wd wp Пошук:

Ян Давід Голанд

Ян (Ёган) Давід Голанд (ням.: Johann David Holland; 17 сакавіка 1746, Санкт-Андрэасберг, Германія — 26 снежня 1827) — нямецкі кампазітар і дырыжор, кіраўнік нясвіжскай капэлы, выкладчык музыкі ў Віленскім універсітэце.

Біяграфічныя звесткі

Найбольш раннія звесткі пра Я. Голанда адносяцца да 1760-х, калі ён быў ужо дастаткова аўтарытэтным кампазітарам. З 1771 года жыў у Гамбургу, адным з буйнейшых у Еўропе цэнтраў канцэртна-тэатральнага жыцця таго часу. Займаў пасаду дырэктара музыкі гамбургскага кафедральнага сабора. Творы Я. Голанда — сімфоніі, кантаты і араторыі, вакальныя і інструментальныя п’есы — пастаянна выконваліся ў канцэртах, друкаваліся ў розных зборніках.

На пачатку 1780-х гадоў уладальнік Нясвіжа Караль Станіслаў «Пане Каханку» Радзівіл запрасіў Я. Голанда на пасаду дырыжора нясвіжскай капэлы. У оперна-балетным тэатры Нясвіжа ў той час ставіліся многія класічныя творы замежных і мясцовых аўтараў. Менавіта тут Я. Голанд упершыню звярнуўся да оперна-балетных жанраў. 17 верасня 1784 года ў Нясвіжы адбылася прэм’ера оперы Я. Голанда «Агатка, або Прыезд пана» (дырыжыраваў Д. Альберціні[5]). Гэта была адна з першых опер, створаных і пастаўленых у Беларусі ў XVIII ст. Напісаная з нагоды прыезду ў Нясвіж караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага, яна набыла асаблівую вядомасць і больш за сорак год ішла на сцэнах тэатраў Рэчы Паспалітай. Лібрэта да оперы «Агатка» стварыў князь Мацей Радзівіл, які сам быў музыкантам-аматарам. Опера адрозніваецца кампазіцыйна-драматургічнай дасканаласцю, найбольшую эмацыянальную нагрузку ў ёй нясе музыка. Арыентаваная на класічны стыль, яна разам з тым насычана мясцовым нясвіжскім фальклорам. У Нясвіжы кампазітар напісаў і іншыя творы — оперу «Чужое багацце нікому не служыць» і балет «Арфей і Эўрыдыка» (або «Арфей у пекле»), а таксама кантату, прысвечаную Каралю Радзівілу.

Амаль дваццаць год працаваў Я. Голанд у Нясвіжы. У пачатку XIX ст. ён пераехаў у Вільню, дзе на працягу 23 год выкладаў музыку ў Віленскім універсітэце, кіраваў універсітэцкім хорам і аркестрам, працягваў пісаць музыку. Тут ён напісаў і сваё самае значнае тэарэтычнае даследаванне — падручнік «Акадэмічны трактат аб сапраўдным мастацтве музыкі», у свой час шырока вядомы і папулярны сярод музыкантаў.

Творчая спадчына

Творчасць Яна Давіда Голанда ў канцы XVIII — пачатку XIX ст. аказала значны ўплыў на развіццё беларускай музычнай школы эпохі класіцызму.

Да 2006 г. было завершана аднаўленне камічнай оперы кампазітара «Чужое багацце нікому не служыць». Сюжэт твора, упершыню пастаўленага ў 1785 г. ў Нясвіжскім тэатры магнацкага роду Радзівілаў, уяўляе сабой класічны ўзор камічнай оперы свайго часу. Кася — дачка багатага ўдаўца Чужапанка — пакахала парабка Янака. Аднак прагны бацька не жадае аддаваць дачку з зайздросным пасагам свайму халопу. Але дзякуючы фантазіі Янака, Чужапанак дае згоду на шлюб. Да нашых дзён дайшлі толькі партыі першай скрыпкі і кантрабаса, а таксама вакалу з тэкстам. Пераклад арый і дуэтаў з польскай на беларускую мову зрабіў Васіль Сёмуха, а драматург Сяргей Кавалёў аднавіў згубленыя дыялогі. Мастацкі кіраўнік ансамбля салістаў «Класік-авангард» Уладзімір Байдаў стварыў аркестравыя аранжыроўкі, паводле складу нясвіжскага аркестра апошняй трэці XVIII ст. Камерная партытура оперы, дзейныя асобы ў якой — усяго тры персанажы, робяць твор прывабным для сучаснага тэатральнага жыцця. 7 ліпеня 2009 г. ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета адбылася прэм’ера опернага спектакля «Чужое багацце нікому не служыць».

Раней на беларускай мове гучала ўжо опера Я. Голанда «Агатка», адноўленая ў 1995 «Беларускай капэлай».

Зноскі

  1. 1 2 Bibliothèque nationale de France Jan Dawid Holland // data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011.
  2. 1 2 Johann David Holland // CERL Thesaurus — Consortium of European Research Libraries.
  3. 1 2 Catalog of the German National Library Праверана 31 мая 2020.
  4. Catalog of the German National Library Праверана 10 чэрвеня 2020.
  5. Алексютович Константин Андреевич // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 19. — 737 с.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (17):
Катэгорыя·Памерлі 26 снежня
Катэгорыя·Артыкулы пра музыкантаў без партрэтаў
Катэгорыя·Памерлі ў 1827 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Вікіпедыя·Старонкі з неадназначнымі геаланцужкамі
Катэгорыя·Кампазітары Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з нумарамі старонак
Катэгорыя·Нарадзіліся 17 сакавіка
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1746 годзе
Катэгорыя·Музыканты паводле алфавіта
Катэгорыя·Кампазітары Германіі
Катэгорыя·Дырыжоры Германіі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Оперныя кампазітары
Катэгорыя·Памерлі ў Львове
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных