёныя шлюбы ўнутры абшчыны. Мяркуецца, што гэта традыцыя паходзіць з часоў сярэднявечча, калі кавалі імкнуліся абмежаваць наяўнасць сваякоў сярод іншых груп, каб не даць магчымасці даведацца аб сакрэтах апрацоўкі жалеза. Распаўсюджана палігамія, але мужчына звычайна бярэ ў шлюб сясцёр з адной сям’і.
Размаўляюць на дыялекце малагасійскай мовы.
Большасць антайсака прытрымліваецца традыцыйных рэлігійных вераванняў. Таксама распаўсюджаны хрысціянства (28 %) і іслам (6 %).