wd wp Пошук:

Антаймуру

Антаймуру (малагас. Antaimoro, літаральна “людзі поўдня”), або антэмуру (Antemoro) — этнічная група малагасійцаў. Насяляюць частку паўднёвага ўсходу Мадагаскара. Агульная колькасць (2022 г.) — 1 215 000 чалавек[1]

Паходжанне

Антаймуру лічаць сябе нашчадкамі арабаў, хаця некаторыя навукоўцы адносяць іх да антайсака. Згодна паданням, першым кіраўніком антаймуру быў Рамакарару, які прыбыў на Мадагаскар ў XV ст. з Меккі. Дзяржава антаймуру, якая узначальвалася манархамі андрыянуні, праіснавала да пачатку XIX ст. пакуль не была ўключана ў склад Каралеўства Мадагаскар.

Асаблівасці культуры

Традыцыйная культура антаймуру спалучае рысы, характэрныя для ўсіх малагасійцаў усходняга ўзбярэжжа Мадагаскара, з уплывам з боку арабаў і еўрапейцаў.

Антаймуру распрацавалі першую малагасійскую пісьмовасць сарабе, у якой выкарыстоўваліся арабскія літары. Яны не ўжываюць у ежу свініну. Забараняецца самастойна забіваць свойскую жывёлу (звычайна гэтай прафесіяй займаюцца прадстаўнікі іншых этнічных груп, што жывуць сярод антаймуру). Доўгі час існавала традыцыя забойства аднаго з народжаных двайнят.

Галоўнымі заняткамі з’яўляюцца сельская гаспадарка, лоў рыбы і гандаль. Яшчэ ў XIX ст. антаймуру славіліся як цудоўныя лекары, якія займаліся зборам лекавых і атрутных траў, астралогіяй і варажбой. Захаваліся такія адметныя традыцыйныя заняткі, як вытворчасць паперы з бамбуку, пляценне з саломы.

Жытло каркаснае, будуецца з дрэва, падзяляецца на ізаляваныя мужчынскую і жаночую часткі.

Традыцыйнае грамадства заснавана на падзеле на сацыяльныя пласты згодна ўзросту і паходжанню тых або іншых індывідаў ад пэўнага продка.

У мінулым асноўнай рэлігіяй быў іслам, але ў нашы дні яго прытрымліваецца толькі 7% вернікаў. Шырока распаўсюджаны традыцыйныя вераванні, культ продкаў. Значная частка (45%) спавядае хрысціянства.

Зноскі

  1. Antaimoro

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (1):
Катэгорыя·Малагасійцы