У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Наўроцкі. Алесь Наўроцкі (Аляксандр Піліпавіч Наўроцкі; 12 лютага 1937, вёска Давыдаўка, Светлагорскі раён, Гомельская вобласць — 24 красавіка 2012, Мінск) — беларускі празаік і паэт, урач.
Нарадзіўся ў сям’і настаўнікаў. У 1954 годзе скончыў Бабруйскую школу санітарных фельчараў. Працаваў фельчарам у вёсцы Вышкава Карэліцкага раёна. Скончыў Мінскі медыцынскі інстытут (1962). Працаваў урачом участковай бальніцы ў вёсцы Аравічы Хойніцкага раёна (1962—1965).
У 1964 годзе прыняты ў члены Саюза пісьменнікаў БССР. Пераехаў у Мінск, працаваў на станцыі хуткай медыцынскай дапамогі (з 1965).
У 1975 годзе паступіў на Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Праз год заўважыў увагу да сябе з боку КДБ, пасля чаго прыпыніў вучобу і вярнуўся ў Мінск (1976).
1 красавіка 1978 года выйшаў з Саюза пісьменнікаў БССР з прычыны неаднаразовага адпрэчвання надрукавання яго твораў выдавецтвам «Мастацкая літаратура».
У 1980 годзе галосна выказаў сваю грамадзянскую пазіцыю: публічна пратэставаў супраць метадаў, якія прымяняла ў СССР так званая «карная псіхіятрыя». Звяртаўся па падтрымку да праваабаронцы акадэміка Андрэя Сахарава.
Неўзабаве доктара Наўроцкага наведала ўрачэбна-кансультацыйная камісія, якая вырашыла прымацаваць Алеся Наўроцкага да псіхіятрычнага дыспансера і пазбавіла працы лекара (1981). Доўгі час пісьменнік нідзе не працаваў і амаль не друкаваўся – паводле ўласных словаў, «дваццаць гадоў пісаў у шуфляду».
Дэбютаваў вершам «Краіна родная» ў раённай газеце «Ленінская перамога» ў 1952 годзе, а з 1954 года выступаў у рэспубліканскім друку (часопіс «Полымя», верш «Ранак ідзе»).
Аўтар зборнікаў паэзіі «Неба ўсміхаецца маланкаю» (1962), «Гарачы снег» (1968), «Пакаленні і папялішчы» (1990), кнігі апавяданняў «Валун» (1976), якая выйшла ў двух варыянтах: як зборнік апавяданняў (1976) і як раман на рускай мове (1994).
У 2016 годзе ў серыі «Беларускі кнігазбор» выйшла ў свет кніга Алеся Наўроцкага «Выбраныя творы»[1].