wd wp Пошук:

Феафан Спаведнік

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з імем Феафан.

Феафа́н Спаве́днік (Феафан Сігрыянскі, грэч.: Θεοφάνης Ὁμολογητής, лац.: Theophanes Confessor; каля 760818) — візантыйскі манах, летапісец, шануецца праваслаўнай царквой як прападобны, спаведнік. Памяць 12 сакавіка. Біяграфія яго вядомая з «Жыція Святога Феафана Спаведніка» пяра патрыярха Мяфодзія (843847), а таксама з яго ўласнага твора «Хранаграфія».

Раннія гады

Прападобны Феафан Спаведнік нарадзіўся каля 760 года ў Канстанцінопалі ад набожных і знатных бацькоў Ісака і Феадоты. Ісак быў у сваяцтве з візантыйскім імператарам Львом III Ісаўрам і, нягледзячы на сваё іконашанаванне, знаходзіўся ў такім даверы ў імператара—іканаборца Канстанціна V, што той прызначыў Ісака стратыгам фемы Эгейскага мора, а пасля асабіста клапаціўся пра тое, каб рана асірацелы Феафан атрымаў добрую адукацыю.

Як і яго бацька, Феафан абраў кар’еру чыноўніка і даволі хутка атрымаў поспех: пры Льве IV Хазары ён, нягледзячы на сваю маладосць, быў прызначаны стратарам, а неўзабаве, услед за гэтым, атрымаў тытул спафарыя. Пры тым жа імператары Феафан узяў шлюб з Мегала, дачкой візантыйскага патрыцыя Льва. Аднак па згодзе з нявестай Феафан захаваў цноту, жадаючы прыняць манаства.

Пострыг

Наведаўшы аднойчы з жонкай манастыры ў Сігрыянскай вобласці (Малая Азія), Феафан сустрэў старца Грыгорыя Стратыгія, які прадказаў жонцы Феафана, што яе муж будзе ўдастоены мучаніцкага вянца. Праз некаторы час жонка Феафана была пастрыжана ў манашкі ў адным з манастыроў Віфініі, а Феафан прыняў манаскі пострыг ад старца Грыгорыя.

Па блаславенні старца Феафан стварыў манастыр на востраве Каланім у Мармуровым моры і закрыўся ў келлі, займаючыся перапісваннем кніг багаслоўскага зместу. У гэтым занятку Феафан дасягнуў высокага майстэрства. Затым прападобны Феафан заснаваў яшчэ адзін манастыр у Сігрыянскай вобласці, у месцы, званым «Вялікае Сяло» (або — «Вялікае Поле») на ўзбярэжжы Мармуровага мора, паміж Кізікам і вусцем Рындака, і стаў яго ігуменам. Прападобны сам браў удзел ва ўсіх манастырскіх работах і для ўсіх быў прыкладам працавітасці і подзвігу. Яму прыпісваецца дар цудатварэння: вылячэнне хвароб і выгнанне д’ябла.

VII Усяленскі сабор

У 787 годзе ў Нікеі сабраўся Другі Нікейскі сабор, які асудзіў ерась іканаборства. Жыціе паказвае, што Феафан браў удзел у Саборы, але імя яго не сустракаецца сярод ігуменаў і архімандрытаў, якія падпісалі дзеянні сабору. У супрацьлегласць студытам, ён займаў прымірэнчую пазіцыю патрыярха свяціцеля Тарасія ў рознагалоссях, выкліканых у Царкве скасаваннем шлюбу Канстанціна VI.

Смерць

Ва ўзросце 50 гадоў прападобны цяжка захварэў і да самай смерці пакутаваў. Пасля ўзыходжання на прастол імператара Льва V Армяніна, калі святы быў ужо глыбокім старцам, у 815 годзе аднавілася іканаборства. Імператар выклікаў Феафана ў Канстанцінопаль і прымушаў прыняць ерась, але святы цвёрда запрацівіўся гэтаму і быў пасаджаны ў вязніцу. Яго манастыр «Вялікае Сяло» быў спалены. Прабыўшы ў вязніцы 23 дні, прападобны спаведнік сканаў у 818 годзе.

Паводле іншых крыніц пасля гадавога зняволення прападобнага саслалі на в. Самафракію, дзе ён неўзабаве і памёр. Пасля смерці Льва Армяніна манастыр «Вялікае Сяло» быў адноўлены, і туды перанесены былі святыя мошчы спаведніка.

Хранаграфія

Адзінае сачыненне Феафана — «Хранаграфія» («Жыццяпісы візантыйскіх цароў») было складзена ім як працяг незакончанай сусветнай хронікі яго сябра Георгія Сінкела, па настойлівай просьбе апошняга. Хоць Феафан і падкрэслівае выпадковасць свайго звяртання да гісторыі (ён саступіў толькі просьбам паміраючага Георгія), ім створаны адзін з найбольш значных помнікаў візантыйскай гістарыяграфіі. Асабліва каштоўная «Хранаграфія» пры вывучэнні гісторыі Візантыі ў VII—VIII стст., пра якія да нашых дзён дайшло мала іншых сведчанняў. Апавяданне пачынаецца там, дзе спыніўся Георгій, — з 284 года, і даходзіць да 813 года. Сачыненне прэтэндуе на сусветны ахоп: Феафан піша пра падзеі, якія адбываліся ў персаў, арабаў і іншых народаў. Наступныя візантыйскія гісторыкі шмат у чым залежалі ад яе: «Хранаграфію» цытуе Сімяон Лагафет, вытрымкі з яе прыводзіў у трактаце «Пра кіраванне імперыяй» Канстанцін VII Парфірародны, абапіраліся на яе і іншыя летапісцы аж да Фёдара Скрутарыёта (XIII стагоддзе).

Аўтарства «Хранаграфіі» небясспрэчна. На стварэнне велізарнага па аб’ёме летапісу ў Феафана было толькі некалькі гадоў: з часу смерці Сінкела ў 813 да арышту ў 815/816 і ўласнай смерці ў 818. Нічога не гаворыцца пра летапісанне ў «Жыціі» прападобнага. Аднак менавіта Феафану Спаведніку прыпісваюць гэту працу Анастасій Бібліятэкар (810878), які перавёў «Хранаграфію» на латынь, і імператар Канстанцін Парфірародны (913959).

Зноскі

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (18):
Катэгорыя·Памерлі ў Грэцыі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Хрысціянскія святыя IX стагоддзя
Катэгорыя·Каталіцкія і праваслаўныя святыя
Катэгорыя·Гісторыкі Старажытнай Грэцыі
Катэгорыя·Гісторыкі IX стагоддзя
Катэгорыя·Святыя паводле алфавіта
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Канстанцінопалі (Візантыйская імперыя)
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Храністы
Катэгорыя·Старонкі з нелікавымі аргументамі formatnum
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 759 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Вызнаўцы
Катэгорыя·Гісторыкі Візантыі
Катэгорыя·Памерлі ў 818 годзе
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара