wd wp Пошук:

Мінская праўда

«Мінская праўда» — дзяржаўная газета Беларусі, заснаваная ў лістападзе 1950 года Камуністычнай партыяй як орган Савета дэпутатаў рабочых Мінскай вобласці. З 1995 года выступае адным з рупараў прапаганды рэжыму Лукашэнкі[be-tarask]. Сярод заснавальнікаў газеты — Мінскі аблвыканкам[ru].

На 2017 год выходзіла двойчы на тыдзень у сераду і суботу з тыднёвым накладам у 30 тыс. асобнікаў, які быў найбольшым сярод выданняў Мінскай вобласці. Падпісны індэкс у аддзелах УП «Белпошта»: 63923[2].

Гісторыя

1 лістапада 1950 года Бюро Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі зацвердзіла Пастанову аб заснаванні абласной газеты «Мінская праўда» у якасці органа Савета дэпутатаў рабочых Мінскай вобласці. Газета першапачаткова выходзіла на беларускай мове. З 1965 года рэдакцыя стала рыхтаваць для чытачоў у Мінску вячэрні выпуск газеты, на аснове якога ў 1967 годзе стварылі гарадскую газету «Вячэрні Мінск» (руск.: Вечерний Минск). У 1968—1972 гадах газета выдавала адмысловы выпуск пра будаванне Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. У большасці нумароў змяшчалі пастановы Выканаўчага камітэта Мінскай вобласці. Свае артыкулы ў газеце выдавалі дзяржаўныя дзеячы: старшыня Савета міністраў БССР Кірыл Мазураў (1953—1956), старшыні Мінскага аблвыканкама Дзмітрый Цябут (1964—1975) і Мікалай Сухі (1975—1983), 1-ы сакратар ЦК Кампартыі Беларусі Пётр Машэраў (1965—1980), старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Іван Палякоў (1977—1985), 1-ы сакратар Мінскага аблкама КПБ Уладзімір Мікуліч (1977—1985), старшыня Палаты прадстаўнікоў Беларусі Анатоль Малафееў (1996—2000) і член Савета Рэспублікі Нацсходу Беларусі Міхаіл Карчміт (1996—2004)[3].

З 1990 года газета пачала выходзіць і па-руску. З 2003 года газету сталі выдаваць у каляровым выглядзе з адмысловым выпускам «Моладзь Міншчыны». На 2012 год газета мела звыш 20 тэматычных дадаткаў. Выданне асвятляла пытанні аховы здароўя, адукацыі, жыллёвай гаспадаркі, заробкаў, пенсій і стыпендый, дзейнасці дзяржаўных органаў і органаў мясцовага самакіравання, захавання помнікаў і народных звычаяў, сямейных каштоўнасцей і ўжытку беларускай мовы[4].

У 2014 годзе цана месячнай падпіскі на газету складала 30 000 рублёў ($2,92). Наклад газеты «Мінская праўда» складаў 22 тыс. асобнікаў. Выходзілі тэматычныя выпускі: «Абсяг» пра ахову прыроды, «Працоўны саюз» і «Міліцэйскі патруль». Тыднёвы наклад складаў 45 тыс. асобнікаў пры выхадзе нумароў тройчы на тыдзень у аўторак, чацвер і суботу[5].

Галоўныя рэдактары

Абраза хрысціян, беларусаў і прапаганда нацызму

У час палітычнага крызісу, выкліканага фальсіфікацыяй вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, жорсткага разгону акцый пратэстаў, збіццём і катаваннем затрыманых пратэстоўцаў, Каталіцкі касцёл у Беларусі, які рашуча выступіў супраць гвалту, падвергся пераследу і атакоўваўся дзяржаўнай прапагандай. У нумары 68 ад 7 верасня 2021 года на першай старонцы газеты надрукавалі карыкатуру на каталіцкіх святароў і беларускую нацыянальную сімволіку, якой праілюстравалі анонс артыкула прапагандыста Льва Крыштаповіча «Што хвалюе ў Беларусі каталіцкіх дзеячаў і іх польскіх куратараў?» (руск.: «Что волнует в Беларуси католических деятелей и их польских кураторов?»). На малюнку выяўляюцца каталіцкія святары у характэрным адзенні, свастыка, бел-чырвона-белы сцяг і словы беларускага хрысціянскага гімна «Магутны Божа» на фоне перакручанай рэплікі абраза росіцкіх пакутнікаў — святароў, якія падчас Другой сусветнай вайны разам са сваімі вернікамі мужна прынялі смерць ад рук нацысцкіх карнікаў. Малюнак мае подпіс на рускай мове: «Мутация веры. Кресты бывают разные…». Пры гэтым іншы матэрыял на тытульнай старонцы мае назву, якая адсылае ў часы нацысцкай Германіі: «У чым меў рацыю Гебельс?» (руск.: «В чем был прав Геббельс?»). Беларускі каталіцкі касцёл даў афіцыйны адказ на гэтую публікацыю[6]:

Рымска-Каталіцкі Касцёл у Беларусі адназначна асуджае згаданую публікацыю і расцэньвае яе як распальванне варожасці ў беларускім грамадстве да Рымска-Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, асабліва да яго іерархаў і прэсвітараў. Гэтая публікацыя наносіць вялікую абразу рэлігійным пачуццям вернікаў Каталіцкага Касцёла. Публікацыя нясе маральную шкоду ўсім хрысціянам розных канфесій, таксама ўскосна абвінавачвае ўсё каталіцкае духавенства ў меркаванай прыхільнасці да фашызму і нацызму, што з’яўляецца свядомым і зламысным перакручваннем праўды, паклёпам і абразай».

Раней прэс-сакратар Беларускага каталіцкага касцёла айцец Юрый Санько адзначыў, што згаданая карыкатура зневажае хрысціянскі крыж, што абражае ўсіх хрысціян прапагандай нацысцкай сімволікі[7].

Зноскі

  1. Кантакты(руск.) , Газета «Мінская праўда» (2017). Праверана 13 лістапада 2017.
  2. Падпіска(руск.) , Газета «Мінская праўда» (22 верасня 2014). Праверана 13 лістапада 2017.
  3. Пра газету(руск.) , Газета «Мінская праўда» (2015). Праверана 13 лістапада 2017.
  4. Іван Стужка. Калі «МП» у вашым доме — усё пра Міншчыну вядома // Звязда : газета. — 12 чэрвеня 2012. — № 110 (27225). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  5. Рэклама(руск.) , Газета «Мінская праўда» (22 верасня 2014). Праверана 13 лістапада 2017.
  6. Беларускі Касцёл: «Публікацыя ў „Мінскай праўдзе“ нясе маральную шкоду хрысціянам розных канфесій», Радыё Свабода, 7 верасня 2021 г.
  7. Прадстаўнік Беларускага касцёла пра публікацыю ў дзяржаўнай газеце: «Плюнулі ў твар мільёнам каталікаў», Радыё Свабода, 7 верасня 2021 г.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (11):
Катэгорыя·Газеты паводле алфавіта
Катэгорыя·З’явіліся ў 1950 годзе
Катэгорыя·Друкаваныя выданні, якія ўзніклі ў 1950 годзе
Катэгорыя·Газеты на рускай мове
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Невызначаная мова для газеты
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Катэгорыя·Газеты Беларусі
Катэгорыя·Рэлігійныя скандалы
Катэгорыя·Газеты на беларускай мове
Катэгорыя·Вікіпедыя·Газеты без геаграфічных каардынат