wd wp Пошук:

Фрыдрых Вільгельм Ніцшэ

Фрыдрых Вільгельм Ніцшэ (ням.: Friedrich Wilhelm Nietzsche; 15 кастрычніка 1844 — 25 жніўня 1900) — нямецкі філосаф, філолаг і паэт, адзін з заснавальнікаў філасофіі жыцця.

Біяграфічныя звесткі

Нарадзіўся ў сям’і лютэранскага святара. У 1858-64 вучыўся ў Пфорце — закрытай прывілеяванай школе для адораных дзяцей; тут выявілася яго цікавасць да антычнасці і музыкі. У 1864-65 вывучаў класічную філалогію і пратэстанцкую тэалогію ў Бонскім універсітэце. Пасля знаёмства з працамі Д. Ф. Штраўса, Л. Феербаха і Б. Баўэра пакінуў тэалогію, абраўшы сваёй спецыяльнасцю класічную філалогію. У гэтыя гады ён захапляецца філасофіяй А. Шапенгаўэра і мастацтвам Р. Вагнера, асабістае знаёмства з якім адбылося ў лістападзе 1868 года. З 1869 да 1879 прафесар класічнай філалогіі Базельскага ўніверсітэта. Складае з сябе прускае грамадзянства, але ў 1870 у якасці санітара добраахвотна прымае ўдзел у франка-прускай вайне (1870-71).

Усё жыццё мучыўся ад невыносных галаўных боляў. У 1879 годзе па стане здароўя пакідае службу і вядзе вандроўнае жыццё, спрабуючы знайсці клімат і ландшафт, найбольш спрыяльныя для яго цялеснага і душэўнага самаадчування (Ніца, Генуя, Зільс-Марыя, Турын і інш.). Творчая дзейнасць Фрыдрыха Ніцшэ абарвалася на ру­бяжы 1888–89 гадоў у сувя­зі з ду­шэўнай хваробай, што адолела яго.

Светапогляд

Першыя яго творы прысвечаны праблемам класічнай філалогіі, першая значная праца па філасофіі «Нараджэнне трагедыі з духу музыкі» (1872) — пераважна аналізу антычнай культуры. У працяг пошукаў Ф. Шылера і прадстаўнікоў нямецкага рамантызму, развіў ідэі аб існаванні двух супрацьлеглых пачаткаў у быцці культуры: дыянісійскага — жыццесцвярджальнага, аргаістычнага, ірацыянальнага і ў той жа час трагічнага, якому адпавядае хаатычная накіраванасць самога жыцця (канцэпцыя «гераічнага песімізму»), і апалонаўскага — сузіральнага, упарадкаванага, аднабакова разумовага і аптымістычна радаснага. Ідэал мастацтва бачыў у гармоніі гэтых двух тыпаў (напр., у грэчаскай трагедыі, у Сафокла); папярэднікамі мастацтва будучыні лічыў Р. Вагнера, Ф. Шылера, І. Гётэ.

Вокладка першага выдання кнігі «Так казаў Заратустра»

У якасці культурна-этычнага ідэалу новага тыпу чалавека вылучаў эстэтызаваны ім вобраз звышчалавека як магчымага і дасягальнага ў перспектыве рэальнай будучыні ідэалу ўсяго чалавецтва. Характэрнымі рысамі ідэальнага чалавека лічыў уменне ахвяраваць сабой, велікадушнасць і прагу дзейнай любові, сумленнасць, бясстрашнасць, цвёрдасць, гераізм і г.д. («Так казаў Заратустра», т. 1-3, 1883-84). У творах «Ecce Homo», «Антыхрысціянін» (абодва 1888) і інш. на першы план ён ставіў культ моцнай асобы, якая з крайняй жорсткасцю пераадольвае ўсе маральныя нормы грамадства. Паняццем звышчалавека Ніцшэ актыўна карысталіся нацысты, ствараючы ідэалогію пануючай расы, і прыпісвалі арыйскай расе рысы звышчалавека, які ў адносінах да «чужых» свабодны ад маральных абмежаванняў і кіруецца ў сваіх дзеяннях інстынктамі. Сам Ніцшэ быў праціўнікам любых форм панавання масавай свядомасці і расізму. На яго думку, жыццё ёсць праяўленне, аб’ектывізацыя волі, але не абстрактнай сусветнай волі (як у А. Шапенгаўэра), а канкрэтнай волі да ўлады; яе ён разглядаў як аснову «права моцнага», якім павінен кіравацца сапраўдны чалавек ва ўсіх сферах жыццядзейнасці.

Фрыдрых Ніцшэ сцвярджаў, што на працягу ўсёй гісторыі рабы спрабавалі навязаць сваю мараль пануючым арыстакратам, і пачатак гэтаму працэсу паклалі яўрэі ў Старым запавеце, а вышэйшае развіццё ён атрымаў у хрысціянстве, найперш у Нагорнай пропаведзі Ісуса Хрыста. Адсюль вынікае неабходнасць пераадолення вынікаў «паўстання рабоў» у маралі, вяртання чалавека да сапраўднага існавання, да самога сябе.

Ф. Ніцшэ прадказваў распад еўрапейскай духоўнасці і дэвальвацыю яе каштоўнасцей, узнікненне «масавага грамадства» і таталітарызму, панаванне «будучага хама» з яго нівеліроўкай чалавека пад сцягам усеагульнай роўнасці людзей. Барацьба за вызваленне людзей ад улады духоўных і сацыяльных аўтарытэтаў, якая ўвайшла ў гісторыю культуры пад лозунгам «пераацэнкі былых да гэтага часу каштоўнасцей», зрабіла яго адным з найбольш яркіх прадстаўнікоў еўрапейскага нігілізму («Па той бок дабра і зла: прэлюдыя да філасофіі будучыні», 1886, «Да генеалогіі маралі», 1887).

Ён быў агрэсіўным крытыкам традыцыйнай маралі, утылітарызму, тагачаснай філасофіі матэрыялізму, нямецкага ідэалізму, нямецкага рамантызму і сучаснасці таго часу ў цэлым. Фрыдрых Ніцшэ стварыў вялікую колькасць афарызмаў і эксперыментальных формаў пісьма. Хоць яго творчасць была пасля скажоная і асацыяваная то з філасофскім рамантызмам, то з нігілізмам, то з антысемітызмам і нацызмам — сам Ніцшэ горача адмаўляў сваю прыналежнасць да гэтых формаў, якія ўжо існавалі ў яго час, аж да прамога супрацьстаяння ім. Яго часта лічылі натхніцелем філасофскага і літаратурнага экзістэнцыялізму, а пазней і постмадэрнізму. У шматлікіх адносінах яго погляды цяжка зразумець у любых сістэматычных формах. Казаць аб цэласным вучэнні Ніцшэ, мабыць, нельга, а яго творчасць была і застаецца прадметам гарачых спрэчак.

Спадчына

Спадчына Фрыдрыха Ніцшэ паўплывала на развіццё філасофіі, эстэтыкі і літаратуры канца ХІХ — ХХ ст., стала своеасаблівым «ніцшэанскім» пластом еўрапейскай культуры. Ён з’яўляецца адным з самых чытаных мысляроў. Многія яго ідэі ў разнастайнай інтэрпрэтацыі атрымалі развіццё ў філасофіі жыцця і філасофіі культуры, пазітывізме, прагматызме, фенаменалогіі, экзістэнцыялізме.

У вострых дыскусіях аб прыродзе маральнай філасофіі Ніцшэ, яго разуменні сутнасці быцця і звышчалавека, свабоды творчасці, каштоўнасці валявой дзейнасці ўдзельнічалі Г. Зімель, Г. Файгінгер, О. Шпенглер, А. Камю, М. Хайдэгер, У. Салаўёў, Х. Артэга-і-Гасет, М. Бярдзяеў і інш. Ніцшэ прадугадаў ідэі і ўстаноўкі псіхааналізу ў разуменні чалавека як адзінства некалькіх узроўняў і асаблівасцей яго дзеянняў, абумоўленых неўсвядомленымі матывамі. Генетычны падыход да вытлумачэння псіхічных з’яў і ўніверсальнага імкнення асобы да ўвасаблення сваіх магчымасцей і волі да ўлады збліжае яго канцэптуальныя пазіцыі з З. Фрэйдам, Э. Фромам, К. Хорні, А. Адлерам, К. Г. Юнгам і інш. Шэраг ідэй Ніцшэ (два пачаткі культуры, культ жыцця і трагічнасці, адмаўленне маралі, разбурэнне рэлігіі і пафас міфатворчасці) знайшоў адлюстраванне ў творчасці Т. Мана, Б. Шоў, Дж. Лондана, В. Брусава, М. Гумілёва, М. Ікбана і інш.

Гл. таксама

Зноскі

  1. 1 2 Deutsche Nationalbibliothek, Staatsbibliothek zu Berlin, Bayerische Staatsbibliothek et al. Record #118587943 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 9 красавіка 2014.
  2. 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  3. 1 2 Ницше Фридрих // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
  4. https://www.e-periodica.ch/digbib/view?pid=bzg-002:1941:40::163#168 Праверана 8 снежня 2020.
  5. Deutsche Nationalbibliothek, Staatsbibliothek zu Berlin, Bayerische Staatsbibliothek et al. Record #118587943 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 2 красавіка 2015.
  6. Burschenschafter-Stammrolle: Verzeichnis der Mitglieder der Deutschen Burschenschaft nach dem Stande vom Sommer-Semester 1934 — B: Willy Nolte, 1934.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (23):
Выкладчыкі Базельскага ўніверсітэта
Вучоныя паводле алфавіта
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Памерлі ў 1900 годзе
Нямецкамоўныя паэты
Філосафы XIX стагоддзя
Паэты Германіі
Вікіпедыя:Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без беларускага подпісу
Філасофія мастацтва
Памерлі ў Веймары
Выпускнікі Лейпцыгскага ўніверсітэта
Нарадзіліся 15 кастрычніка
Выпускнікі Бонскага ўніверсітэта
Нарадзіліся ў Саксоніі-Ангальт
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Нарадзіліся ў 1844 годзе
Пахаваныя ў Саксоніі-Ангальт
Эстэтыкі
Асобы
Дактары навук
Вікіпедыя:Істотныя артыкулы
Філосафы Германіі
Памерлі 25 жніўня