Чарну́шка дамаская[3][4], дзяўчына ў зелені[4] (Nigella damascena) — від кветкавых раслін роду Чарнушка (Nigella) сямейства Казяльцовыя (Ranunculaceae).
Аднагадовая травяністая расліна вышынёй 30—60[4] см. Сцябло прамое, граністае. Лісце чаргаванае, жорсткае, двойчы і тройчы перыстарассечанае. Долі ліста ніткападобныя, з гладкім краем і завостранай верхавінкай. Верхняе лісце сабранае пад кветкай і ўзвышаецца над ёю[4]. Кветкі 2—5 см у дыяметры. Чашалісцікі сіняга, блакітнага колеру з адценнямі, буйныя. Плод — шматлістоўка.
Расліна распаўсюджана на тэрыторыі Паўднёвай Еўропы, Заходняй Азіі, Паўночнай Афрыкі (Алжыр, Лівія, Марока, Туніс), на Каўказе, Канарскіх астравах[5]. Святлолюбівая расліна, мезафіт і мезатроф[6]. Расце ў стэпавых зонах, засмечаных месцах, парках і садах, каля дарог. Цвіце ў ліпені—верасні[4]. Размнажаецца насеннем.
Расліна ядавітая[6]. У насенні маецца эфірны алей і алкалоід дамасцэцін[4]. Дэкаратыўная і лекавая расліна[6].